мобильная версия
Прамень

Жыццёвыя карані – у Рубяжэвічах

Нумар - №216-218    Рубрыка - Сям’я

17.12.2010

Фотография 1
Фотография 2

З 1999  па 2010 год у аграгарадку Рубяжэвічы пабудавана па прэзідэнцкай праграме 40 прысядзібных жылых дамоў. Усе ўзведзеныя новабудоўлі складаюць не адну новую дыхтоўную вуліцу. Іх жыхары - гэта перспектыва і заўтрашні дзень сельскага населенага пункта.

Адрас маладой сям'і Севасцьяновічаў падказалі ў мясцовым сельскім Савеце. "Сям'я вельмі актыўная. У ёй растуць двое дзетак… Пазнаёмцеся!"

Першай на парозе дома, выдзеленага сям'і Севасцьяновічаў чатыры гады таму, сустракае, канешне, гаспадыня Юлія. Прыветная, зычлівая, яна запрашае прайсці ў хату. У мужа Міхаіла, галоўнага агранома сельгаскааператыва "Рубяжэвічы", спраў хоць адбаўляй, яму няма калі тэрмінова заехаць дадому. Але ў Юліі ёсць іншая "мужчынская" падтрымка пад рукой - гэта два сыночкі. Старэйшаму Міраславу споўнілася 4, а меншаму Арцёму - 2,5 года. Гледзячы адзін на аднаго, хлопчыкі сапраўды гатовы нас павесяліць як след. Няйначай, публіка ім даспадобы, асабліва старэйшаму, смялейшаму жэўжыку. А за ім і меншы, як нітка за іголкаю.

Тры месяцы таму Арцём пайшоў у дзіцячы садок, бо мама выйшла з дэкрэтнага адпачынку на працу. "Дзеці падымаюцца самі, - задаволена гаворыць Юлія, -  а садок у нас, як і Дом культуры, аптэка, бальніца, - зусім побач".  Дома яна - маладая жонка і шчаслівая мама, а ў гаспадарцы - юрысконсульт.       

У Рубяжэвічах апынулася гэта сям'я па законах кахання. Міхаіл і Юлія вучыліся разам у Гродзенскім сельскагаспадарчым універсітэце. Размеркаванне атрымалі кожны сваё: Юлія - у Рубяжэвічы, а Міхаіл - на сваю малую радзіму, у Капыльскі раён. Калі вырашылі пажаніцца, Юля перацягнула мужа да сябе, у свой аграгарадок. "Тут і газ, і вада, - даводзіла яна мужу, - чаму не звіць утульнае гняздзечка?!"

Сапраўды, гаспадарка выдзеліла ім новы дом у Рубяжэвічах. Адзін за адным нарадзіліся двое сыноў. Растуць дзеці. "Дочкі ў планах пакуль няма", -  усміхаюцца маладыя. Але хто ведае…   

Здаецца, у маладой сям'і ёсць усё, каб планаваць сваё папаўненне. Яна нядрэнна абжылася на новым месцы. У 3-пакаёвым доме з усімі выгодамі цёпла, прасторна - ёсць дзе гуляць у хованкі дзецям. На вокнах цвітуць вазоны - адзнака ўвішных рук маладой гаспадыні. У зале ў рамачцы вісіць грамата мужу - за першае месца на спартакіядзе ў кіданні гранаты. Міхаіл увогуле спартсмен  - захапляецца валейболам, футболам. У двары ў Севасцьяновічаў - свой аўтамабіль, на якім любяць паехаць у выхадныя да бабуляў. Па чарзе, вядома, бо адна жыве на Капыльшчыне, а другая, Юліна матуля, - на Навагрудчыне.

І Юлія, і Міхаіл - сельскія, сялянскай работы не баяцца. Таму і ўкараніліся ў Рубяжэвічах хутка. "На агародзе быў амаль пустыр, прыйшлося зямлі завезці і добра папрацаваць, каб дабіцца ўраджаю", - адзначае Юлія. Каля дома Севасцьяновічы разбілі кветнікі. Альпійскую горку перад уваходам прысыпала снегам. Ужо зімою Юлія пачынае вырошчваць расаду кветак. Для сябе і сваіх сяброў, знаёмых. Яна не прадае яе - проста дорыць. Закончыла курсы ландшафтнага дызайну, але ў вольны час, калі ён надарыцца, любіць і павязаць. Для сыночкаў маміны кофтачкі - самыя цёплыя. І хлеў у маладой сям'і не пустуе.

"Каго вы дапамагаеце маме карміць?" - спыталі ў дзяцей. У адказ пачулі: "Дзюдзяў, курачак, кошачку…" Усё лета Міраслаў і Арцём з задавальненнем сыпалі зярняткі  бройлерным куранятам, ірвалі траўку  свінням, палолі з мамай агарод. А вось кошка Ліза - гэта талісман сям'і Севасцьяновічаў. Яе падараваў Юліі муж яшчэ ва ўніверсітэце, калі быў кавалерам. Лізу лашчылі адразу ў дзве рукі, цяпер - у чатыры. Надыходзячы 2011 год - акурат год Ката. Чым не нагода, каб іх любімая Ліза спраўдзіла самыя запаветныя мары сям'і?!

Яны, канешне, індывідуальныя ў душы кожнага  члена сям'і, але важны іх агульны пазітыўны настрой. 

- Мы задаволены, што жывём і працуем у Рубяжэвічах, - па праву выказваецца ад імя ўсіх сямейнікаў гаспадыня. -  Няма гарадской мітусні. Свая агародніна. Чыстае паветра. Калі захочацца наведаць сталіцу, то яна адсюль недалёка. Побач з намі жыве шмат такіх, як і мы, маладых сямей. Нашым дзецям ёсць з кім гуляць (усе дзеці прыкладна аднаго ўзросту), а нам, дарослым  - весела адзначыць гуртам святы. Мы праваслаўныя, але адзначаем і каталіцкія святы, бо сярод нашых сяброў шмат католікаў. Не прамяняю вёску на горад...

НА ЗДЫМКУ:  не бывае весялей, як з мамай; сядзіба маладой сям'і Севасцьяновічаў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ