Падзеі і здарэнні
Нумар - №205-207 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
03.12.2010
ЗАГСам зарэгістраваны 2 шлюбы, зроблены 3 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены трынаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Караліне Аляшкевіч, Еве Раманчук, Кірылу Райко, Глебу Котлеру, Арцёму Гаўрыку, Паўлу Лапко, Марыі Вяршэня, Яраславу Барысенку, Дар'і Філатавай, Данілу Рыб'якову, Сяргею Ясючэню, Леаніду Клімашу і Ганне Татарыцкай.
Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў жылым доме ў вёсцы Ждановічы (Засульскі сельсавет). Агнём пашкоджана гарышча дома на плошчы 18 м2. Папярэдняя прычына няшчасця - парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення.
Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да непаўналетняга: з групай падлеткаў, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, ён выкраў грошы з жылога дома ў вёсцы Падлессе. У Стоўбцах невядомы вынес бензінавы генератар з дома, які будуецца. У жыхара вёскі Цеснавая прапалі электраінструменты і аўтамагнітола. Зламыснік адкрыта зняў каўпакі з пярэдніх колаў аўтамабіля, прыпаркаванага на аўтастаянцы паблізу магазіна "Сустрэча" па вул. Сацыялістычнай у Стоўбцах. Абрабаваны два дачныя дамы - у садовых таварыствах "Харчавік" (паблізу в. Бярозаўка) і "Медык-03" (непадалёку ад Засулля).
Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па двух фактах: выяўлення скелеціраваных рэшткаў у вёсцы Мікалаеўшчына і дастаўлення ў цэнтральную раённую бальніцу жыхаркі Стоўбцаў з дыягназам - атручэнне таблеткамі. Разгледжаны 1 зварот. У суд заяўлены 2 іскавыя заявы ў інтарэсах раённага вузла электрасувязі аб спагнанні сродкаў за карыстанне паслугамі электрасувязі і накіраваны 12 крымінальных спраў у адносінах да 15 асоб.
Суд асудзіў да 1 года пазбаўлення волі 44-гадовага жыхара вёскі Сцяцкі: гора-бацька ўхіляўся ад кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне яго непаўналетняй дачкі ў дзяржаўнай установе. За няўплату аліментаў на карысць сына і дачкі, якіх выхоўвае бацька, прыгаворана да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову 31-гадовая жыхарка вёскі Любкаўшчына. Пакаранне ў выглядзе 1,5 года выпраўленчых работ з 5-гадовым пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі вынесена 49-гадоваму жыхару Варнавугла: мужчына ехаў на скутары без пасведчання і ў стане алкагольнага ап'янення. За недакладныя даныя, унесеныя ў статыстычную справаздачнасць, аштрафаваны на 700 тысяч рублёў дырэктар аднаго з камерцыйных прадпрыемстваў у Стоўбцах. Самаўпраўства, а іменна - спілоўванне 4 яблынь і бярозы на ўчастку ў суседа, абярнулася для жыхара вёскі Куль штрафам у 70 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 171 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 5 п'яных і 8 бяспраўных вадзіцеляў, на праезджай частцы знаходзіліся 2 п'яныя пешаходы.
"Хуткая" выязджала да хворых 224 разы, у прыватнасці, 13 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Быў выклік і да наркатычназалежнай асобы. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






