мобильная версия
Прамень

Баба Надзя і апрануцца любіць прыгожа

Нумар - №223-226    Рубрыка - Сям’я

30.12.2010

Фотография 1

Надзея Міхайлаўна Ярашэвіч з вёскі Пагарэлае адзначыла сёлетнім летам свой стогадовы юбілей. Дарэчы, такой падзеяй могуць пахваліцца далёка не многія, таму яна асабліва значная для любой сям'і і раённага цэнтра ў цэлым.

Павіншаваць юбілярку з днём нараджэння прыехалі старшыня  Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Галіна Ярашэвіч, намеснік старшыні і старшыня прафкама СВК "Радзіма Якуба Коласа" Уладзімір Вараненка і Валянціна Карнічэнка, якія ўручылі ёй кветкі і падарунак. А вечарам сабралася за святочным сталом  радня, прыехалі з горада ўнукі і праўнукі.

За плячыма жанчыны вехі і падзеі мінулага стагоддзя. Яе дзяцінства не было ціхамірным, яно супала з нялёгкімі гадамі грамадзянскай вайны, дзяўчыне прыйшлося перажыць голад і нямеччыну Вялікай Айчыннай і ўжо ў мірныя гады паднімаць сельскую гаспадарку. Родам Надзея Міхайлаўна з вёскі Затур'я Нясвіжскага раёна. Там уступіла ў калгас і рупілася ў паляводстве. У шасцідзясятыя гады яна пераязджае жыць на Стаўбцоўшчыну, у вёску Пагарэлае.

Сем апошніх гадоў састарэлая жанчына жыве ў нявесткі Зінаіды. Са сваёй  пенсіі ёй зімою было нялёгка аплачваць газ, і на сямейным савеце вырашылі хату прадаць, а бабулі прапанавалі пераехаць, так бы мовіць, на ўсё гатовае. І яна згадзілася.

- Некалі мы ўсе жылі разам - муж, яго бацькі і нашы дзеці, - расказвае Зінаіда Пятроўна, - Надзея Міхайлаўна, а чалавек яна добры і шчыры, дапамагала мне гадаваць дзяцей, а я працавала. Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч, на той час аператар машыннага даення, а цяпер брыгадзір вытворчай брыгады МТФ "Пагарэлае", атрымала гэта высокае ганаровае званне напрыканцы васьмідзясятых і ўдзячна сваёй свекрыві за падтрымку. У вялікім доме, які годна вылучаецца сярод іншых, жанчыны жывуць цяпер удзвюх. Варта дадаць, што ў ліпені і Зінаіда Пятроўна адзначыла свой чарговы жыццёвы юбілей.

Цяжка паверыць, што бабулі Надзеі ўжо пераваліла за сто, а яна так добра выглядае, мае яшчэ сілы і з рыдлёўкай на прысядзібным участку папрацаваць. Сёлета выбрала і ўпарадкавала ўсю фасолю, звязала цыбулю. Крышку дапамагае і па хатняй гаспадарцы ўпраўляцца, памые і посуд. Яно і зразумела, бо ў маладосці была ўвішная, трымала на падвор'і розную жыўнасць. Як кожная жанчына, бабуля Надзя любіць прыгожа апрануцца, заўжды заказвае што-небудзь з адзення або адрэзы на сукенкі ўнучцы Наталлі. А затым паціху рухаецца да сваёй краўчыхі, каб пашыць абноўку.

Дарэчы, Надзея Міхайлаўна не любіць сядзець дома адна, возьме кіёчак і паціху ідзе да суседкі. Затым вясковыя навіны абмяркоўваюцца ўвечары, падчас размовы з Зінаідай Пятроўнай. Любіць глядзець па тэлевізары кінафільмы, прычым абыходзіцца без акуляраў, і асабліва ёй падабаецца праграма "Жди меня", цікава бабулі ведаць і пра ўсе падзеі ў свеце. Вельмі турбавалася напярэдадні выбараў Прэзідэнта Беларусі, а потым цікавілася вынікамі, якімі засталася задаволена, бо і сама аддала голас за стабільнасць і працвітанне нашай краіны. Надзея Міхайлаўна чалавек веруючы, яшчэ не так даўно ездзіла ў царкву ў Вішнявец, але апошнім часам моліцца дома. А вось у жніўні, калі ў Любкаўшчыне асвячаўся новы храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, выказала жаданне быць на святочнай Бажэственнай літургіі.

 Яна заўжды вельмі радуецца гасцям, і калі прыязджаюць унукі і праўнукі, тады яна можа заспяваць і сваю  любімую песню "Ой, мароз, мароз". Віншуем Надзею Міхайлаўну з надыходзячым Новым годам і Ражджаством Хрыстовым і жадаем ёй быць здаровай і пражыць яшчэ нямала гадоў.

Надзея БАТАЛКА