ЗІМА ПРЫЙШЛА Ў ПАНЯДЗЕЛАК
Нумар - №205-207 Рубрыка - Надвор’е на Стаўбцоўшчыне
03.12.2010
ЗІМА ПРЫЙШЛА Ў ПАНЯДЗЕЛАК
У панядзелак, 29 лістапада, на Стаўбцоўшчыне стаяў марозік да 10 градусаў, і бліжэй да абеду выпаў першы мяккі снег. Амаль адразу зіма ўсчалася з сур'ёзнай завірухі. На вачах адбывалася рэзкая змена пары года. Літаральна да вечара на дарогах з'явілася снежнае покрыва ў 20, а месцамі і больш, сантыметраў. І ў аўторак, і наступныя дні тыдня сёлетняя зіма настойліва заяўляла пра сябе адпаведным характарам надвор'я.
- Надзвычайных здарэнняў не зафіксавана, няма перабояў з электразабеспячэннем, ніхто не пацярпеў ад сцюжы, - адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Карповіч. - Але, улічваючы рэзкі характар надвор'я, у сераду сабралася на пазачарговае пасяджэнне раённая камісія па надзвычайных сітуацыях.
Нягледзячы на загадзя праведзеныя да зімы падрыхтоўчыя мерапрыемствы, апошні панядзелак лістапада стаў для многіх службаў раёна сапраўдным выпрабаваннем.
У ДАРОЖНІКАЎ - КРУГЛАСУТАЧНЫ КАНТРОЛЬ
У аўторак дарожнікі філіяла КУП "Мінскаблдарбуд" - "ДРБУ № 135" пачалі працу на дарогах у 04.30. Выйшлі 6 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі (трактароў), 4 аўтагрэйдары, прычапны аўтагрэйдар і 4 "МАЗы" з адваламі, якія адначасова чысцілі і пасыпалі дарожнае палатно. Яшчэ частка тэхнікі знаходзілася ў запасе, на так званым дзяжурстве.
- У першую чаргу чысцім дарогі з аўтобуснымі маршрутамі, каб забяспечыць праезды, - падкрэсліў кіраўнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям'янка. - На чарзе - астатнія дарогі і вуліцы сельскіх населеных пунктаў. Тэхнікі ў нас дастаткова, назапашана 5,5 тысячы тон пясчана-салянай сумесі на ўчастках у Стоўбцах, Дзераўной і Рубяжэвічах. Запас паліва вагаецца ад 5 да 10 тон. Мінімальна яго хопіць на 4 дні інтэнсіўнай, як цяпер, работы. Адзіная праблема, якая можа ўзнікнуць, - з расчысткай сельскіх вуліц, перададзеных на наш баланс без адпаведнага фінансавання ў гэтым годзе.
Дарожнікі працуюць у напружаным рэжыме і ў цесным кантакце з аддзяленнем ДАІ, нарады якога патрулююць дарогі. Адначасова з аўральнай расчысткай дарог вядзецца таксама ўстаноўка снегазатрымліваючых шчытоў і высечка дрэў, якія адмоўна ўплываюць на бяспеку дарожнага руху. У арганізацыі наладжана кругласутачнае дзяжурства тэхнікі, а таксама адказнага інжынернага работніка.
У КАМУНАЛЬНІКАЎ ІДУЦЬ У ХОД І РЫДЛЁЎКІ
Не менш клопатаў зіма дадала і камунальнікам раёна. З 04.30 і да позняга вечара вядзецца гэтымі днямі ўборка вуліц, пешаходных дарожак і аўтобусных прыпынкаў. "У барацьбе са снегам задзейнічаны 5 адзінак тэхнікі - трактары, аўтамабіль "МАЗ", пагрузчык, грэйдар і адмысловы маленькі трактар для ачысткі прыпынкаў і тратуараў," - падлічвае тэхнічныя рэсурсы прадпрыемства дырэктар аб'яднання камунальных службаў Віктар Шкляр.
На самым пачатку зімы запатрабаванымі аказаліся і звычайныя рыдлёўкі. Пераважна ўручную ачышчаюцца прыдомавыя тэрыторыі і вузкія тратуары, куды не можа пад'ехаць тэхніка. На прыдомавых тэрыторыях працуюць штодзень 16 чалавек на чале з майстрам Міхаілам Суднікам. У горадзе вуліцы і тратуары чысцяць 15 работнікаў майстарскага ўчастка Валерыя Красоўскага. Яшчэ 17 камунальных работнікаў шчыруюць у Наваколасаве і Дзераўной.
Снегу выпала багата, таму першачарговая задача - расчысціць праезды. А ўжо потым вялася расчыстка вуліц да абочын і іх пасыпка ад галалёду. У гэтай сітуацыі варта разумець, і на гэтым акцэнтуюць увагу камунальнікі, што расчысціць усе вуліцы горада за некалькі гадзін немагчыма. Чысцяцца ў першую чаргу цэнтральныя вуліцы, астатнія - далей па чарзе згодна з пералікам, узгодненым з раённым выканаўчым камітэтам.
У АЎТАПАРКУ ЗІМЫ НЕ БАЯЦЦА
У першы дзень зімы не абышлося без збояў у рабоце пасажырскага аўтобуснага руху. У аўторак пасажыраў на аўтобусных прыпынках было шмат, бо ў іх рады рэзка прымкнулі многія аўтааматары, напалоханыя перамеценымі дарогамі.
"Збоі былі ў асноўным па тэхнічных прычынах", - зазначае дырэктар аўтапарка Іван Бычкевіч.
Але на зладжаную работу аўтапарка № 17 паўплывала не столькі зіма з марозам і снегападамі, колькі неразлікі кліентаў. Па гэтай прычыне ёсць праблемы з набыццём паліва і неабходных запасных частак да аўтобусаў. "Шукаем грошы, дэбіторская запазычанасць складае 700 мільёнаў рублёў, - патлумачыў дырэктар. - Спадзяёмся вырашыць гэтыя пытанні. Да зімы падрыхтаваліся, у заўтрашні дзень глядзім з надзеяй".
У ДАІ - ПЛАН "НАДВОР'Е"
У панядзелак у сувязі з пагаршэннем пагодных умоў аддзяленне ДАІ тэрмінова ўвяло план "Надвор'е". На дарогах раёна працавалі адразу 4 дарожныя патрулі - у два разы больш, чым у звычайны дзень.
Нягледзячы на гэта, з абеду і да вечара ў панядзелак, пакуль актыўна мяло, адбыліся 4 дарожна-транспартныя здарэнні. У Новым Свержані адзін з вадзіцеляў не справіўся з кіраваннем і ўехаў у бетонны плот, з месца аварыі ўцёк. У трох астатніх выпадках - вадзіцелі не раз'ехаліся, іх аўто атрымалі механічныя пашкоджанні. Страхоўка была ў тых вадзіцеляў і аўтааматараў, транспартныя сродкі якіх мелі зімовыя шыны.






