мобильная версия
Прамень

Муза – дзяўчына капрызная, альбо Аб прыгажосці беларускай мовы

Нумар - №223-226    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек, На сувязі – рэдакцыя

30.12.2010

У дзень падпісчыка мне ўручылі падпіску на газету "Прамень". Для мяне гэта - цудоўны падарунак да навагодняга свята.

Амаль 10 гадоў я чытаю раёнку і знаходжу ў ёй шмат чаго новага і неабходнага для сябе. Перш за ўсё мне падабаецца, што газета адлюстроўвае ўсе галоўныя падзеі, якія адбываюцца не толькі на Стаўбцоўшчыне, але і ў краіне. Адчуваецца прафесіяналізм супрацоўнікаў газеты, жаданне зрабіць выданне лепшым, прыгажэйшым.

Яшчэ мне вельмі падабаецца тое, што газета выдаецца на беларускай мове. Шмат вершаў я прачытала ў газеце. Але аднойчы сустрэла паэму Ф. Бандаровіча "Гета". Яна так уразіла мяне, што я сама стала пісаць вершы, а потым і артыкулы на беларускай мове. Я зноў праніклася прыгажосцю і непаўторнасцю нашай роднай беларускай мовы. У мае інстытуцкія гады беларускамоўныя школы, як і цэрквы ў Мінску, закрывалі, скарачаліся беларускія выданні літаратуры. А якое ж хараство ў беларускай мове! Возьмем словы "луч" і "прамень". Для мяне "луч" - гэта нешта яркае, залацістае, якое далёка пранікае. А "прамень"?  Ён зусім іншы, нейкі ласкавы, пяшчотны, ззяе раніцай кропелькамі расы на лісці дрэў і серабрыстым святлом узімку.

Адметна тое, што супрацоўнікі імкнуцца прыцягнуць да аўтарства моладзь - школьнікаў, студэнтаў. Значыць, адбываецца працэс узрошчвання кадраў.  Актыўнаму супрацоўніцтву з газетай спрыяюць добразычлівыя адносіны калектыву выдання да пазаштатных карэспандэнтаў. Не заўсёды атрымліваецца, што матэрыял можа вылежацца, часцей - яго трэба адразу аддаць у друк. І тады хочацца параіцца, прачытаць яго, каб атрымаць ацэнку, дапамогу. Муза - дзяўчына капрызная, яна прыходзіць не тады, калі чакаеш. А завітвае тады, калі прыйшоў час надаць сваім ідэям нейкую пэўную форму. І вось тут неацэнную дапамогу аказваюць супрацоўнікі газеты. Можна звярнуцца да любога з іх, і яны знойдуць час, каб выслухаць, параіць, дапамагчы.

Радкамі аднаго з вершаў маёй новай кнігі "Агонь святой любві" я хачу закончыць гэты ліст і пажадаць усім супрацоўнікам газеты шчасця, здароўя і вялікіх творчых поспехаў у новым 2011 годзе:

Зімой і ўлетку, у святы і ў будні

Цябе чакаем, дружа наш "Прамень".

Ты крочыць па жыцці дапамагаеш

І 70 год нам ззяеш кожны дзень.

Аляксандра БІБІКАВА, член літаратурна-музычнага аб’яднання “Аўтограф”