мобильная версия
Прамень

У Стоўбцах - асвячэнне крыжа

Нумар - №188-190    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

01.10.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Каб адчуць у поўнай меры пасхальную радасць, варта было прыйсці на ўрачыстасць асвячэння крыжа на месцы будаўніцтва храма Уваскрэсення Хрыстовага ва ўсходнім мікрараёне горада Стоўбцы. Падзея гэтая ў жыцці Свята-Уваскрэсенскага прыхода адбылася ў дзень вялікага праваслаўнага свята Узвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Гасподзь благаславіў гэты дзень сонечным, не па-восеньску цёплым надвор'ем. Стаўбчане маглі прыйсці на святочны малебен са сваімі дзецьмі. У гэтым мікрараёне горада, дзе згуртаваліся шматпавярхоўкі, пражывае шмат маладых сем'яў. Храм і будуецца для таго, каб маладыя сем'і асвячалі тут усе падзеі свайго жыцця, мелі магчымасць удзельнічаць у богаслужэннях, прычашчаць дзяцей.

Чын асвячэння крыжа быў здзейснены благачынным прыходаў Стаўбцоўскага благачыння протаіерэем Аляксандрам Марцінчыкам, настаяцелем Свята-Уваскрэсенскага прыхода іерэем Віталіем Шарковым у саслужэнні свяшчэнства благачыння.

Айцец Віталій сардэчна падзякаваў усім за ўвагу да гэтай падзеі. На святочны малебен сабралася шмат людзей. І не толькі стаўбчан, але і вернікаў іншых прыходаў. Урачыстасць была малітвенна цёплай, яркай, прыгожай. Усіх аб'ядноўвала радасць.

Работы па ўзвядзенні храма працягваюцца. Па сваіх сілах і сродках у іх прымаюць удзел стаўбчане, арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Храм будуецца ўсёй грамадой. Гэта неацэнная спадчына нашым дзецям і ўнукам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ