мобильная версия
Прамень

Участковы – дэпутат сельскага Савета

Нумар - №205-207    Рубрыка - Калонка дэпутата

03.12.2010

Другое скліканне запар людзі выбіраюць  дэпутатам Хатаўскога сельскага Савета свайго ўчастковага інспектара Руслана Пазняка. А выбарчы ўчастак яго - вёска Хатава.

Як дэпутат і ўчастковы ён ведае ў Хатаве кожнага жыхара, кожную сям'ю. І яго тут добра ведаюць, бо нарадзіўся і жыве ў гэтых мясцінах - у Дзераўной. Давер прадстаўляць іх інтарэсы ў мясцовым органе ўлады -  гэта вялікая адказнасць, аказаная маладому чалавеку.

- У сельскіх жыхароў  свой, асаблівы менталітэт, - дзеліцца дэпутат і ўчастковы інспектар раённага аддзела ўнутраных спраў Руслан Пазняк (яго служба ў органах пачалася ў 1999 годзе, а з 2001-га ён прызначаны абслугоўваць Хатаўскі сельсавет). - У пераважнай большасці людзі ў Хатаве памяркоўныя, працалюбівыя. Закаранелыя гаспадары. Спагадлівыя - сусед дапамагае суседу. З 224 чалавек палову складаюць людзі пенсійнага ўзросту. 26 з іх - адзінокія. Мне прыемна, што ў бягучым годзе на маім выбарчым участку не зафіксавана злачынстваў, не выяўлена правапарушэнняў. Заслуга ў гэтым і саміх вяскоўцаў. З імі ў мяне наладжаны самы цесны кантакт. Многае з таго, аб чым яны мне расказваюць, што давяраюць, дапамагае ў далейшым папярэдзіць супрацьпраўныя дзеянні.

- Вашу дэпутацкую дзейнасць нельга адарваць ад прафесійнай, і наадварот. Напэўна, людзі ідуць да вас за абаронай сваіх правоў, каб атрымаць прававую падтрымку, і хоць вы даводзіцеся большасці вяскоўцаў-пенсіянераў па ўзросту сынам ці ўнукам, яны чакаюць ад вас разумнай жыццёвай парады?

- Сапраўды так. Участковы-дэпутат выступае рэгулятарам прававых адносін. Часта з-за аддаленасці вёскі, па іншых прычынах прыходзіцца браць на сябе абавязкі розных службаў і структур, каб патушыць канфліктную сітуацыю або спыніць парушэнне грамадскага парадку. Кожную другую сераду месяца ў мяне прыём выбаршчыкаў. Часцей атрымліваецца, што іду да іх сам, не чакаючы дня прыёму. Зрабіў для сябе выснову: большасць сваіх жыццёвых пытанняў хатаўчане, у характары якіх ёсць такая рыса як самадастатковасць, імкнуцца вырашаць самастойна, не перакладваючы іх на нечыя плечы.

- На думку маладога дэпутата, чым адметная сёння вёска Хатава, чым яна жыве?

- Вёска Хатава не старэе, хаця і мае "пенсійны" ўзрост. Тут шмат дачнікаў. Працуюць клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, магазін. Ажыў і будынак, дзе раней быў комплексны прыёмны пункт. У ім размясцілася камерцыйная гандлёвая кропка. У клубе праходзяць маладзёжныя дыскатэкі. Як правіла, без эксцэсаў, пад кантролем.

Хатава - чысты і прыгожы населены пункт. Большасць вяскоўцаў разумее, што гэта іх клопат, таму без напамінку наводзіць парадак у сваіх дварах, на прыдомавай тэрыторыі. Па пытаннях добраўпарадкавання ў нас пастаянныя, сумесныя з сельскім Саветам, рэйды. Пры неабходнасці дастаткова выдаць парушальніку прадпісанне.

- Як рэагуюць на іх хатаўчане?

- Нармальна, адэкватна. Недалёка ад Хатавы, у Хатоўцы, зарэгістраваны прыватны аб'ект аграэкатурызму. Магу засведчыць, што практычна ў кожнага з хатаўчан свой аграэкатурызм у двары. Ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца.

- На чым вы, дэпутат сельскага Савета, хацелі б акцэнтаваць увагу? Над чым трэба працаваць?

- З людзьмі пастаянна вядзецца прафілактычная работа па захаванасці маёмасці, недапушчэнні крадзяжоў з іх домаўладанняў, своечасовым інфармаванні РАУС у выпадку з'яўлення ў вёсцы асоб цыганскай нацыянальнасці. Актыўна працуем з асобамі, схільнымі да ўжывання спіртнога. На ўліку ў Хатаве ёсць абавязаная асоба. Жанчына гэта пражывае з састарэлай маці, па Дэкрэту № 18 яна пагашае запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне яе непаўналетніх дзяцей. Дзеці ўжо выраслі, а доўг застаўся. Сёння яна працаўладкавана ў СВК "Хотава" паляводам, штодзённа вядзецца кантроль за выхадам яе на працу. Сур'ёзнае пытанне - стан пячнога ацяплення ў дамах вяскоўцаў. Парушэнні ёсць. Домаўладальнікам указваем спосабы іх ухілення. Людзі прыслухоўваюцца.

Што пералічваць?.. Усе актуальныя пытанні абмяркоўваем разам на сельскіх сходах.

Аліна ЯНЧУР, вучаніца 11 класа школы № 2 г. Стоўбцы