Падзеі і здарэнні
Нумар - №12-14 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
21.01.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 5 шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арцёму Лагачову, Аляксею Рубіну, Максіму Шэліну, Яне Ждановіч, Кірылу Тарасенку, Вікторыі Пяткевіч, Ганне Мураўёвай, Кацярыне Бычкевіч і Ягору Губанаву.
Зямны шлях закончыўся для 13 чалавек.
У пажарнай часці згадалі 2 вогненныя здарэнні. Ноччу, акурат на стары Новы год, успыхнуў дачны дом на хутары Уса (у Налібацкім сельсавеце). Ад дома нічога не засталося, і адна з найбольш верагодных прычын пажару, якая разглядаецца, - гэта падпал. Ноччу 16 студзеня агонь пашкодзіў лазню новасвяржаніна. Устаноўлена, што пажар узнік з-за парушэнняў пры наладцы пячнога ацяплення.
Міліцыяй узбуджана 8 крымінальных спраў. Сварка ўспыхнула ў дачным доме ў вёсцы Падзерычы: абвінавачаны пагражаў сваёй сужыцельцы забойствам, нанёс ёй цялесныя пашкоджанні. Бойка, адзначаная траўмамі, здарылася і ў Дзераўной. У бальнічнай палаце, у хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы пацыент паквапіўся на грошы свайго таварыша па хваробе. Нечакана прапалі грошы і з кашалька работніцы ў кабінеце аднаго з прадпрыемстваў. Непадалёку ад кафэ-бара "Дыяген" двое зламыснікаў у нецвярозым стане "распатрашылі" жаночую сумачку. З аўтамабіля, які знаходзіўся на падворку вёскі Сосенка, прапалі вадзіцельскае пасведчанне і іншыя дакументы.
З пад'езда жыллёва-будаўнічага кааператыва "Стаўбчанка", які будуецца, зніклі ацяпляльныя батарэі, а з прыбудовы да гімназіі - перфаратар, які належаў ТАА "Тэхнабудрэсурс".
Суд асудзіў на 1 год выпраўленчых работ аматарак лёгкай нажывы: дзве жанчыны, жыхаркі Нясвіжскага раёна, трапілі ў зашклёную альтанку на падворку дома ў вёсцы Даўнаршчына і вынеслі адтуль ўсемагчымыя гаспадарчыя прылады на суму больш за 300 тысяч рублёў. Тэрмінам на паўгода арыштаваны 47-гадовы жыхар Карэліцкага раёна: мужчына не прайшоў міма дачнага дома ў вёсцы Залужжа і, дарэчы, крадзеж гэты ў яго - паўторны. На 700 тысяч рублёў суд аштрафаваў прыватнае прадпрыемства "Шато Інвест". Атрыманы ім у Стоўбцах па вул. Кірава зямельны ўчастак у пастаяннае карыстанне для абслугоўвання мэблевага цэха на працягу двух гадоў не даваў ніякай карысці. За гэты час названым прадпрыемствам не было наладжана ніякай вытворчасці, а сам участак кінуты на запусценне.
ДАІ выявіла 142 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод правапарушальнікаў - 7 бяспраўных, 4 нецвярозыя вадзіцелі (на дзяржтранспарце рухаўся ў такім стане і механізатар сельгаскааператыва "Вішнявецкі"), 23 недысцыплінаваныя пешаходы. На дарогах раёна адбылося 11 дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, абышлося без пацярпеўшых.
"Хуткая" выязджала да хворых 259 разоў, у прыватнасці, 12 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. У сувязі з пагоднымі ўмовамі і слізкімі пешаходнымі дарожкамі, вырасла колькасць пацыентаў з траўмамі канечнасцей. Будзьце асцярожныя, беражыце сябе.






