мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №148-150    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

17.09.2010

У радзільным аддзяленні, адкрытым пасля рамонту, нарадзіліся чацвёра  немаўлят, усе - дзяўчынкі.

ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 8 шлюбаў, зроблены 3 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены Валерыі Бохан, Настассі Нарановіч, Кірылу Шніпу, Арсенію Карповічу, Станіславу Мышко, Дар'і Каляга, Віялеце Карсека, Антону Жукаву, Яраславу Сазановічу, Цімуру Грашчанку і Ганне Анікейчык.

Зямны шлях закончыўся для 20 чалавек.

У пажарнай часці згадалі пажар у вёсцы Падгорная Шашкоўскага сельсавета. Ноччу загарэліся два хлявы з бярвення, што стаялі па суседству. Прычына пажару высвятляецца. З Шашкоўскага сельсавета, а іменна з пасёлка Нёман, паступіў і яшчэ адзін трывожны сігнал - аб задымленні ў адной з кватэр. Своечасова падалі яго суседзі, якія адчулі пах дыму, што прасочваўся праз не зусім зачыненыя дзверы злашчаснай кватэры. Гэта і выратавала жыццё яе жыльцу, грамадзяніну 1976 года нараджэння. Ён трапіў у бальніцу.

Міліцыяй узбуджана 6 крымінальных спраў. У гасцініцы па вул. Сацыялістычнай невядомы выкраў мабільны тэлефон і грошы. Двое зламыснікаў ускрылі салон аўтамабіля, прыпаркаванага паблізу дома па вул. Энгельса, і забралі аўтамагнітолу. На аб'екце прапалі з будаўнічай бытоўкі перфаратар, зварачны апарат і іншыя рэчы. Злодзей наведаўся ў дамы жыхароў Літвы і Новай Вёскі - пакінуў яго гаспадароў без зберажэнняў.

Пракуратура разгледзела 3 звароты грамадзян, у тым ліку зварот РУ "Стоўбцырайгаз" аб садзейнічанні па спагнанні запазычанасці з даўжнікоў. Праводзіцца праверка па факту няшчаснага выпадку са смяротным зыходам, які адбыўся з ахоўнікам Стаўбцоўскага хлебапрыёмнага прадпрыемства, а таксама па факту атрымання траўмы на вытворчасці жывёлаводам сельгаскааператыва "Вялікі двор". У судзе падтрымлівалася абвінавачванне па 7 крымінальных справах.

Суд асудзіў на 1,5 года пазбаўлення волі раней судзімага жыхара Жодзіна 1989 года нараджэння: малады чалавек украў у электрацягніку мабільны тэлефон. За незаконную здабычу ракаў на вадаёме паблізу вёскі Падгорная прыгавораны да 1 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на 1 год двое жыхароў Баранавічаў (дарэчы, аналагічных ракавых спраў разгледжана ў судзе яшчэ 4). Новасвяржанін 1960 года нараджэння разбіў шкло ў доме, за што быў аштрафаваны на 70 тысяч рублёў.

ДАІ выявіла 191 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод правапарушальнікаў - 10 п'яных (у тым ліку быў нецвярозым за рулём вадзіцель на дзяржтранспарце - механізатар СВК "Вішнявецкі") і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 11 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 12 дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 179 разоў, у тым ліку 6 сігналаў было да асоб з алкагольным ап'яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ