мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №199-202    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

26.11.2010

ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 18 шлюбаў, зроблены 6 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Аляксею Тумановічу, Максіму Давыдоўскаму, Злаце Ясевіч, Дар'і Яўсейчык, Юліі Прывалавай, Ліі Пупарэвіч, Арцёму Чарняўскаму, Максіму Саятэвічу і Валерыі Бець.

Зямны шлях закончыўся для 17 чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Задвор'і. У жыхара вёскі агонь пашкодзіў амаль новую лазню. Прычына пажару - няправільнае ўстройства печы.

Міліцыяй узбуджана 10 крымінальных спраў. Нецвярозы стаўбчанін збіў свайго непаўналетняга сына. Невядомы выкраў акумулятары з экскаватара і міні-пагрузчыка, якія знаходзіліся на ўчастку газаправода паблізу вёскі Дразды. Грамадзянін выкраў матэрыяльныя каштоўнасці з гандлёвага павільёна.

Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па 2 фактах вытворчай траўмы: няпоўнай траўматычнай ампутацыі лакцявой фалангі пальцаў рукі, атрыманай жыхаром Стоўбцаў, які працуе на філіяле маторнага завода, і пералому касцей голені жыхаром вёскі Ніўнае на рабочым месцы  - у Стаўбцоўскім ПМС. Для ўзбуджэння крымінальнай справы ў райаддзел міліцыі накіраваны матэрыял па факту незаконнай высечкі дрэваў на тэрыторыі СТАА "Белсервисснаб". Пракуратурай разгледжаны 4 звароты, у суд накіраваны 2 іскавыя заявы аб спагнанні сродкаў на карысць дзяржаўнай установы, а таксама 3 крымінальныя справы ў адносінах да 3 асоб. 

 Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выяўлены 4 выпадкі незаконнай высечкі драўніны сасны і бярозы, учыненыя жыхарамі вёскі Ніўнае і мінчанамі, дачныя ўчасткі якіх знаходзяцца паблізу Бярозаўкі. На чатырох парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства складзены адміністрацыйныя пратаколы, ім неабходна выплаціць нанесеныя страты і кожнаму заплаціць штраф у памеры 35 тысяч рублёў.

Суд аштрафаваў за самаўпраўства 23-гадовую жыхарку Апечак. На 15 сутак арыштавана 42-гадовая жыхарка Наваколасава, якая па павестцы не з'явілася ў суд. 71-гадовы жыхар Вечатарова захоўваў у сябе дома 350 бутэлек віна і рэалізоўваў іх, за што аштрафаваны на 525 тысяч рублёў (у яго канфіскаваны і вінныя запасы). 21-гадовы стаўбчанін прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах пасялення і на 5 гадоў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам за ўчыненую аварыю: праязджаючы каля гаспадарчага магазіна, ён быў у нецвярозым стане, рухаўся з хуткасцю 80 км/гадз., у выніку чаго не справіўся з кіраваннем і ўчыніў наезд на пешахода. Апошні атрымаў цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця.   

ДАІ выявіла 169 парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 9 бяспраўных і 6 п'яных вадзіцеляў (адзін з іх - трактарыст сельгаскааператыва "Рубяжэвічы"), 3 нецвярозыя пешаходы. Здарылася 15 дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 197 разоў, у прыватнасці 11 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненем. Два выклікі медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ