мобильная версия
Прамень

Упэўненым крокам

Нумар - №188-190    Рубрыка - Спорт

01.10.2011

Фотография 1

Сустрэчу дваццаць другога тура першынства вобласці, згодна з календаром, футбалістам "Нёмана-Агра" належала праводзіць у Жо-дзіне ў мінулую нядзелю. Але сталіца аўтамабілебудаўнікоў якраз адзначала Дзень горада. І таму было вырашана, што на цэнтральнай жодзінскай арэне ў праграме свята прыме свайго саперніка мацнейшая мясцовая каманда "Тарпеда" - удзельніца чэмпіянату рэспублікі. Нашым жа прапанавалі прыбыць у Жодзіна ў пятніцу.

Што ж, чэмпіёны вобласці - 2010, лідары сёлетняга першынства вобласці, заўсёды гатовы. З баявым настроем нашы і выйшлі на поле. А сапернік быў з кагорты мацнейшых. "Жодзіна-2007" упэўнена займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы, не страціла надзеі і на трэцяе, прызавое.

Гульня, як гаворыцца, ішла на сустрэчных курсах. Гаспадары, праводзячы свае атакі, асабліва стараліся стрымаць галоўнага бамбардзіра стаўбчан Анатоля Ціханчыка. Ды гэта ім не ўдалося. Два трапныя "выстралы" Анатоля забяспечылі перамогу стаўбчанам - 2:0.

Дарэчы, Ціханчык давёў свой бамбардзірскі рахунак да 33-х галоў. У Паўла Баршчэўскага, нападаючага "Беліты-Вітэкс", які ідзе следам, праведзеных галоў у матчах першынства вобласці  25.

Упэўнена згулялі і галоўныя сапернікі "Нёмана-Агра" ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул. "Іслач" і "Беліта-Вітэкс" таксама адолелі сваіх сапернікаў. Такім чынам, сітуацыя не змянілася. Лідзіруе "Нёман-Агра", у нашых 53 ачкі. На ачко адстае "Іслач", 45 ачкоў у каманды "Беліта-Вітэкс". З уздзенцамі стаўбчане сустрэнуцца ў апошнім туры. А дагэтуль іх сапернікамі будуць "Вілія", ФК "Любань" і "Зорка". Каб стаць чэмпіёнамі, трэба перамагаць у кожнай сустрэчы.

Ф. ФЯДОТАЎ