Паўвека разам па жыцці
Нумар - №208-209 Рубрыка - Сям’я
07.12.2010

У мінулую суботу Ніна Лазараўна і Мікалай Міхайлавіч Лябедзькі з вёскі Савоні адсвяткавалі сваё залатое вяселле. Прыехалі дзеці, унукі, праўнукі, прыйшлі родныя, суседзі, сябры - набралася поўная хата гасцей. Расчуленых юбіляраў прыехалі павіншаваць намеснік старшыні сельгаскааператыва Людміла Калішэвіч і старшыня прафкама Ганна Новік, якія ўручылі ім кветкі і падарункі з пажаданнямі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Гуляла, кружыла вяселле, а ў памяці цяпер ужо пажылых людзей, пэўна, прыгадваліся падзеі той пяцідзесяцігадовай даўніны. Пазнаёміліся Ніна і Міхаіл на рабоце, працавалі абое на будаўніцтве абагачальнага завода: ён - цесляром, яна - бетоншчыцай. Закахаліся адзін у аднаго. На вяселле да маладых, жылі яны тады ў горадзе Рудны Кустанайскай вобласці, прыехалі толькі бацькі Ніны, якія пражывалі непадалёку, бо для маці Мікалая тая далёкая дарога даўжынёю тры з паловай тысячы кіламетраў была проста неадольнай. Сабраліся калегі па рабоце, знаёмыя, усіх пятнаццаць чалавек. І зрабілі невялічкі вечар.
Дзесяць гадоў сям'я жыла ў Казахстане. Нарадзіліся трое дзетак. Так склаліся абставіны, што вымушаны былі вярнуцца на радзіму мужа. Як толькі прыехалі, купілі хату.
- Грошы ў нас былі, бо прадалі там жыллё і ўсю хатнюю гаспадарку, - расказвае Ніна Лазараўна, - трымалі дзвюх кароў, цялят, авечак, курэй, качак, гусей. Як прыехалі сюды, то і тут адразу ж завялі жыўнасць, быў у нас і конь.
Мікалай Міхайлавіч завіхаўся ў гаспадарцы трактарыстам, а Ніна Лазараўна на ферме - аператарам па адкорму буйной рагатай жывёлы. Людзі яны працавітыя, і іх шчырая праца была неаднаразова адзначана. Атрымлівалі граматы і прэміі, іх фотаздымкі змяшчаліся на Дошку гонару гаспадаркі. Асаблівых поспехаў у рабоце дасягала Ніна Лазараўна, штодзённыя прыбаўленні ў вазе бычкоў складалі больш за кілаграм. І ў 1984 годзе за свае намаганні яна была ўзнагароджана бронзавым медалём ВДНГ СССР.
- Працаваць я пайшла з пятнаццаці гадоў, пачынала рабочай на цагельным заводзе, - гаворыць Ніна Лазараўна, - акрамя мяне ў сям'і было яшчэ дзве сястры. Жылі няблага, але аднойчы здарылася бяда: наша вёска Крынка, што ў Асіповіцкім раёне, успыхнула агнём і згарэла разам з нашай 51 хата. Так у адначассе мы пазбавіліся жылля. І бацькі вымушаны былі паехаць па вярбоўцы ў Казахстан. Адна мая сястра і зараз жыве там, прыязджае да мяне ў госці. Паехала б і я да яе, паглядзела б як там зараз людзі жывуць, але не магу, бо адолелі хваробы.
Апошнім часам Ніна Лазараўна дрэнна бачыць і ходзіць з палачкай. Ужо колькі гадоў, як хварэе на цукровы дыябет. Завіхаецца па хатняй гаспадарцы муж.
- Ён у мяне малайчына, навучыўся ўсю жаночую работу рабіць, - расказвае жанчына, - і ежу варыць. А некалі мне прыходзілася браць увесь цяжар клопатаў на свае плечы, бо з ранку да позняга вечара Мікалай прападаў на рабоце - то пасяўная, то ўборачная і зноў пасяўная. Я гэта разумела, таму канфліктаў у нас ніколі не ўзнікала. Нельга сказаць, што пражыўшы паўвека, ні разу не пасварыліся. Усякае было, але разумелі, што ў нас дзеці, таму мы павінны іх вырасціць і ўладкаваць у дарослым жыцці.
- Пражылі мы сваё сямейнае жыццё ў згодзе, няма чаго скардзіцца, - дадае Мікалай Міхайлавіч, - дай Бог кожнаму, дом маем добры, чацвёра дзяцей нарадзілі і вырасцілі, якія вельмі нас паважаюць, шкадуюць.
Мікалай Лябедзька не толькі добры гаспадар, але і майстар неблагі, усё робіць сваімі рукамі. Прыбудаваў да невялікай хаты яшчэ палову, цяпер ёсць дзе разгуляцца - шэсць пакояў налічваецца, не лічачы кухні і пярэдняй. Калі прыязджаюць дзеці з сем'ямі, то ўсім хапае месца.
Толькі вось не абмінула іх хату няшчасце, вялікая бяда здарылася. Да гэтага часу невыносным болем адгукаецца ў сэрцы бацькоў гібель у аварыі сына Міхаіла. Дваццаць два гады назад гэта здарылася, было яму тады столькі ж, нават ажаніцца не паспеў. Гавораць, што час лечыць, але пры ўпамінанні аб той трагедыі на вочы Ніны Лазараўны набягаюць слёзы, пачынае дрыжэць голас. Не загойваецца матчына рана. Адводзіць позірк і бацька, гледзячы на фотаздымак сына. Быццам бы ўчора гэта было. Не змірыліся яны са стратаю, але жыццё працягваецца. Адаграваюцца іх душы, калі наведваюцца дзеці. Старэйшая дачка Вольга жыве ў Мачулішчах, сын Сяргей недалёка ад маці у Савонях, а малодшая Алена, якая нарадзілася ў Беларусі, - у сталіцы. Бацькі ганарацца сваімі дзецьмі, яны прыязджаюць часта і ва ўсім дапамагаюць.
- Як прыедуць, то адразу ж пытаюцца ў бацькі, што трэба зрабіць, перадзяваюцца і - за работу, - гаворыць Ніна Лазараўна, - і рамонт нам зрабілі ў хаце, і агарод дапамагаюць садзіць і ўбіраць. Аленка кветак навезла розных, і ў доме, паглядзіце колькі, і ля хаты многа насаджвае - летам і восенню хораша цвітуць. Яна ў нас і вяжа. Купіла нядаўна машыну, атрымала вадзіцельскае пасведчанне.
Падчас нашай размовы адазваўся мабільны тэлефон, якраз званіла Алена, каб запытацца ў маці, як яе здароўе (Ніна Лазараўна нядаўна ляжала ў бальніцы).
- Нічога, дачушка, мне крышку лепш, - адказала на званок маці, - прыехалі да нас з рэдакцыі, хочуць напісаць і сфатаграфаваць.
На што з трубкі данёсся голас Алены, якая параіла: "Мама, абавязкова надзень сваю блакітную сукенку". І Ніна Лазараўна прыслухалася да парады.
- Гэта яе тэлефон, - сказала, паказваючы на трубку, - дала мне, каб у бальніцу да мяне можна было тэлефанаваць. На першы погляд рэч і непатрэбная, бо ў нас ёсць правадны, але зручная, можна заўсёды набраць і пагутарыць у любы час сутак.
Сёлета Ніне Лазараўне споўнілася 70 гадоў, а Мікалаю Міхайлавічу круглую дату адзначалі летась. Дзядуля, акрамя таго, што ўпраўляецца па хатняй гаспадарцы, яшчэ навучыўся вязаць кошыкі, якія карыстаюцца сярод сяльчан неблагім попытам. Маленькія бяруць пасху свянціць, а вялікія - бульбу капаць. А яшчэ ён вяжа венікі, за што атрымлівае ў сельгаскааператыве невялічкую зарплату. Усё ж невялікае падспор'е, каб праўнукаў пабалаваць ласункамі рознымі.
- І я пакуль зрок быў добры не сядзела проста так, - даводзіць бабуля, - воўну ўручную прала, бо трымалі авечак, крышку вязала, бо не вялікі майстар, ды і часу асабліва не было, бо гаспадарку вяла. У агародзе многа чаго садзілі, адных толькі клубніц збіралі з участка па 40 вёдраў, а цяпер вось звялі. Дарэчы, добра ўрадзілі сёлета агуркі, 130 гарбузоў пасеялі для свіней, а для сябе семкі выбралі. Цыбулі многа нарасцілі.
Цяжка ўсведамляць жанчыне, што не можа яна цяпер нічым дапамагчы, бо не гультайкаю была, а прывыкла многа працаваць. І рабіла добрасумлена, па-гаспадарску, таму і вынікі высокія мела. І пенсію добрую зарабіла, бо зарплата была ёмкая. Сцвярджае, што ні адзін з трактарыстаў у кааператыве не мае такой.
- Трэба было рупіцца, бо дзеці раслі, вучыліся, - разважае жанчына, - думала, пайду на пенсію, то будзе больш вольнага часу, змагу ездзіць усюды, а атрымалася зусім наадварот. Але ні аб чым не шкадую, галоўнае, што дзеці выраслі добрыя, працавітыя. І гэта самая высокая для нас узнагарода ў жыцці.
І сапраўды, за такіх дзяцей, як ў Лябедзькаў, можна толькі радавацца. На залатое вяселле яны засыпалі сваіх любімых бацькоў кветкамі і падарункамі. Віншавалі залатых юбіляраў таксама ўнук, тры ўнучкі і двое праўнукаў.






