мобильная версия
Прамень

Пра эканоміку, палітыку і ўзаемаадносіны

Нумар - №153-155    Рубрыка - Калонка дэпутата

25.09.2010

Фотография 1

Зусім нядаўна адбылася пятая пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, на якой былі разгледжаны даволі важныя для жыцця рэспублікі пытанні. Літаральна праз некалькі дзён пачне работу чарговая сесія парламента. Да гэтага, у вясенне-летні перыяд, дэпутаты працавалі над распрацоўкай і прыняццем новых законаў і ўнясеннем паправак ва ўжо дзеючыя заканадаўчыя акты. Так што сёлетні год быў даволі насычаным у рабоце парламента. Пра асноўныя моманты мінулага заканадаўчага працэсу мы папрасілі расказаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 77 Івана Мікалаевіча БАГАТКУ.

Калі захоўваць храналогію, зазначыў парламентарый, то найперш патрэбна спыніцца на найбольш значных выніках работы чацвёртай сесіі, якая праходзіла ў перыяд з 2 красавіка па 30 чэрвеня. Усяго на ёй было разгледжана звыш 100 пытанняў, якія ў той ці іншай ступені закраналі самыя розныя аспекты жыцця і дзейнасці нашага грамадства.

Канешне ж, асноўным блокам парадку дня стала эканамічная праблематыка. І тут найперш трэба адзначыць Закон "Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва". Сам разгляд гэтага пытання сведчыць пра імкненне дзяржавы садзейнічаць развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян, у тым ліку за кошт пашырэння доступу да крэдытных рэсурсаў.

У гэтым жа рэчышчы можна разглядаць і прынятыя змяненні ў заканадаўстве, скіраваныя на пашырэнне магчымасцей і ўдакладненне спосабаў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Думаецца, што папраўкі, унесеныя ў Закон рэспублікі "Аб гаспадарчых таварыствах", дазволяць замацаваць прававы статус і зрабіць больш празрыстымі правілы дзейнасці гэтай групы суб'ектаў гаспадарання.

Варта таксама нагадаць пра рашэнні па падтрымцы інавацыйнай актыўнасці. Унесеныя ў дзеючыя законы змяненні, што рэгулююць сферу навуковай дзейнасці, зарыентаваны на ўкараненне сучасных метадаў кіравання і павышэнне зацікаўленасці вучоных і вынаходнікаў у выніках сваёй працы.

Няма сумнення, што даволі перспектыўнай сферай для інавацый з'яўляецца альтэрнатыўная энергетыка. Аднак у нашай нарматыўнай базе пакуль не было надзейных стымулаў і гарантый для яе развіцця. Ухіліць гэты прабел і закліканы законапраект "Аб узнаўляемых крыніцах энергіі".

Працавалі дэпутаты і над вызначэннем комплексу мер па ўдасканаленню прававых адносін у частцы выкарыстання і аховы зямель, захавання біялагічнай і ландшафтнай рознабаковасці прыроды краіны.

Нельга не адзначыць важнасць для жыцця  нашай краіны прыняцця законапраектаў "Аб воінскім абавязку і воінскай службе", "Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах", "Аб трацейскіх судах", "Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі", унясенне паправак у Закон "Аб ахове навакольнага асяроддзя".

У якасці актаў гуманізму, безумоўна, належыць разглядаць заканадаўчыя рашэнні аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама аб паляпшэнні ўмоў адбывання пакарання тымі, хто асуджаны да пазбаўлення волі.

Нельга выпусціць з-пад увагі і працэс фарміравання міжнароднай прававой базы. Усяго парламентам падчас мінулай сесіі прынята звыш 30 законапраектаў аб ратыфікацыі дамоўленасцей. Пры гэтым большая іх частка накіравана на паглыбленне супрацоўніцтва з дзяржавамі былога СССР…

-       Пятая пазачарговая сесія была кароткай, але па важнасці прынятых на ёй рашэнняў даволі адметная.

-       Безумоўна. На пятай сесіі разгледжаны чатыры важныя законапраекты, якія будуць вызначаць жыццядзейнасць нашай краіны ў 2011 годзе. Гэта датычыцца ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Падатковы і Бюджэтны Кодэксы, фарміравання пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама зацвярджэння рэспубліканскага бюджэту на будучы год. Ну і, вядома ж, прыняцце рашэння аб правядзенні 19 снежня г.г. выбараў Прэзідэнта нашай краіны.

Што тычыцца прынятых законаў у сферы эканомікі, то можна сказаць, што нягледзячы на негатыўныя наступствы сусветнага эканамічнага крызісу і даволі моцны знешні ўціск, дзяржава прымае меры па падтрымцы рэальнага сектара эканомікі. Тут маецца на ўвазе паэтапнае спрашчэнне сістэмы падаткаабкладання і адмена ў 2011 годзе некаторых відаў плацяжоў. Запланавана таксама льгаціраванне працэнтаў па крэдытах.

Падтрымку на конкурснай аснове атрымаюць прадпрымальнікі, якія выпускаюць і нарошчваюць вытворчасць прадукцыі на экспарт і замяшчэнне імпарту, клапоцяцца аб пашырэнні выпуску тавараў і паслуг, укараненні новых тэхналогій і г.д.

Безумоўна, усе захады ў развіцці эканомікі маюць асноўную перспектыўную мэту - павышэнне якасці і ўзроўню жыцця людзей. Як бы ні было няпроста для рэспублікі, усё ж дзяржава імкнецца знаходзіць магчымасць захаваць пакет сацыяльных гарантый для грамадзян. Гэта прадугледжана і ў наступным годзе.

-       А з якімі напрацоўкамі падышлі дэпутаты да чарговай шостай сесіі?

-       Шостая сесія пачне сваю работу 4 кастрычніка. Для разгляду на ёй у профільных камісіях дапрацоўваецца зараз звыш 50-ці нарматыўных прававых актаў, якія ахопліваюць шырокі спектр эканамічных пытанняў, нацыянальнай бяспекі, прыродакарыстання, сацыяльнай палітыкі, міжнародных адносін і інш.

У другім чытанні будуць разгледжаны законапраекты "Аб узнаўляемых крыніцах энергіі", мяркуецца ўнесці папраўкі ў некаторыя законы аб архітэктуры, горадабудаўнічай і ўласна будаўнічай дзейнасці. Да разгляду ў першым чытанні рыхтуюцца праекты рашэнняў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы, якія вызначаюць дзейнасць пракуратуры, органаў унутраных спраў, прафсаюзаў, накірункі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пытанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх і шмат іншых. Але найбольшы інтарэс, аб гэтым можна меркаваць па водгуках, якія паступаюць у парламент, прадстаўляе Кодэкс аб адукацыі, дзе распісаны ўсе пытанні - ад дашкольнага навучання да дадатковай адукацыі дарослых. Усё гэта будзе сканцэнтравана ў адным дакуменце.

- Некалькі слоў пра Вашы ўзаемаадносіны з мясцовымі органамі ўлады, бо шмат якія пытанні даводзіцца вырашаць з іх непасрэдным удзелам.

- Калі весці гаворку пра адносіны з мясцовымі органамі ўлады, то яны такія, якія і павінны быць. Вырашаем жа мы тыя ж праблемы і працуем дзеля людзей, на адны  і тыя мэты. А калі глядзець на рэчы рэальна, то вырашэнню абсалютнай большасці пытанняў, якія ўзнімаюцца на месцах, немагчыма надаць імпульс без непасрэднага ўдзелу мясцовага кіраўніцтва. Вось у такім рэчышчы мы і імкнёмся сумесна працаваць. Дарэчы, нельга не заўважыць і такую акалічнасць, якая ўсё больш выразна акрэсліваецца апошнім часам, -  зваротаў становіцца менш. Відавочна, што праблемы вырашаюцца на месцах, ім сталі ўдзяляць больш увагі службы розных узроўняў.

Думаецца, што такое ўзаемаразуменне будзе ў нас і ў далейшым.

Нэлі АСТРЭЙКА