"Аварыйка" на асенняй дарозе
Нумар - №191-192 Рубрыка - Ахова правапарадку
05.10.2011
Прышпільвайце дзяцей
З пачатку года на дарогах раёна пацярпелі трое дзяцей, адно з іх за-гінула.
У верасні на аўтамагістралі абарвалася жыццё сямігадовай дзяўчынкі, жыхаркі Ляхавіч, якая ехала разам з маці і, на жаль, не была прышпілена рамянём бяспекі. Пры сутыкненні двух аўтамабіляў сіла ўдару аказалася настолькі моцнай, што яе выкінула з салона на асфальт... Пры прыбыцці на месца здарэння былі шакіраваны ўбачаным нават работнікі ДАІ, якія шмат чаго бачылі за час службы...
25 верасня пацярпела ў дарожнай аварыі трохгадовая дзяўчынка з вёскі Заямнае. На аўтадарозе Пяршай - Івянец - Нясвіж паблізу Апечак вадзіцель аўтамабіля "Фіят-брава" пры ажыццяўленні манеўру абгону не пераканаўся ў яго бяспецы і сутыкнуўся з аўтамабілем "Форд-мандэа". У апошнім і пацярпела малое дзіця, якое перавозілася без дзіцячага крэсла.
Асеннія ўмовы надвор'я моцна ўплываюць на дарожную бяспеку. Туман, дажджы, першы іней прымушаюць быць асабліва ўважлівымі і пешаходаў, і вадзіцеляў. Для восені характэрныя дрэнная бачнасць на дарозе, слізкае дарожнае пакрыццё. У такіх умовах надзвычай важна, каб пасажыры, у тым ліку дзеці, былі прышпілены. У некаторых выпадках, як бачна з прыведзеных вышэй фактаў, гэта каштуе жыцця і здароўя.
Веласіпедыст выехаў... на аўтамагістраль
У верасні загінулі пад коламі аўтамабіляў двое веласіпедыстаў.
У 04.30 раніцы паблізу вёскі Заямнае хацеў перасекчы аўтамагістраль жыхар пасёлка Нёман. Што падштурхнула яго ў такі ранні час быць з веласіпедам у зусім іншым баку ад свайго дома - невядома, але застаецца фактам тое, што веласіпедыста збіў аўтамабіль "Аўдзі А6". Потым па ім праехалася паўторна яшчэ адно аўто - "Форд-фокус". Трагічным аказаўся лёс веласіпедыста, які апынуўся ў цёмны час сутак на хуткаснай аўтадарозе... Рух веласіпедаў, як і мапедаў, гужавых павозак на аўтамагістралі забаронены.
Насмерць быў збіты аўтамабілем і 70-гадовы мясцовы жыхар паблізу вёскі Мархачоўшчына. Дзядуля ехаў на веласіпедзе пасярэдзіне аўтадарогі Пяршай - Івянец - Нясвіж. Малады вадзіцель "Фольксвагена-гольфа", аслеплены пры сустрэчным раз'ездзе, яго проста не прыкмеціў...
Пры сустрэчным раз'ездзе рэкамендуем прытармазіць, зменшыць хуткасць да бяспечнай ці нават спыніць свой транспартны сродак, уключыўшы пры гэтым аварыйную сігналізацыю.
І п'яныя за рулём
З пачатку года на дарогах раёна зафіксаваны 37 дарожных аварый, у якіх 13 чалавек загінулі (летась за аналагічны перыяд - 9) і 39 атрымалі траўмы. Шэсць дарожна-транспартных здарэнняў адбыліся па віне нецвярозых вадзіцеляў.
За п'янства за рулём затрыманы інспектарамі ДАІ 270 чалавек. Выяўлены 29 вадзіцеляў-"паўторнікаў", на якіх узбуджаны крымінальныя справы. Да адказнасці прыцягнуты 540 пешаходаў, пераважная большасць іх не была абазначана на дарозе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі.






