мобильная версия
Прамень

Дабро, якое з намі побач

Нумар - №191-192    Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя

05.10.2011

Новы навучальны год ажывіў рэдакцыйную пошту пісьмамі нашых няштатных аўтараў. Па-ранейшаму актыўна працуе гурток "Юны карэспандэнт" у Дзераўнянскай СШ. Вучаніца выпускнога класа Марыя Дычанкова расказвае, як прайшоў у навучальнай установе дзень інфармавання, прысвечаны сусветнай акцыі "Дзень без аўтамабіля". Хоць новы навучальны год толькі пачаўся, а ў школе адбылося і шмат іншых мерапрыемстваў: да дня навакольнага асяроддзя, пасяджэнне клуба "Эрудыт" і іншыя.

Дзераўнянскай школе прысвячае свае радкі і Еўдакія Драбік: "Прайсці міма нашай школы, каб не прыпыніцца, немагчыма. Любуешся красою кветак, дызайнам тэрыторыі, так жа эстэтычна ўсё прадумана і ў класных пакоях, калідорах. Я адчуваю заўсёды радасць, што ў такой сучаснай навучальнай установе вучыцца мой сын. Тут усё зроблена, каб нашы дзеці адчувалі сябе камфортна, каб з радасцю атрымлівалі веды.  Гэта ўсё дасягнута зладжанай работай адміністрацыі школы, педкалектыву, тэхнічнага персаналу, бацькоў, вучняў, базавых гаспадарак".

Т. Фралова, інвалід І групы, у сваім пісьме разважае на тэмы маралі: "Мне не адзін раз давялося сутыкнуцца ў жыцці, як наша моладзь не шануе, не паважае, зневажае старых людзей. Асабліва ў чэргах магазінаў, у транспарце, на прыёме ў бальніцах. Нават у сем'ях, бывае, старыя людзі, хворыя, асабліва нехадзячыя, адчуваюць сябе абузаю. Яны церпяць, маўчаць, ціхенька плачуць, баючыся, каб ніхто не заўважыў, як ім балюча на душы. Але ж ёсць і добрыя, чулыя маладыя людзі, якія дапамогуць старому чалавеку перайсці вуліцу, уступяць месца ў аўтобусе, у чарзе магазіна, у паліклініцы.  Часта можна пачуць размову дарослых людзей: "Што ж зробіш, такое пакаленне". Няпраўда! Усё залежыць ад выхавання ў сям'і, ад складу душы, ад сумлення, і нельга абагульняць. А маладым людзям трэба заўсёды памятаць, што і яны некалі стануць старымі. Паважайце хворых, адзінокіх, няшчасных. І Усявышні  вам падзякуе дабром, шчасцем і здароўем".

Пісьмо Марыі Войніч утрымлівае падзячныя радкі: "Калі я прыязджаю ў  г. п. Івянец,  на Валожыншчыну, у госці да дваюраднай сястры, то абавязкова наведваюся ў Цеснавую, што знаходзіцца на адлегласці  8 кіламетраў ад Івянца. Там на мясцовых могілках пахаваны мае дзядуля і бабуля, сама я жыву ў Расіі. Праз вашую газету хачу выказаць падзяку старшыні Цеснаўскога сельвыканкама Т. Я. Галавачу і старасту  Цеснавой У. І. Вагнеру за арганізацыю і падтрымку парадку на мясцовых  могілках".

Сям'я Драчаноў з  Мікалаеўшчыны выказвае падзяку ўчастковаму інспектару Д. Якжыку, оперупаўнаважанаму А. Кавальчуку, дазнавацелю Я. Матусевічу за хуткае раскрыццё крадзяжу. У летняй кухні ў іх быў зламаны замок і ўкрадзены скутар. Дзякуючы ўмелым дзеянням супрацоўнікаў міліцыі злачынства было хутка раскрыта.

Што ж, заўсёды прыемна адкрываць пісьмы з такімі падзякамі. Няхай дабра будзе больш у нашым жыцці.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ