Арыенціры развіцця
Нумар - №10-11 Рубрыка - Да дня інфармавання
18.01.2011
Тэма дня інфармавання насельніцтва 20 студзеня г.г. "Першы год новай пяцігодкі. Асноўныя арыенціры развіцця краіны ў 2011 годзе". Публікуем матэрыял, прапанаваны ідэалагічным аддзелам райвыканкама.
Бягучы, 2011 год з'яўляецца стартавым годам новай пяцігодкі. Стратэгія і асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў былі вынесены на шырокае грамадскае абмеркаванне і адобраны на ІV Усебеларускім народным сходзе.
Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, расстаўляючы акцэнты далейшага развіцця дзяржавы, падкрэсліў: "Наш сацыяльна-палітычны курс не на словах, а на справе даказаў сваю эфектыўнасць… Мы навучыліся вырашаць любыя задачы і здольны паспяхова працаваць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі. Цяпер нельга спыняцца… Наша работа ў мінулым па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што належыць зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі.
У сувязі з гэтым асноўныя мэтавыя арыенціры і прагнозныя параметры на 2011 год з'яўляюцца вельмі напружанымі, забяспечваючымі фарсіраваны рух наперад.
На аснове паступальнага росту і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі будзе забяспечвацца павышэнне даходаў і якасць жыцця насельніцтва. За год рэальныя даходы грамадзян павялічацца на 8-9,5 працэнта. Гэта развейвае сумненні, якія спрабавалі пасеяць апазіцыйныя сілы ў грамадстве ў час апошніх прэзідэнцкіх выбараў, у паслядоўнасці і дзейнасці намаганняў улады ў даным накірунку.
Сярэднегадавая заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы ўзрасце на 35 працэнтаў. Істотна павысіцца аплата працы ў рэальным сектары. Мінімальная заработная плата, якая ў лістападзе 2010 г. была павышана да 400 тысяч рублёў, з пачатку сёлетняга павялічваецца яшчэ на 15 працэнтаў. Мінімальна гарантаваны памер аплаты працы ў краіне перавысіць рысу беднасці ў 1,6 раза і будзе адпавядаць узроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту.
у 2011 годзе застанецца нязменная высокая сацыяльная накіраванасць бюджэту краіны. За кошт павышэння заработнай платы, пенсій, стыпендый, забеспячэння іншых сацыяльных гарантый грамадзян мяркуецца значны рост у структуры бюджэту так званага "сацыяльнага пакета". Так, калі ў 2009 годзе доля зарплаты і транфертаў насельніцтву складала 31,5 працэнта расходаў бюджэту, у 2010-ым - 34,3, то ў 2011 годзе - 43,5 працэнта. Павелічэнне бюджэтных асігнаванняў запланавана па ўсіх базавых галінах сацыяльнай сферы - аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і інш. Калі ў цэлым расходы бюджэту ўзрастуць у 2011 годзе на 18 працэнтаў, то расходы на ахову здароўя, адукацыю і сацыяльны блок - на 40.
Актыўнымі тэмпамі будуць весціся будаўніцтва і рэканструкцыя школ, дзіцячых ясляў-садоў і іншых адукацыйных устаноў. У 2011 годзе прадугледжана пабудаваць і рэарганізаваць 122 школы, здаць больш за 20 дашкольных устаноў, іншыя аб'екты. Так, Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на бягучы год запланавана ўвесці ў эксплуатацыю корпус факультэта міжнародных адносін БДУ, студэнцкія інтэрнаты № 9 і № 10 комплексу "Студэнцкая вёска", трэцюю чаргу корпуса механізацыі БАТУ, Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы і многія іншыя важныя сацыяльныя аб'екты.
У бліжэйшай перспектыве павінна быць закончана буйнамаштабная мадэрнізацыя арганізацый аховы здароўя. У 2011 годзе прадугледжваецца рэканструяваць рад карпусоў і блокаў 5 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў - гематалогіі і трансфузіялогіі, неўралогіі і неўрахірургіі, псіхічнага здароўя, пульманалогіі і фцізіятрыі, "Маці і дзіця", увесці ў эксплуатацыю медыка-адміністрацыйны корпус ДУ "Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы" ў пас. Ждановічы Мінскага раёна, пачаць будаўніцтва дыягнастычнага корпуса РНПЦ "Кардыялогія". Для патрэб рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў і арганізацый аховы здароўя абласнога і міжраённага ўзроўняў прадугледжаны закуп вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі імпартнай вытворчасці на суму больш за 100 мільёнаў долараў ЗША. Пры гэтым у рамках імпартазамяшчэння запланаваны прырост вытворчасці прадукцыі айчыннай медыцынскай прамысловасці не менш чым на 15 мільёнаў долараў штогод.
У бюджэце назіраецца і нарастанне дзяржаўных субсідый па аказанню паслуг ЖКГ, транспартных паслуг, фінансаванню будаўніцтва жылля і рамонту жыллёвага фонду. У суме гэтыя расходы ўзрастуць на 45 працэнтаў.
у гэтым годзе ў Беларусі павінна быць уведзена 7,5 мільёна кв. м жылля, на 7,8 працэнта больш, чым у 2010 годзе. Пры гэтым у сельскіх населеных пунктах і малых гарадах прадугледжана пабудаваць 2 198 тысяч кв. м, ці 29,3 працэнта ад агульнага аб'ёму жыллёвага будаўніцтва ў краіне. На фінансаванне будаўніцтва жылля для льготных катэгорый грамадзян прадугледжваецца накіраваць 140 мільярдаў рублёў.
Будуць пашыраны аб'ёмы жыллёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву, пры павышэнні іх якасці. Так, заданні па капітальнаму рамонту і цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага фонду на 2011 год павялічаны да 1402 тысяч кв. м, запланавана замяніць 740 км цеплавых сетак.
Для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой да 2016 года прадугледжана пабудаваць 768 станцый абезжалезвання, увесці 2035 км водаправодных сетак і 476 артэзіянскіх свідравін. У прыватнасці, плануецца ажыццявіць паэтапны перавод г. Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц. Рэалізацыя першага этапа дазволіць замяніць да 2015 года больш за 31 працэнт павярхоўнай вады, якая падаецца спажыўцам, на артэзіянскую. Будзе працягнута работа па будаўніцтву смеццеперапрацоўчых заводаў у абласных цэнтрах і буйных гарадах рэспублікі з прымяненнем навейшых тэхналогій.
Пры гэтым захаваецца субсідзіраванне паслуг ЖКГ, што дазволіць пазбегнуць значнага росту тарыфаў на іх.
з мэтай паслядоўнага павышэння якасці жыцця сем'яў з дзецьмі працягнута дзеянне прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" і Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на новы пяцігадовы перыяд. Іх рэалізацыя прадугледжвае перыядычнае павышэнне памераў дзіцячых дапамог, развіццё сістэмы льготнага крэдытавання пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылля для маладых і шматдзетных сем'яў, узмацненне дыферэнцыяцыі сацыяльнай падтрымкі сем'яў у залежнасці ад колькасці дзяцей, прыярытэтнае стымуляванне нараджэння другіх і наступных дзяцей. У 2011 годзе на 14 каляндарных дзён прадугледжваецца павялічыць дародавы водпуск. Прыярытэтная ўвага па-ранейшаму будзе ўдзяляцца будаўніцтву і рэканструкцыі спартыўных збудаванняў, прыцягненню насельніцтва да сістэматычных заняткаў спортам. У рэспубліцы функцыянуе 25,8 тысячы аб'ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння, у тым ліку больш за 12 тысяч плоскасных спартыўных збудаванняў, 24 спартыўныя арэны са штучным лёдам. У аграгарадках праведзены рэканструкцыя і рамонт 715 фізкультурна-спартыўных аб'ектаў, уведзена ў строй 180 новых. Рад іх будзе ўведзены і ў 2011 годзе.
у бліжэйшыя гады якаснае развіццё павінна атрымаць і сфера турызму. Актывізуецца работа па абнаўленню і распрацоўцы новых экскурсій і тураў па Беларусі, стварэнню міжнародных турыстычных маршрутаў з выкарыстаннем патэнцыялу міжнародных арганізацый. Пры гэтым прыярытэтная ўвага будзе ўдзяляцца развіццю турыстычнай індустрыі, абсталяванню паркаў і заказнікаў, зон адпачынку, спадарожнай інфраструктуры рэк і азёр, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, аўтамабільных дарог. У бліжэйшыя 5 гадоў у краіне плануецца пабудаваць, рэканструяваць і адрамантаваць не менш за 200 турыстычных аб'ектаў. У прыватнасці, на сёлетні год у сувязі з 200-годдзем Айчыннай вайны 1812 года запланавана распрацоўка з удзелам турагентаў з Расіі тураў па месцах гістарычных падзей. Нагадаем, што ёсць яны і на Стаўбцоўшчыне. У 2011 годзе прадугледжваецца ўвесці першы этап комплексу Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж".
Атрымаюць далейшае развіццё сацыяльнае абслугоўванне і адрасная сацыяльная дапамога грамадзянам, якія маюць у ёй патрэбу. У бягучым і наступныя гады будуць актывізаваны намаганні дзяржавы па стварэнню безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб, іх інтэграцыі ў грамадства.
Беларусь па праву можа ганарыцца высокім узроўнем занятасці ў краіне. Важным вынікам мер, што ажыццяўляюцца ў гэтым накірунку, стала вырашэнне праблем сельскага і рэгіянальнага беспрацоўя. У параўнанні з 2005 годам колькасць беспрацоўных на сяле знізілася больш чым у 15 разоў і практычна зраўнялася з колькасцю наяўных там вакансій. У цэлым жа ўзровень беспрацоўя складае ўсяго 0,7 працэнта ад фізічна актыўнага насельніцтва. У 2011 годзе ў Беларусі будзе створана і мадэрнізавана 160 тысяч новых рабочых месцаў, значная частка з іх - у высокатэхналагічнай вытворчасці і сферы паслуг.
Рост галоўнага макраэканамічнага паказчыка - валавога ўнутранага прадукту (ВУП) - прагназуецца па краіне на ўзроўні 109-110 працэнтаў. Прычым прырост дабавіцца да ўжо дасягнутай дастаткова высокай базы. Аб'ёмы вытворчасці павялічацца ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, у тым ліку ў прамысловасці - на 9-9,5, сельскай гаспадарцы - на 7-8 працэнтаў. Апераджальнае развіццё атрымае сфера паслуг.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасным параметрам работы прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым. Важным арыенцірам стане рэнтабельнасць продажу, які ў прамысловасці павінен скласці не менш за 8-9, сельскай гаспадарцы - 6-8 працэнтаў.
З мэтай забеспячэння збалансаванага развіцця рэгіёнаў і дасягнення ўстаноўленых параметраў эканамічнага росту аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўпершыню ўстанаўліваюцца заданні па аб'ёмах валавога рэгіянальнага прадукту.
Адной з важнейшых задач з'яўляецца выхад на працягу бліжэйшых гадоў на станоўчае сальда знешняга гандлю. Скарачэнню дэфіцыту знешняга гандлю будзе спрыяць далейшае нарошчванне экспартнага патэнцыялу. У 2011 годзе прагназуецца рост аб'ёмаў экспарту тавараў і паслуг на 16 працэнтаў. Цяпер на экспарт пастаўляецца больш за 77 працэнтаў прадукцыі, якую выпускаюць металургічныя прадпрыемствы, каля 75 працэнтаў прадукцыі трактарабудавання і звыш 32 працэнтаў - сельгасмашынабудавання.
З мэтай актывізацыі экспартных паставак рэалізуюцца меры па пашырэнню геаграфіі продажу, стварэнню новых аб'ектаў тавараправодзячай сеткі, удасканаленню фінансавых механізмаў падтрымкі экспарту. За апошнія два гады Беларусь выйшла на рынкі 34 новых дзяржаў. Створана ў тры разы больш зборачных прадпрыемстваў за межамі рэспублікі - з 27 да 92.
Важнейшы фактар забеспячэння эканамічнага росту ў 2011 годзе - далейшае ажыццяўленне палітыкі рэсурсазберажэння. Энергаёмістасць ВУП павінна быць зніжана за год на 6-7 працэнтаў.
Выхад на мэтавыя прагнозныя паказчыкі прадугледжвае рэалізацыю мер па павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, актывізацыю працэсаў мадэрнізацыі і структурнай перабудовы. Беларусь зрабіла істотны крок па шляху інавацыйнага развіцця. На працягу апошніх гадоў былі мадэрнізаваны практычна ўсе галіны эканомікі. У краіне пабудавана і мадэрнізавана больш за 500 прадпрыемстваў, створана 105 новых вытворчасцей, укаранёна 359 новых тэхналогій. Толькі ў галіне электраэнергетыкі ў 2006 - 2010 гг. рэалізаваны 21 праект. У тым ліку пабудавана 6 міні-ГЭС і 3 ТЭЦ на мясцовых і ўведзена ў эксплуатацыю больш за 1,4 тысячы котлаагрэгатаў на мясцовых відах паліва. Актыўна перааснашчаюцца прадпрыемствы нафтахімічнай галіны, машынабудавання, сельскай гаспадаркі. Практычна поўнасцю мадэрнізавана перапрацоўчая прамысловасць.
Разам з тым сёння ўжо недастаткова проста мадэрнізацыі асобных прадпрыемстваў ці галін. Прадугледжваецца паслядоўная змена вобліку беларускай эканомікі шляхам стварэння яе новых галін, заснаваных на ведах, інфармацыйных тэхналогіях з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў.
Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача рэалізаваць у кожнай вобласці і г. Мінску не менш як 25-30 знакавых дзяржаўных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў. Іменна стварэнне новых вытворчасцей забяспечыць рост інавацыйнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю і канкурэнтаздольнасцю, стане адным з асноўных шляхоў выхаду беларускіх прадпрыемстваў на сусветныя рынкі. Прыярытэтнымі накірункамі стварэння новых вытворчасцей у 2011 годзе будуць: святлодыёдная тэхніка; павелічэнне вытворчасці будаўнічых матэрыялаў; асваенне выпуску легкавых аўтамабіляў і камплектуючых да іх; стварэнне вытворчасці ліставога пракату для айчыннага машынабудавання, а таксама новых вытворчасцей, заснаваных на глыбокай перапрацоўцы нафтапрадуктаў, драўніны, сельгаспрадукцыі. Для ацэнкі вынікаў інавацыйнай актыўнасці прадпрыемстваў упершыню ўводзіцца паказчык "удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі". У 2011 годзе яго велічыня ў цэлым па эканоміцы павінна скласці 12-13 працэнтаў. Найбольшае значэнне прагназуецца ў Міністэрстве прамысловасці - 38 працэнтаў.
Галоўныя крыніцы росту і мадэрнізацыі - інвестыцыі ў асноўны капітал. На развіццё эканомікі ў 2011 годзе будзе накіравана звыш 68 трыльёнаў рублёў інвестыцый. У параўнанні з 2010 годам іх аб'ём узрасце на 16-17 працэнтаў. Звыш 55 працэнтаў ад агульнага аб'ёму інвестыцый мяркуецца выкарыстаць на мадэрнізацыю і стварэнне рабочых месцаў, парадку 27 працэнтаў - на будаўніцтва жылля і больш за 16 працэнтаў - на сацыяльныя праграмы і праекты.
У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць набывае прыцягненне прамых замежных інвестыцый. У першую чаргу гутарка ідзе аб замежных інвестыцыях, што дазволяць прымяняць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, перадавых інавацыйных тэхналогіях, з забеспячэннем доступу на сусветныя рынкі тавараў і паслуг.
Пастаўлена задача прыцягнення ў 2011 годзе ў эканоміку краіны 6,4-6,5 мільярдаў долараў прамых замежных інвестыцый. Яе дасягненню будзе спрыяць выкананне даручэння кіраўніка краіны аб уваходжанні рэспублікі ў лік 30 дзяржаў з лепшым бізнес-кліматам.
Грашова-крэдытная палітыка ў 2011 годзе нацэлена на захаванне фінансавай стабільнасці, садзейнічанне ўстойліваму эканамічнаму росту. Захаваецца стабільнасць на валютным рынку. Змяненні курсу беларускага рубля да карзіны замежных валют у 2011 годзе запланаваны ў межах плюс-мінус 8 працэнтаў (у 2010 годзе - плюс-мінус 10 працэнтаў). Золатавалютныя запасы па банкаўскіх крэдытах могуць знізіцца да 11-13 працэнтаў гадавых, а даходнасць рублёвых дэпазітаў у 9-11 працэнтаў гадавых дазволіць захаваць іх прыцягальнасць.
Асаблівасцямі 2011 года стануць выкарыстанне новых матывацыйных механізмаў і пераход да эканомікі ініцыятыў. Краіна робіць стаўку на максімальную актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы, выкарыстанне лепшага сусветнага вопыту для павышэння эфектыўнасці гаспадарання ва ўсіх галінах і на ўсіх прадпрыемствах.
Важна, што развіццё малога бізнесу ажыццяўляецца не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях сельскай мясцовасці.
На стварэнне ўмоў для стабільнага росту і лібералізацыі эканомікі, забеспячэнне спрыяльнага клімату для інвестыцый і інавацый арыентавана падатковая палітыка. З 2011 года адмяняюцца 5 абавязковых плацяжоў (мясцовы збор на развіццё тэрыторый, падатак на паслугі і тры плацяжы экалагічнага падатку), што прывядзе да зніжэння падатковай нагрузкі на 0,4 працэнты да ВУП і пакіне ў распараджэнні плацельшчыкаў звыш 700 мільярдаў рублёў.
2011 год стане важнай вяхой у эканамічным развіцці Беларусі, у далейшым павышэнні дабрабыту насельніцтва, рэалізацыі галоўнай стратэгічнай задачы новага пяцігоддзя - увайсці ў лік 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу.
Канкрэтныя накірункі і лічбы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на наступіўшы год і пяцігодку будуць прыводзіцца ў далейшых публікацыях "Праменя"






