мобильная версия
Прамень

Вянок вякоў спляла Сула

Нумар - №12-14    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

21.01.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

У працяг размовы аб адметных мясцінах нашага раёна завітаем  у Наваполле. Знешне, здавалася б, ціхі куток. Але ж і асаблівы, калі з жыццёвым вопытам вяртаешся да таго, што высвечвае ў памяці праз гады.

Брукаванка. Звыклая для многіх, сёння заасфальтаваная дарога, у Ячонцы паварочвае направа - і падарожнік спяшаецца на хуткім аўто ў Засулле, Рубяжэвічы, Івянец. А ў левы бок доўжыцца вясковая вуліца, акаймаваная старымі бярозамі, вязамі ды клёнамі. Праз метраў 300 зноў паварот направа. Даволі шырокая, але палявая, пясчаная дарога, размытая ад частых дажджоў і зімовых адліг. І раптам колісь абады колаў,  а цяпер шыны легкавікоў знаходзяць трывалы грунт - пачынаецца брукаванка…

"Няхай крыху патрасе, ды не зломіцца вось у калясе. Не скінецца з воза, не лясне, брычка ў балоце не загразне…" Мроіцца, што зноў я еду з бацькам, парыпваюць колы, конік не спяшаецца, не будуць яму даваць прынукі, бо з грузам, з вясковым скарбам. Мякка сядзець на мяху і цёпла ад свежазмолатай мукі.

Брукаванка - часцінка вясковага пейзажу, сёння стала ўжо экзотыкай. А было ж, масціліся ёю ледзьве не ўсе цэнтральныя дарогі. Тая ж шаша Стоўбцы  - Рубяжэвічы не поўнасцю, бо справа дарагая, а ўсё ж на значных адрэзках была забрукавана. Старажылы прыгадвалі, як за полькім часам практычна кожнаму двару даводзілі "шальварку" - заданне па машчэнню дарогі. Гаспадары запрагалі коней, збіралі на палях каменне (гэтага дабра заўсёды хапала) і звозілі да дарожнай паласы. А там мясцовыя майстры падбіралі камяні па памерах і форме, шліфавалі і грунтавалі так, што ніякія ліўні не маглі разбурыць гэтую каменную стужку.

Забыта майстэрства, забываюцца і імёны майстроў. А па ўспамінах, стаўбчане лічацца сярод тых, каму нават выпала масціць плошчы ў сталіцы. Былі і такія спрэс каменныя плошчы і вуліцы, яшчэ да эры бетону і асфальту, нават у буйных гарадах. Цяпер гэта рарытэт, стылізацыя пад старыну, якую стараюцца захаваць, каб надаць старажытны каларыт гораду ці паселішчу. Дзе бачыў падобнае? У Каўнасе, Гродне, Баранавічах… Жыццё прынесла ў побыт сучасныя, больш падатлівыя і гладкія матэрыялы. Але ў адрозненне ад каменя ці скажам, што яны вечныя?

Думкі сягаюць далёка ад дарогі, па якой мы сёння едзем. А дарогі вядуць да паселішчаў. Гарады і вёскі звычайна ж будаваліся каля вады - возера, рэчкі, рачулкі, паўнаводнай ракі…

Сула. Малодшая дачка Нёмана, якая, як Бярэзіна, Вілія, Свіслач, вядзе адвечны свой бег да бацькі беларускіх рэк. Гэта калі лірычна, а як фактычна, то яна поўнасцю наша, стаўбчанка. Выток каля вёсачкі Таўкачоўшчына і вусце - побліз Беражнага. А так усе тры адсоткі кіламетраў нясе свае хвалі па тэрыторыі нашага раёна.

Атульваюць яе сонечныя бары, аксамітныя лугі-паплавы. Не надта глыбокая, не вельмі шырокая, але са сваім непаўторным воблікам і характарам.

На веласіпедзе не такі ўжо доўгі шлях. Адно што горача, задуха. Хутчэй бы асвяжыцца! Кідаюся ў зеленаватую плынь, і ажно дрыжыкі ад холаду. Выскокваеш на бераг пад шчодрыя праменні летняга сонца. І зноў неадольна цягне ў ваду, якая ўжо не здаецца такой ледзяной. А ўвогуле эфект прыблізна той жа, як распаранаму ў лазні хочацца абліць сябе струменем халоднай вады, а пры зімовай магчымасці нават расцерці цела снегам. Загартоўваючы эфект!

 Не падлічана, колькі сцюдзёных, празрыстых крыніц жывяць плынь Сулы. Пэўна, не адна сотня, можа й тысячы. Гэта сапраўды жывая вада. І цяпер тут вядзецца царская рыба - стронга, ці фарэль, якая патрабуе выключна чыстай вады. А з гісторыі - па ўспамінах, сам князь Радзівіл заказваў для каралеўскіх пачастункаў свежую рыбу менавіта з Сулы.

Калі ж скіруемся да гістарычных дат і падзей, то на даляглядзе мінулага стагоддзя ўявім калючы дрот мяжы, што апярэзваў панскую Польшчу ад савецкай Расіі. Месцамі граніца цягнулася і паўз Сулу, прыгадаем Коласа: "А там, за Сулю, па той бок граніцы…"  - Рубяжэвічы, Зарэчча, Засулле, Наваполле…

Наваполле. Канчатковы пункт нашага маршруту. Вёсачка, месца для хаця б кароценькага слова пра якую не знайшлося ў нашай настольнай энцыклапедыі "Памяць. Стаўбцоўскі раён". Дык гэта ж не значыць, што яе не было і няма. Ёсць, жыве! І ў паэтычных радках Казіміра Камейшы, Івана Рубіна, і ў памяці нашчадкаў тых, хто там жыў.

А хто цяпер жыве? З пастаянных жыхароў назавём Лідзію Хмель. Увішная, вясёлая бабулька, гаспадарлівая. Гэта ж трэба было прыручыць ляснога дзіка, каб тупаў з ёю, як паслухмяны сабачка. Дачнікі, што тут атабарваюцца, дзівяцца - экзотыка.

Жывуць людзі, і не скажаш, што як на востраве. Аўталаўка наведвае, радыё і тэлебачанне кожнаму раскажуць і пакажуць, што робіцца на свеце. Дарога да Ячонкі - кіламетры тры. А вось у другі бок, у напрамку Трылесу, праз хісткі масток толькі пешшу пяройдзе  смелы. Ехаць жа ў аб'езд, аўтамабільны-аўтаматызаваны век.

Былыя тубыльцы прыгадалі б пра іншы, гаманкі і больш людны век вёскі. Але ўсё цячэ, сплывае, як адвечная плынь Сулы…

Вадзяны млын. Вёска паўнакроўна жыла пакуль, нібы сэрца, грукалі, круціліся жорны млына. Калі млынар Паплаўскі, нібы казачны волат, уключаў рычаг, і ажываў рухавік ад лопасцей турбіны, што клекатала ля плаціны за мастком. Млынар  змахваў з халата серабрысты кужаль мукі, выціраў з ілба пот - было завозна. Людзі пад'язджалі з вазамі, спяшаліся з мяхамі збожжа на плячы, засыпалі залатую струю жыта ці ячменю ў драўляныя "кішэні".

Млын не дажыў да свайго стагоддзя. Паціхеньку з развіццём калгасаў млынарская справа прыходзіла ў заняпад. І патухла слава пра вялікі млын, які абслугоўваў людзей і з даволі далёкіх вёсак, за межамі сённяшняга раёна.

Мур з чырвонай цэглы стаіць, разбураецца з часам. Маляўнічае месца -  спрабавалі тут ладзіць нават дом адпачынку. Ды не атрымалася. Прыгадваць прычыны мо ўжо і не варта. Дарагая рэстаўрацыя, апасенні, што не надта трывалы падмурак…

На якім жа падмурку трымаецца наша памяць? Можа ўсё ж зацікавіць каго ідэя адраджэння, стварэння тут, скажам, музея. Што да аграсядзібы, для якой тут самае прывабнае месца, то яна,  зразумела, пад назвай "Сула" была створана, мела папулярнасць. А што цяпер? Цяжка сказаць.

Вось на такой ноце даводзіцца заканчваць расказ пра адзін з родных куточкаў. Чаму ж 7 цудаў Стаўбцоўшчыны? Пералічым: брукаванка, рака Сула, вадзяны млын, гістарычная аздоба Наваполля. А яшчэ? Непаўторная прыгажосць лясоў, дзе і баравікі, і чарніцы - і іншыя зямныя дары. Шчодрасць палёў, прыгадаем недалёкую фермерскую гаспадарку "Сула" з яе рэкорднымі ўраджаямі бульбы. Летні росквіт лугоў, дзе спрэс лекавыя травы. Ды ці варта займацца фармальным, скажа чытач, у нечым нацягнутым падлікам. Скажам проста: кожная мясціна - цуд нашай Стаўбцоўшчыны, беларускай зямлі. Толькі ўважліва паглядзець, прыгадаць прапушчанае праз сэрца.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Фёдар БАНДАРОВІЧ