мобильная версия
Прамень

Мама – вышэйшы аўтарытэт

Нумар - №203-204    Рубрыка - Сям’я

30.11.2010

Фотография 1

За некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Стоўбцаў, воддаль ад ажыўленых дарог жыве Рэгіна Мар'янаўна Кажушка - матуля, якая нарадзіла і выхавала чацвярых дзяцей.

Абодва яе сыны, Генадзь і Казімір, выбралі прафесію лесавода. Генадзь шчыруе ляснічым у Прудскім лясніцтве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, а Казімір - намеснікам міністра лясной гаспадаркі рэспублікі.

Дачушка, сынок, дачушка, сынок... Некалі нараджаліся дзеці ў Рэгіны Мар'янаўны іменна такім парадкам, нібыта па заказу... Ірына, Казік, Тэрэза, Гена - называе матуля іх імёны, як некалі клікала ў дзяцінстве, як заве іх цяпер. Усе дзеці ў сям'і жаданыя і любімыя. "Гена, самы малодшы, з'явіўся ў мяне позна, калі меншай дачцэ споўнілася 11", -  прыгадвае мая субяседніца. 

З чацвярых дзяцей Кажушкаў трое выляцелі з бацькоўскага гнязда і аселі хто дзе, а Генадзь, "позняе" дзіця, застаўся пры бацьках, як гэта вадзілася ў старыну. Маці вельмі прасіла яго: "Бяры жонку мясцовую, каб далёка не заехаў ад роднай хаты". Так, як хацела матуля, насамрэч спраўдзілася. Выбранніца Генадзя -  Ірына, лічы, з суседняй вёскі і, дарэчы, з сям'і, дзе таксама было дзяцей багата -  трое. Згулялі вяселле, і сын прывёў жыць каханую ў бацькоўскі дом. 

Так здарылася, што рана пайшоў з жыцця муж Рэгіны Мар'янаўны - 15 гадоў яна ўдава. І іменна ў сям'і свайго чацвёртага сына матуля сустрэла старасць і, шчаслівая, вякуе ў сваёй хаце не ў адзіноце, а побач з унукамі.

Былі прыемна здзіўлены, калі даведаліся, што Генадзь і яго жонка не абмежаваліся, як большасць сучасных сем'яў, адным-двума дзецьмі, а парадавалі матулю траіма ўнукамі.Старэйшай Віке - 13, сярэдняй Аліне - 9 і малодшаму Уладзіку - 6 гадкоў. А ўсіх унукаў у бабулі Рэгіны - 10!  "Тыя далёка, звоняць, у госці прыязджаюць, а гэтыя, выходзіць, самыя блізкія".  

Даўно немаладая матуля ходзіць па хаце з кіёчкам, ногі падводзяць. Але вочы яе маладыя - усміхаюцца, не тужаць... Пакуль мы размаўляем, жаданні і рухі яе апярэджвае далікатная нявестка. Ірына працуе выхавацелем у школе. Неўзабаве прыбягуць са школы і ўнукі - бязмежная бабуліна радасць.

- Віка мяне ратуе. Ціск памерае, ведае, калі што, якую таблетку даць. Такая самастойная і спраўная дзяўчынка! Я ж некалі, як магла, дапамагала яе гадаваць, - душы не чуе бабуля ў сваёй юнай памочніцы. Як бальзам на сэрца бабулі і наступнае: - Сын, нявестка адыходзяць на работу ці толькі вяртаюцца з яе - адразу да мяне. Як я там, як маё самаадчуванне?.. У хаце, агародзе нічога не раблю - усё яны, дзеці".

Бадай, асноўны клопат Рэгіны Мар'янаўны цяпер - адказваць на тэлефонныя званкі. Штодзень звоніць ёй дачка Тэрэза, якая жыве ў вёсцы Дзераўная. Раз на тыдзень абавязкова знаходзіць магчымасць і наведваецца да яе сын Казімір з Мінска. "Не мінае маю хату, хоць на 10 мінут, але заскочыць", - як дзіця, радуецца матуля за свайго  Казіка  і бядуе аб яго вечнай занятасці. Ды і дачка Ірына, якую лёс закінуў у замежжа, няхай і бліжняе  -  у Калінінград, бывае ў маці часцей, чым раз на год.       

Усё сваё жыццё Рэгіна Кажушка жыве на Стаўбцоўшчыне, у вёсачцы на адну вуліцу з назвай Ругаец. У 20 гадоў пайшла замуж, і сюды, на сваю радзіму, перацягнула і мужа. Вікенцій быў са стаўбцоўскай вёскі Навікі. Калі маладыя пазнаёміліся, ён працаваў у Мінску на трактарным заводзе. Каля года маладая сям'я пражыла ў сталіцы. Але калі Рэгіна зацяжарыла першынцам, вярнуліся ў Ругаец і сталі будавацца акурат па суседству з бацькоўскім домам.

"Я да мамы хацела бліжэй…"  - успамінае сваю маладосць Рэгіна Мар'янаўна. Так, яе мама была для яе самым блізкім чалавекам. Яна -  самы родны чалавек для сваіх дзяцей. Чатыры іх жыцці ўмясціліся ў адным вялікім мацярынскім сэрцы.  

На жаль, сёння большасць блізкіх Рэгіны Кажушка ляжаць на мясцовых могілках. Увогуле людзей у вёсцы засталося няшмат. Усё неабходнае прывозіць у Ругаец аўталаўка…    

Бабуля, здаецца, памаладзела, калі стала ўспамінаць, расказваць пра сваю сям'ю - тую, дружную, працавітую, дзе быў жывы яе муж, якога яна не можа забыць, дзе сваволілі чацвёра гарэзаў, надта ж ахвочых да маміных бліноў.

- Казік пайшоў у школу ў 6 гадоў, - слухаем аповед маці. - Пачатковая школа была ў нас праз дарогу. Вучыўся на выдатна. Гуляў з суседскім хлопцам. Хораша дружылі... Тады ж цацак не было, рэйкі пабяруць і "ездзяць" цэлы дзень.   Садзіка ў вёсцы не было. Пакідала іх на сваю маму. Сама рабіла паляводам у калгасе, хаця і хваравітая была. Муж даглядаў у калгасе жывёлу. Стараліся. Ён і хату пабудаваў. І лазня, і прыбудоўкі - усё яго рукамі. Мы гэтак хораша пражылі з ім... Амаль 40 гадоў былі разам. Ніколі не чула дрэннага слова ад яго. Усе любілі яго - і сыны, і дочкі. Гэта быў бацька для дзяцей! Дзяцей ён вельмі любіў. Сам некалі вырас сіратою… Я кожны дзень плачу - такі ён быў харошы… Дзеці нам ва ўсім дапамагалі. Па гаспадарцы, буракі палолі ў полі. За восень мы здавалі па 100 тон буракоў! У вёсцы людзі кажуць мне: "У цябе добрыя дзеці". Нічога не хачу сказаць на сваіх дзяцей. Усе яны мяне на  Вы называюць...

Напрыканцы лістапада ў хаце Рэгіны Мар'янаўны сабралася  ўся яе вялікая сям'я. Адусюль прыехалі  дзеці, унукі, каб павіншаваць маму і бабулю з 76-годдзем. Стол у яе хаце, здаецца, вялікі, але і гасцей збіраецца багата. Як заўсёды, ёй першай прапануюць месца за сталом. "У гэты момант я вельмі рада, што мяне помняць і паважаюць мае дзеці". І гэта, напэўна, - самае важнае  для любой матулі.

Для яе ўдзячныя дзеці вязуць падарункі ды розныя прысмакі, а яна найбольш любіць самае звычайнае - бульбачку з малаком. У яе душы працягвае жыць шчырая беларуская працаўніца. Матуля перадала ў спадчыну сваім дзецям не толькі знешняе падабенства, а і такія рысы характару як сціпласць, памяркоўнасць, заўзятасць у працы.

НА ЗДЫМКУ: шматдзетную маці Рэгіну Мар'янаўну Кажушка віншуе з Днём маці яе нявестка Ірына.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ