Успомнім і параўнаем
Нумар - №216-218 Рубрыка - Калонка дэпутата
17.12.2010

Сёння на самых розных узроўнях ідзе абмеркаванне таго, як мы жывём, чаго дабіліся, чаго не зрабілі, хаця маглі, дзе і якія магчымасці не скарысталі і як будзем жыць далей, якім шляхам ісці. Такі падыход быў характэрны і для Усебеларускага народнага форуму, які праходзіў нядаўна ў Мінску. Яго ўдзельнікі актыўна абмяркоўвалі стан і перспектывы жыцця грамадства, выкрывалі вузкія месцы і недапрацоўкі, уносілі свае прапановы.
Іншы раз, дзеля таго каб ацаніць тое, што маем, варта аглянуцца назад, успомніць з чаго пачыналі. Дык вось, калі падыходзіць менавіта з такой пазіцыі, давайце акунёмся ў наша не такое ўжо і далёкае мінулае, якое мы ўсе перажылі. Напэўна, кожнаму з нас добра запомніліся 90-я гады дваццатага стагоддзя. Са знікненнем Савецкага Саюза і ўтварэннем суверэнных, незалежных дзяржаў практычна спынілася вытворчасць, прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка, без работы засталася будаўнічая і іншыя галіны. Людзі бегалі па магазінах, каб атаварыць талоны. Прадуктаў і тавараў не хапала, пенсіі і зарплаты своечасова не выплачваліся. Я сам добра памятаю, калі да мяне прыходзілі цэлымі натоўпамі людзі, каб пасадзейнічаў і дапамог ім у атрыманні пенсіённых выплат.
У прынцыпе шмат што можна пералічваць, усё гэта намі перажыта, і адмаўляць гэтага ніхто не стане. Перажылі мы і палітычныя крызісы, калі ўсё вакол бурліла і даходзіла да вышэйшай ступені накалу. Аднак паступова, хаця і даволі няпроста, жыццё стала наладжвацца. Пачалі атрымліваць падтрымку прадпрыемствы, якія практычна закрываліся, паступова пачало ўздымацца з кален сяло. І, дзякуй Богу, не адбылося таго самага страшнага, чаго баяліся ўсе - страціць работу, страціць крыніцу існавання для сябе і сваёй сям'і. Паступова ў людзей стала з'яўляцца ўпэўненасць, вера ў дзень заўтрашні.
Што тут казаць. Мы іншы раз з усмешкай, а часам і скептычна ўспрымалі пастаноўку многіх задач. Здавалася, вельмі ж яны ўжо амбіцыйныя, невыканальныя. Аднак праходзіў час, і ўпэўніваліся, што зрабіць можам, трэба толькі мабілізавацца, сканцэнтравацца - і ўсё ў нас атрымаецца. Вось такі наш народ - і па характары, і па светаўспрыманню, і па здольнасці зрабіць так, як таго не зробіць ніхто іншы.
Нядаўна мне давялося сустрэцца з чалавекам, які 15 гадоў таму выехаў з нашых мясцін за мяжу і сёлета ўпершыню прыехаў назад на радзіму ў госці. Трэба было бачыць, якімі вачыма ён глядзеў на ўсё. Яго ўсё здзіўляла і ўражвала. Казаў, што прыехаў у зусім іншую краіну. І хоць няёмка было напрамую пра гэта пытацца, але па ўсіх яго паводзінах было бачна - у ім у гэты час спалучыліся самыя розныя пачуцці - і настальгія па радзіме, якую ён пакінуў, і ўражанне ад тых перамен, якія тут адбыліся, а, па вялікаму рахунку - шкадаванне аб тым, што лёс вось так ім распарадзіўся.
Канешне, усё, як кажуць, ацэньваецца ў параўнанні. Мы хочам, каб сёння ў нас былі вышэйшымі і зарплата, і пенсіі, пры гэтым не раслі цэны на прадукты, тавары і паслугі. Аднак давайце зазірнём у статыстыку. Дык вось, у адпаведнасці з ёю ў Беларусі рэальная зарплата з улікам інфляцыі павялічылася на 70 працэнтаў. Для параўнання: у Расіі гэты паказчык павялічыўся на 61%, на Украіне - на 59, у Малдове - на 58, Казахстане - на 47 працэнтаў.
Пры гэтым трэба ўлічыць, што ў нас з бюджэту пакрываюцца многія затраты, звязаныя з жыццезабеспячэннем грамадзян. Напрыклад, насельніцтва аплачвае менш за 30 працэнтаў ад рэальных тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.
Плата бацькоў за ўтрыманне дзіцяці ў дашкольнай установе складае ўсяго 10 працэнтаў ад агульных затрат. Можна прыводзіць і іншыя прыклады.
У той жа час Законам аб бюджэце на 2011 год закладзены рост зарплаты работнікам бюджэтнай сферы на 35 працэнтаў.
Іншы раз нямала спекуляцый наконт упарадкавання, ці, як часам кажуць, адмены льгот для некаторых катэгорый насельніцтва. Усе тыя грошы, якія раней накіроўваліся на гэтыя мэты, цяпер выкарыстоўваюцца на ажыццяўленне канкрэтных праграм - адрасную сацыяльную дапамогу, ахову мацярынства і дзяцінства, правядзенне мерапрыемстваў па рэабілітацыі тэрыторый, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У нас каля 2 мільёнаў пенсіянераў. Толькі ў гэтым годзе памеры пенсій павышаліся двойчы, пры гэтым не павялічваецца ўзрост выхаду на пенсію і пакуль што гэтага рабіць не плануецца.
Канешне ж, каб лепш жыць, нам актыўней трэба займацца пытаннямі эканомікі. І гэта было цэнтральным на ІV Усебеларускім народным сходзе. Як падкрэслівалася, побач з развіццём буйных вытворчасцей трэба больш увагі ўдзяляць малому і сярэдняму бізнесу, удасканальваць прававыя меры па паляпшэнню інвестыцыйнага клімату, больш прадуманай павінна быць падатковая палітыка.
Бліжэйшыя гады павінны стаць гадамі сапраўднага прарыву ва ўкараненні новых тэхналогій, энергазберажэнні. І ўсё гэта і многае іншае трэба зрабіць, калі мы хочам дасягнуць галоўнай мэты - забяспечыць рост дабрабыту і палепшыць умовы жыцця людзей. А гэта значыць, за бліжэйшыя пяць гадоў павялічыць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў 1,7 раза, памеры пенсій - амаль у 2 разы.
Па ўзроўню развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь да 2015 года павінна ўвайсці ў лік першых 50-ці краін свету.
Так што наша грамадства з верай і надзеяй крочыць у будучае, ставіць перад сабой новыя задачы, і ёсць упэўненасць, што іх паспяхова выканае.






