мобильная версия
Прамень

"Прамень" у доме

Нумар - №153-155    Рубрыка - Калонка рэдактара

21.09.2010

Добры дзень, паважаныя нашы чытачы! Вось і адкрасавала лета. Работы прыбавілася і ў полі, і дома. Да халадоў трэба навесці парадак і на прысядзібных участках, сабраць ураджай. А ў гэтым годзе ўраджай нядрэнны ва ўсіх: урадзіла і бульбачка, і памідорчыкі, і гарбузы. Радуюць нас і сады сваімі яблыкамі. Здаецца, усё нядрэнна. Нездарма ёсць прымаўка: "Хто працуе, той і мае".
Увесь гэты час побач з вамі імкнулася быць і наша раённая газета "Прамень". Мы расказвалі пра навіны ў рэспубліцы, у вобласці, і абавязкова нашы раённыя, расказвалі пра вас, вашы поспехі, справы. Спадзяёмся, што маленькім нашым чытачам спадабаўся дзіцячы "Праменьчык". Вельмі вам удзячны за пісьмы, допісы, тэлефанаванні ў рэдакцыю. Мы рады, што многім дапамаглі вырашыць хвалюючае пытанне пры дапамозе рубрык "На сувязі - рэдакцыя", "Газета выступіла. Што зроблена?", "SMS-дыялог з уладай". Нам цікава і ваша думка. Нездарма заваявала папулярнасць рубрыка "Думка народа", бліц-апытанне.
А ў газеты ўжо шаноўны ўзрост. Сёння нам - 71 год. Дазвольце павіншаваць вас, нашых чытачоў, ветэранаў, друкароў, няштатных карэспандэнтаў, нашых заснавальнікаў, усіх супрацоўнікаў рэдакцыі з днём нараджэння газеты - у гэты дзень выйшаў першы нумар газеты "Прамень". Жадаю творчых здзяйсненняў, журналісцкіх поспехаў, добрага здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымізму.
Час бяжыць. Пачалася падпіска на апошні квартал 2010 года. Шаноўныя нашы чытачы, я спадзяюся, што вы не забудзецеся аформіць падпіску на сваю любімую раённую газету "Прамень". Тут вы прачытаеце самую дакладную інфармацыю з кампетэнтных крыніц, атрымаеце адказы на самыя розныя пытанні, знойдзеце што прачытаць для спажывы душы, можаце павіншаваць сваіх блізкіх ці знаёмых са значнай падзеяй у іх жыцці, даць аб'яву ці рэкламу. Акрамя таго ўвесь гэты матэрыял знойдзе месца і на інтэрнэт-сайце нашай газеты, г.зн. пра вас будзе ведаць увесь свет. Наша стаўбцоўская газета "Прамень" адкрыта для думак і меркаванняў. Не адкладвайце на заўтра тое, што можна зрабіць сёння: падпішыцеся на раённую газету. Наша газета - адна з самых танных. Кошт яе застаецца ранейшым.
Стаўбцоўшчына - край вядомых паэтаў і пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, край цудоўных прыгожых мясцін, край, "дзе льецца Нёман срэбраводны…" І гэта яшчэ больш натхняе наш рэдакцыйны калектыў на творчую, стваральную працу. Будзем старацца апраўдаць вашы надзеі.
Поспехаў усім. Да хуткай сустрэчы ў ІV квартале 2010 года.

Нэлі Астрэйка