Дапамагчы птушкам перажыць зіму
Нумар - №12-14 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
21.01.2011

Зіма - гэта самы суровы час года для нашых крылатых суседзяў. У асабліва халодныя зімы гіне 8 з 10 дробных птушак. Таму Стаўбцоўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае жыхароў звярнуць вагу на праблемы пярнатых.
Перш за ўсё неабходна ўсвядоміць наступнае. Калі прынялі рашэнне падкормліваць птушак, рабіць гэта належыць рэгулярна - кожны дзень, лепш у адзін і той жа час, да канца зімы, пакуль не сыдзе снег. Асабліва важна прытрымлівацца такога правіла ў месцах індывідуальных падкормаў (на балконе, каля вашага акна). Калі ў птушак, якія харчуюцца на "грамадскіх" кармушках - у парках, дварах школ і дзіцячых садоў, - ёсць гарантыя, што іх абавязкова пакормяць, то каля жылых дамоў, кватэр лёс пярнатых вырашае адказнасць гаспадара. Раптоўнае закрыццё "сталовай" зімой нанясе птушкам значна большую шкоду, чым рашэнне не карміць іх наогул. Сіла прывычкі, інстынкту такая, што змяніць яе птушцы вельмі цяжка, немагчыма.
Калі рашэнне падкормліваць птушак прынята, належыць сур'ёзна аднесціся да выбару прадуктаў. З меню адразу і рашуча трэба выключыць любую салёную страву. Таму калі ў вас з сабой толькі пакет салёных семак ці сухарыкаў, лепш устрымайцеся ад кармлення, вярніцеся да кармушкі на наступны дзень з патрэбным наборам прадуктаў. З рацыёну таксама выключаем любыя аб'едкі з вашага стала. І ніякіх кашаў! Нават калі каша не пасолена, яна так хутка застыне на марозе, што будзе выглядаць здзекам над птушкай - ежа быццам бы ляжыць, ды з'есці яе немагчыма.
Добра прапанаваць птушкам сырыя сланечнікавыя семкі, свежыя арэшкі, ні ў якім разе не салёныя. Ну а далей - старайцеся. Калі хочаце пабалаваць птушак, можна прапанаваць ім ачышчаныя семкі, аблегчыўшы тым самым працэс ачышчэння. Фундук і арахіс могуць прыцягнуць да вашай кармушкі больш рэдкіх наведвальнікаў - дзятлаў і попаўзняў. А калі насыплеце ў кармушку ягад (марожанай вішні, парэчкі, рабіны, брусніц), ёсць шанц сустрэцца з драздамі, снегірамі, амялушкамі.
У вялікія маразы птушак выратоўвае больш каларыйная ежа. У такую пару пярнатыя будуць удзячныя вывешанаму кавалачку свежага сала - да яго прыляцяць як сініцы, так і дзятлы. А каб сала прынесла карысць іменна гэтым птушкам, а не варонам, якія снуюць паўсюдна, яго лепш падвесіць на галінку так, каб яно звісала і боўталася ў паветры.
Пры канструяванні кармушкі з пластыкавай бутэлькі не забудзьце абматаць абрэзаныя краі ізалентай, тым самым вы абясшкодзіце птушак ад выпадковых парэзаў. Акрамя таго, выкарыстоўваючы яркую ізаленту, прыцягнеце ўвагу пярнатых да кармушкі.
Калі вы хочаце дэкарыраваць кармушку, не наносьце кругавыя ўзоры, якія могуць нагадваць птушкам вочы. Такія кармушкі птушкі стараюцца пазбягаць, баяцца падлятаць да страшнавокага "страшыдлы".
Пры канструяванні індывідуальнай кармушкі на балконе паглядзіце, ці няма паблізу ад вашага балкона кустоў ці дрэва. Бо многія птушкі стараюцца схапіць апетытны кавалачак і адляцець з ім убок, дзе яны могуць спакойна прыступіць да ежы. Калі такі ціхі куток знаходзіцца надта далёка ад кармушкі, птушка будзе шукаць сталовую бліжэй, каб не расходаваць энергію на палёты. У такім выпадку вы можаце прымацаваць да кармушкі пару галінак, якія будуць карыстацца вялікай папулярнасцю.
Таксама хацелася б звярнуць увагу жыхароў раёна на тое, што да 31 студзеня грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) у супрацоўніцтве з Цэнтрам па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук праводзіць улік зімуючых вадаплаўных і каляводных птушак.
Арганізацыя звяртаецца да ўсіх аматараў прыроды з просьбай заглянуць на бліжэйшы вадаём, палічыць зімуючых вадаплаўных птушак і паведаміць у АПБ аб відавым саставе і колькасці ваодна-балотных і каляводных птушак, што зімуюць на незамярзаючых участках вадаёмаў.
Даныя назіранняў можна выслаць у сакратарыят АПБ да 7 лютага на адрас: а/я 81, Мінск, 220023 ці адправіць SMS на кароткі нумар 0841. Вынікі ўліку таксама можна паведаміць па мінскаму тэлефону (8-017) 263-01-30, выслаць па электроннай пошце info@ptushki.org або пакінуць на форуме сайта http://www.ptushki.org у адпаведным раздзеле.
Тыя, хто хоча акрамя спіска відаў паведаміць аб сваіх уражаннях ад сустрэчы з птушкамі, перадаць фотаздымкі, могуць пакінуць свае назіранні ў адпаведным раздзеле сайта www.birdwatch.by






