Падзеі і здарэнні
Нумар - №17-19 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
28.01.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 8 шлюбаў, зроблены 5 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены адзінаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арсенію Аксінчыцу, Мілане Галавацкай, Ганне Крыкала, Вікторыі Мілашэўскай, Софіі Крупеніч, Аляксандры Махнач, Паліне Марчанка, Глебу Грыгаровічу, Яўгену Капельяну, Яне Арцёменка і Уладзіславу Мілашэўскаму.
Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вячэрні выезд у суботу, 22 студзеня, у вёску Слабодка (Залужскі сельсавет). У адным з дамоў зафіксавана загаранне пасцельных рэчаў. На шчасце, ніхто не пацярпеў, але выяўлена шмат трывожных фактаў.
У чужой закінутай хаце пражывае без прапіскі мужчына 1974 года нараджэння. "Гаспадар" ужывае спіртное. Родам з Пухавіцкага раёна, у Слабодцы ён застаўся пасля адбыцця пакарання ў тутэйшай выпраўленчай установе адкрытага тыпу. Вядзецца разбіральніцтва.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прыцягнуты да адказнасці работнікі адной з камерцыйных фірмаў раёна, якія на тэрыторыі Акінчыцкага лясніцтва займаліся нарыхтоўкай і вывазкай драўніны з парушэннем ўстаноўленага парадку.
Суд пазбавіў волі на 2 гады 20-гадовага мінчаніна, раней неаднойчы судзімага: сярод белага дня малады чалавек сцягнуў у гандлёвым павільёне "Капейка" ў Стоўбцах курыцу і кулёк з цукеркамі.
За крадзеж, а таксама фальшывы данос абмежаваны ў волі на 1,5 года 28-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна. Ён, у нецвярозым стане, у інтэрнаце філіяла маторнага завода ўкраў у свайго знаёмага 750 тысяч рублёў, а потым заявіў у міліцыю, што і ў яго прапалі грошы - 600 тысяч рублёў.
Выпраўленчымі работамі тэрмінам на 1 год пакараны 20-гадовы жыхар Мінскага раёна: пасля сумеснага распіцця спіртнога са сваёй знаёмай у Наваколасаве, мужчына паквапіўся на яе кашалёк.
На 70 тысяч рублёў аштрафаваны 50-гадовы пацыент раённай бальніцы, які ў нецвярозым выглядзе ў прыёмным пакоі суправаджаў дзеянні медыкаў нецэнзурнай лаянкай.
ДАІ выявіла 162 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 6 бяспраўных і 7 нецвярозых вадзіцеляў (у тым ліку 28-гадовы механізатар сельгаскааператыва "Агранёманскі" рухаўся на трактары "МТЗ-1221"), 35 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 9 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Удзельнікі дарожнага руху паспелі заўважыць, што ў мінулыя пятніцу, суботу і нядзелю на дарогах раёна нёс службу экіпаж ДАІ баранавіцкай міліцыі. У гэты час стаўбцоўскі экіпаж працаваў у Баранавіцкім раёне.
"Хуткая" выязджала да хворых 233 разы, у прыватнасці, 9 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






