Маладая сямейка – тата, мама і Мацвейка
Нумар - №223-226 Рубрыка - Сям’я
30.12.2010

Уладзімір і Настасся Харытончыкі з вёскі Дзераўная сустракаюць Новы 2011 год з прыўзнятым настроем, бо ў іх маладой сям'і сёлета адбыліся дзве важныя і вельмі добрыя падзеі. Па-першае, нарадзіўся чаканы сын Мацвей, па-другое - Уладзімір Пятровіч атрымаў павышэнне па службе, яго прызначылі намеснікам дырэктара па механізацыі ААТ АБФ "ПМК-74 -Налібакі".
- Не перадаць словамі маю радасць ад таго, што стаў татам і тым больш, што першынец у нас сынуля, - падзяліўся радасцю Уладзімір Пятровіч. - І ўдвайне прыемна, што мяне заўважылі і даверылі такую адказную пасаду.
Харытончыкі прыехалі ў вёску Дзераўная па размеркаванню, пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Маладой сям'і напрыканцы мінулага года выдзелілі вялікі добры дом з выгодамі, у якім яны зрабілі рамонт, паклеілі шпалеры на свой густ.
- Усё ў нас пакуль што добра складваецца, - дадала маладая мама, - я задаволена жыллём, ганаруся сваім мужам, радуюся за нашага Мацвейку, якому ўжо споўнілася тры месяцы.
Новы год сям'я будзе сустракаць у гэтым доме другі раз, але цяпер у расшыраным саставе. Як высветлілася, Настасся мясцовая жыхарка, нарадзілася і вырасла ў Дзераўной. Тут жыве яе маці, працуе дзіцячай медсястрой у бальніцы. Таму за навагоднім сталом збяруцца чацвёра - мама, тата, сынуля і бабуля. Настасся Чаславаўна даводзіць, што паставяць вялікую ёлку, абавязкова павесяць на яе рознакаляровыя агеньчыкі, каб Мацвейка мог імі любавацца.
Пакуль мама займаецца выхаваннем наследніка, тата зарабляе грошы. На рабоце справы ладзяцца, але, бывае, ён сутыкаецца і з цяжкасцямі, бо Уладзімір Пятровіч яшчэ малады спецыяліст, як сам гаворыць, вопыту небагата, але ёсць старанне і жаданне выконваць як след даручаную справу. А гэта значыць, што ўсё будзе добра і ўсё атрымаецца. Чалавек ён працавіты і сем'янін добры. Ля хаты адведзены немалы пляц пад агарод, які вясною апрацавалі і засеялі, зрабілі цяпліцу пад таматы. Гаспадар пасадзіў яблыні і вішні, у далейшым мае намер расшырыць сад. Такім чынам дом у яго ёсць, дрэва пасадзіў, нарадзіў сына - значыць, сапраўдны мужчына.
Уладзімір і Настасся пазнаёміліся на першым годзе вучобы, не прайшло і месяца.
Два гады правяралі свае пачуцці і на трэцім курсе пажаніліся. Накіравалі іх на работу ў Дзераўную. І трэба думаць, што маладая сям'я застанецца тут жыць і працаваць. А на малую радзіму мужа, на Слонімшчыну, будуць ездзіць у госці. Машына ў маладых ёсць, але старэнькая, таму Уладзімір Пятровіч мае намер у наступным годзе купіць новую. І яшчэ ён марыць аб тым, каб сям'я была вялікай, бо сам са шматдзетнай - у яго сястра і два браты.
- Трэба абавязкова для мамы памочніца, - гаворыць Харытончык, - дом у нас вялікі, на тэрыторыі пасёлка працуе сярэдняя школа, музычная і спартыўная, дзе дзеткам можна развівацца інтэлектуальна і фізічна. Мясціны прыгожыя, развітая інфраструктура. У нас дома ёсць камп'ютар, падключаны інтэрнэт, адным словам, створаны ўсе ўмовы для пражывання маладой сям'і з дзецьмі.






