Рашэнні, падтрыманыя народам
Нумар - №148-150 Рубрыка - Да дня інфармавання
17.09.2010
Тэма адзінага дня інфармавання 16 верасня - "Апошні год пяцігодкі: выкананне рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу (Папярэднія вынікі работы народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у 2006 - 2010 гг.)".
Трэцім Усебеларускім народным сходам, які прайшоў 2 - 3 сакавіка 2006 г., была прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гг. Яна з'явілася кіраўніцтвам да дзеяння для ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання. Параметры, закладзеныя ў гэтым дакуменце, сталі асновай для штогадовых прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прымаемых бюджэтаў і прыярытэтных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі.
Галоўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006 - 2010 гг. было вызначана далейшае паляпшэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове павышэння канкурэнтраздольнасці эканомікі, стварэнне зручнай для людзей дзяржавы. Зыходзячы з гэтай мэты, галоўнымі прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з'яўляюцца: усебаковае гарманічнае развіццё чалавека, фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя; інавацыйны шлях развіцця эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне; нарошчванне экспартнага патэнцыялу краіны; развіццё аграпрамысловага комплексу і сумежных галін, сацыяльнай сферы сяла; развіццё малых і сярэдніх гарадоў, жыллёвае будаўніцтва.
У вырашэнні пастаўленых задач 2010 год з'яўляецца вызначальным. Ён знамянальны не толькі тым, што завяршае выкананне Праграмы, прынятай трэцім Усебеларускім народным сходам, але і тым, што закладвае асновы развіцця краіны ў будучай пяцігодцы.
Макраэканамічная сітуацыя ў 2010 годзе характарызуецца паскарэннем эканамічнага росту. Па ўсіх асноўных прагнозных паказчыках дасягнута адчувальная станоўчая дынаміка. За студзень - ліпень тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 107 працэнтаў, прадукцыі прамысловасці - 109,6, сельскай гаспадаркі - 108,4, інвестыцый у асноўны капітал - 105 працэнтаў, экспарту тавараў - 123,7 працэнта. Узровень інфляцыі (4,4 працэнта за студзень - ліпень) не перавышае зададзеных на гэты год межаў (8-10 працэнтаў).
У цяперашні час работа ўрада і органаў дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў накіравана на замацаванне пазітыўных тэндэнцый і дасягненне да канца года ўзроўню прагнозных паказчыкаў. Гэта дазволіць забяспечыць у 2010 годзе тэмп росту валавога ўнутранага прадукту не ніжэй 111 працэнтаў, а па выніках пяцігодкі - 146 працэнтаў.
Вызначальны ўклад у стварэнне ВВП уносіць прамысловасць. Нягледзячы на ўплыў сусветнага крызісу, у цэлым за пяцігодку яна мае высокую дынаміку развіцця. Чакаецца, што тэмп росту прамысловай вытворчасці складзе за гэты перыяд 145,5 працэнта.
У адпаведнасці з задачамі па развіццю прамысловага комплексу, пастаўленымі ў пяцігадовай праграме, у 2006-2010 гг. на вядучых беларускіх прадпрыемствах ажыццяўляліся мерапрыемствы па тэхнічнаму пераўзбраенню і мадэрнізацыі вытворчасці, выпуску новых відаў прадукцыі.
Так, на ААТ "Мінскі маторны завод", філіял якога размешчаны ў Стоўбцах, асвоена вытворчасць новых 4-, 6-, 8-цыліндровых дызельных рухавікоў, для аўтамабіляў, аўтобусаў, трактароў, камбайнаў, дарожна-будаўнічай тэхнікі. Упершыню ў рэспубліцы асвоены выпуск 8-цыліндровых V-відных дызельных рухавікоў магутнасцю да 312 кВт (425 к.с.). З правядзеннем рэканструкцыі ажыццяўляецца пераход на энергазберагальныя тэхналогіі на торфапрадпрыемстве "Нёманскае". Узводзяцца новыя карпусы Стаўбцоўскага садавіна-агародніннага завода, асвойваецца выпуск новых відаў прадукцыі.
Беларуская прамысловасць выстаяла ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, хаця ў Беларусі менавіта індустрыя па прычыне сваёй экспартаарыентаванасці больш за ўсё адчула яго негатыўны ўплыў. У той час крызіс яшчэ раз пацвердзіў актуальнасць курсу на мадэрнізацыю прамысловай вытворчасці і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі.
Сельская гаспадарка краіны стабільна з году ў год нарошчвае аб'ёмы вытворчасці. Рэспубліка поўнасцю забяспечвае ўласную харчовую бяспеку.
Асаблівую ролю ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і сацыяльнай інфраструктуры на сяле адыграла рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 -2010 гг. У адпаведнасці з гэтай Праграмай за 2005 - 2009 гг. значна ўзраслі аб'ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, адбыліся тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя вытворчай сферы сяла, уведзены ў строй 1 188 аграгарадкоў, у іх пабудавана 7 087 жылых дамоў і кватэр.
У Стаўбцоўскім раёне за перыяд з 2005 па 2009 год, як і запланавана Праграмай адраджэння і развіцця сяла, абсталявана 13 аграгарадкоў. У сёлетнім годзе плануецца здаць аграгарадкі Горкі і Вялікі Двор - Новая Вёска. З улікам нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў выкананы работы па газіфікацыі, рамонту дарог і вуліц, рэканструкцыі і рамонту ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, аб'ектаў бытавога і гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. У поўным аб'ёме выкананы заданні па рамонту і тэхнічнаму пераўзбраенню жывёлагадоўчых і іншых вытворчых аб'ектаў. На правядзенне даных работ выкарыстана каля 49,9 мільярда рублёў з розных крыніц фінансавання. У тым ліку на сацыяльную сферу сяла - 43,4 мільярда рублёў, на вытворчую - 6,5 мільярда рублёў.
Рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў у 2005-2009 гадах дазволіла забяспечыць нарошчванне вытворчасці прадукцыі ў аграпрамысловым комплексе раёна. Так, за даны перыяд у грамадскім сектары і ў асабістых гаспадарках надоена 383 131 тона малака, сабрана 402 037 тон збожжа, 399 962 тоны бульбы, 63 865 тон агародніны, 411 572 тоны цукровых буракоў, 1 892 тоны льновалакна і 15 559 тон садавіны і ягад. За даны перыяд часу забяспечаны прырост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары да ўзроўню 2004 года на 36,9 працэнта, а ў цэлым па галіне сельскай гаспадаркі - на 20,4 працэнта.
У той жа час, даведзенае заданне згодна з Праграмай па росту валавой прадукцыі за 2005-2009 гады выканана па грамадскаму сектару на 82,2 працэнта, па галіне ў цэлым - на 90 працэнтаў. Таму ў бягучым годзе рост валавой прадукцыі для выканання Праграмы павінен скласці па галіне не ніжэй за 113,4 працэнта. За 7 месяцаў сёлета аб'ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 85,6 мільярда рублёў, што на 12,6 працэнта, ці на 9,6 мільярда рублёў больш, чым за той жа перыяд мінулага года. Прагнозны паказчык недавыкананы на 0,8 працэнта.
Сёлета сабраны і збіраецца нядрэнны ўраджай сельскагаспадарчых культур, расце прадукцыйнасць фермаў. Улічваючы ўмовы надвор'я гэтага года, атрыманыя вынікі можна лічыць як пэўнае дасягненне. У многіх краінах адбылося зніжэнне ўзроўню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (у Расіі па гэтай прычыне забаронены экспарт збожжа), што ўжо цяпер прывяло да росту цэн на сусветным рынку на асобныя віды харчовых тавараў.
У той час па вытворчасці важнейшых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва Беларусь выйшла на лідзіруючыя пазіцыі сярод краін СНД. Беларусі АПК не толькі ў поўным аб'ёме гарантуе харчовую бяспеку краіны, але і экспартуе значныя аб'ёмы прадуктаў харчавання. З 2005 па 2009 год экспарт харчовых тавараў павялічыўся больш чым у 2 разы і дасягнуў 2 217,6 мільёна долараў ЗША. Экспарт прадуктаў харчавання становіцца адной з асноўных крыніц паступлення валюты ў краіну. Таму Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка неаднаразова абгрунтоўваў магчымасці і неабходнасць значнага нарошчвання такога экспарту ў бліжэйшыя гады.
Значная доля інвестыцый у асноўны капітал (25 працэнтаў) накіроўваецца на будаўніцтва жылля. У 2009 годзе ў Беларусі пабудавана 5,8 мільёнаў кв. м агульнай жылой плошчы, ці 604 кв. м у разліку на 1 тысячу насельніцтва. Гэта з'яўляецца самым высокім паказчыкам сярод краін СНД. У 2010 годзе чаканы аб'ём жыллёвага будаўніцтва павінен скласці 6,96 мільёна кв. м. Напружаная праграма жыллёвага будаўніцтва выконваецца і ў нашым раёне.
У бягучай пяцігодцы рэалізаваны рад значных мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне падатковай нагрузкі на прадпрыемствы, спрашчэнне падатковай сістэмы, лібералізацыю эканомікі рэспублікі і павышэнне яе інвестыцыйнай прыцягальнасці.
Галоўнай мэтай і стрыжневым накірункам палітыкі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца паслядоўнае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне дзяржавы, зручнай для людзей. Нягледзячы на няпростыя абставіны крызіснага 2009 года, краіна не адступіла ад выканання напружаных заданняў бягучай пяцігодкі ў галіне даходаў насельніцтва. За 2006-2009 гг. тэмпы росту рэальных даходаў беларускіх грамадзян склалі 153,4 працэнта. У першым паўгоддзі 2010 г. даходы выраслі ў рэальным вылічэнні яшчэ на 8 працэнтаў.
За чатыры гады пяцігодкі рэальная заработная плата ў краіне павялічылася ў 1,4 раза, за 6 месяцаў 2010 года - яшчэ на 8,1 працэнта. У чэрвені гэтага года сярэдняя налічаная заработная плата дасягнула 410 долараў ЗША ў эквіваленце. А яшчэ ў студзені яна складала 350 долараў. Такі адчувальны яе рост разам з планамі ўрада істотна павысіць узровень жыцця народа дае падставы чакаць, што задача дасягнення сярэдняй заработнай платы роўнай 500 долараў будзе выканана.
За 2006-2009 гг. рэальны памер пенсіі па ўзросту ўзрос на 37 працэнтаў, за сёлетнія мінулыя месяцы - яшчэ на 12,8 працэнта. У студзені - жніўні 2010 г. сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросту склаў 500 тысяч рублёў, у тым ліку ў жніўні - 555 тысяч рублёў. Перыядычна павышаецца і мінімальны памер пенсіі.
Ключавым пытаннем, што вызначае ўзровень і якасць жыцця насельніцтва, яго сацыяльнае самаадчуванне, з'яўляецца забеспячэнне прадукцыйнай занятасці. Захаванню штату работнікаў, павышэнню іх прафесійнага патэнцыялу, рэканструкцыі і стварэнню новых рабочых месцаў, скарачэнню беспрацоўя і аказанню садзейнічання тым, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні, павышэнню іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы ў Беларусі ўдзяляецца пільная ўвага. У адрозненне ад многіх дзяржаў, нягледзячы на ўплыў сусветнага эканамічнага крызісу, у Беларусі ўдалося не дапусціць усплеску беспрацоўя, захаваць кантралюемую і стабільную абстаноўку ў сферы занятасці насельніцтва.
За апошнія гады прыняты значныя меры па ўзмацненню дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу. Як і прадугледжвалася трэцім Усебеларускім народным сходам, з 1 студзеня 2010 г. памер дапамог па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў устаноўлены на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму. У жніўні сёлета ён склаў 275 тысяч рублёў з павелічэннем за год на 37 працэнтаў. Існуе рад ільгот для маладых і шматдзетных сем'яў.
Важным інструментам у павышэнні якасці жыцця насельніцтва рэспублікі з'яўляецца забеспячэнне і развіццё сістэмы дзяржаўных стандартаў. Гэта сістэма дазваляе гарантаваць жыхарам краіны, незалежна ад месца пражывання, атрыманне комплексу сацыяльных паслуг, паступовае пашырэнне іх пераліку, павышэнне якасці. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца падтрыманню і пашырэнню сеткі аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту і будаўніцтву школ, дзіцячых садоў, медыцынскіх устаноў, іх тэхнічнаму аснашчэнню, развіццю транспартнага, гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва. З году ў год ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку і ў нашым раёне, праводзіцца значны аб'ём работ па паляпшэнню ўмоў жыцця насельніцтва, вырашэнню бытавых праблем.
За апошнія гады прыняты рад мер па ўдасканаленню сістэмы захавання і ўмацавання здароўя нацыі. З прыняццем Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гг. упершыню ў гісторыі беларускай аховы здароўя быў прыменены новы падыход пры аказанні медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях на аснове сістэмнага аналізу паказчыкаў здароўя насельніцтва. Рэспубліка мае высокі ўзровень забяспечанасці ўрачэбнымі кадрамі, медыцынскім персаналам і бальнічным ложкавым фондам. Ажыццяўляецца масавае тэхнічнае пераўзбраенне арганізацый аховы здароўя, уключаючы рэспубліканскі, абласны і раённы ўзроўні. Гэта дазваляе павышаць якасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку шляхам асваення высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў. Галоўным паказчыкам мер па ахове здароўя з'яўляецца скарачэнне смяротнасці. Назіраецца павелічэнне сярэдніх паказчыкаў працягласці жыцця: з 68 гадоў у 2002 г. да 70,5 года - у 2009-ым.
Вынікі, дасягнутыя за апошнія гады ў рэспубліцы па развіццю сацыяльнай сферы, закладваюць аснову для выканання прынятых дзяржавай на бягучую пяцігодку сацыяльных абавязацельстваў і дасягнення высокіх стандартаў і якасці жыцця жыхароў Беларусі ў наступныя гады. Пры гэтым складанасць і маштабнасць задач бягучага і перспектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны патрабуюць напружанай плённай работы, рэалізацыі новых падыходаў і дасягнення якасных вынікаў у працы і фінансава-гаспадарчай дзейнасці на ўсіх узроўнях.






