мобильная версия
Прамень

Смелы і ў бядзе не прападзе

Нумар - №12-14    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

21.01.2011

Фотография 1

Колькі разоў даводзілася чуць пра кемлівасць жывёлін. У цяжкіх абставінах шукаюць яны абароны ад чалавека. А калі чалавек гэты са стрэльбай? Вось што расказаў мне знаёмы паляўнічы.

"У той дзень я паляваў непадалёку ад вёскі, да якой з трох бакоў зубчастай сцяной падступаў ельнік. Снег быў ужо даволі глыбокі. Я ведаў, што зайцы ў такое надвор'е ў пошуку ежы кіруюцца да жылля чалавека. На дарогах яны жывяцца растрэсеным сенам, забіраюцца ў сады і агароды.

Мой разлік аказаўся правільным. Як толькі выйшаў на дарогу, па якой з лугу вазілі сена, прыкмеціў сляды зайцавых лап. Сабака адразу ажывіўся і панёсся ў хмызняк. Неўзабаве яго брэх абудзіў цішыню зімовай раніцы. І тут бяляк выкаціўся з кустоў на дарогу, на момант спыніўся, а затым імкліва кінуўся… у бок вёскі.

"Ну і смяльчак", і дзе ты там дзенешся", - падумаў я. Па дарозе ўжо паспеў праехаць трактар. Церпкія пахі сенажу і маторнага паліва, безумоўна, перабілі ўсе астатнія. Таму сабака зусім збіўся з тропу, кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, залівіста брахаў.

Тады я пашыбаваў да вёскі. Спадзяваўся, што заяц дзе-небудзь саскочыць з дарогі на заснежанае поле. Але слядоў не было відаць.

На вуліцы вёскі на санках коўзаліся дзеці. Наўрад ці заяц асмеліўся прабегчы міма іх. Можа назад у лес падаўся? Усё ж я ўважліва прыгледзеўся. Каля бурта тарфакрошкі, скінутай паблізу ад фермы, нешта падазрона тырчэла. Заячыя вушы?

Калі я подбегам наблізіўся да бурта, то ніякіх вушэй і следу не засталося. Але ў снежным сумёце відаць была свежая нара. Толькі я падышоў да яе, снег слупам узляцеў уверх, і стрымгалоў паімчаўся мой ашуканец. Я яго толькі вачыма праводзіў: ну і смяльчак!"

Ф. ФЯДОТАЎ