Настаўнікам Стаўбцоўшчыны
Нумар - №191-192 Рубрыка - Адукацыя
05.10.2011

Каля тысячы чалавек у раёне маюць дачынне да прафесійнага свята педагогаў - Дня настаўніка. І намнога больш, калі прылічыць да настаўніцкай сям'і раёна ветэранаў педагагічнай працы. У першую нядзелю кастрычніка яны прымаюць віншаванні. І за некалькі дзён да гэтага.
Педагогі раёна былі запрошаны на ўрачыстасць у Мінск, арга-нізатарам якой у Мінскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка выступіла ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. У складзе дэлегацыі ад раёна было 10 чалавек. Настаўніца пачатковых класаў Дзераўнянскай СШ Алена Канановіч узнагароджана Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, старшыня райкама галіновага прафсаюза Сямён Юрчык - Ганаровай граматай абласнога аб'яднання прафсаюзаў.
Надоўга запомніцца настаўнікам і раённая ўрачыстасць, арганізаваная аддзелам адукацыі райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яна прайшла ў раённым Цэнтры культуры і сабрала поўную залу. З удзячнасцю прынялі запрашэнні на свята ветэраны педагагічнай працы, якія ў святочнай зале мелі магчымасць сустрэцца з калегамі.
Раённае свята для настаўнікаў прайшло ў форме тэлеперадачы, якая ўключыла папулярныя праграмы тэлебачання. Вядучыя псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Іна Жагло і настаўнік англійскай мовы Коласаўскай СШ Яўген Грыгор'еў аб'явілі аб эфі-ры новага тэлеканала "Настаўнікі Стаўбцоўшчыны". Трансляцыя пачалася "Навінамі рэгіёна", відэапаказ падрыхтавала Дзераўнянская СШ. Для перадачы былі праінтэрв'юіраваны 12 настаўнікаў, якія адказалі на пытанне: "Чаму яны выбралі прафесію педагога?" Тэлепрагноз, толькі не надвор'я, а настрою падрыхтавала Навасвержанская СШ, агучыла яго намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Івашка.
У прэс-канферэнцыі па тэме "Настаўнікі Стаўбцоўшчыны - майстры сваёй справы" прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Тамара Куель, старшыня райкама галіновага прафсаюза Сямён Юрчык.
Тэлепраграма "Пакуль усе дома" завітала напярэдадні свята ў сям'ю настаўнікаў Засульскай СШ Сяргея Аркадзьевіча і Валянціны Іванаўны Кухарчыкаў. Відэазапіс быў прапанаваны зале. Праграму "Пакуль усе ў школе" падрыхтавала гімназія № 1 г. Стоўбцы, а відэаздымка праводзілася ў Старасвержанскай сярэдняй школе, СШ № 2 г. Стоўбцы, Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці "Радуга" і яслях-садзе № 5 г. Стоўбцы.
У зале педагогамі і вучнямі СШ № 2 праводзілася праграма "Вуснамі дзіцяці". Вучнямі гэтай навучальнай установы былі падрыхтавалі пытанні, запісаныя на відэа для гэтай праграмы.
Першы сакратар РК БРСМ Дзіяна Ранцюк прыгожа павіншавала педагогаў і падарыла ім песню ва ўласным выкананні.
Ад імя ветэранаў педагагічнай працы павіншаваць калег са святам паднялася Галіна Грэкава. Ад Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе яна цяпер працуе, удзельнікам урачыстасці было падорана музычнае экспромт-віншаванне ад Дзмітрыя Слесарчыка.
Праграма "Павіншуй настаўніка", падрыхтаваная Старасвержанскай СШ, дала магчымасць кіраўнікам ААТ "Агранёманскі", філіяла Мінскага маторнага завода, стаўбцоўскіх электрычных сетак, цэнтральнай раённай бальніцы, мясакамбіната, райаграсэрвіса адрасаваць на экране словы віншаванняў настаўнікам са святам.
Тамара Куель і Сямён Юрчык павіншавалі настаўнікаў, выхавацеляў і ўручылі граматы аддзела адукацыі і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі лепшым педагогам і самым актыўным прафсаюзным лідарам.
Святочная праграма ўдала ўключыла канцэртныя нумары ў выкананні педагогаў і вучняў Старасвержанскай, Коласаўскай сярэдніх школ, стаўбцоўскай гімназіі № 1, СШ № 2, СШ № 3. Яшчэ доўга ішло абмеркаванне ўрачыстасці. Арыгінальнасць праграмы, прафесіяналізм у яе ажыццяўленні, цеплыня, радасць пакарылі залу. Удзячнасць на свой адрас прыняў аддзел адукацыі райвыканкама, які выступіў ініцыятарам і аўтарам арыгінальнай святочнай праграмы і зрэжысіраваў яе.
А настаўнікі праявілі свае таленты, каб задуманае ажыццявіць на сцэне. Гэта ўрачыстасць яшчэ раз прадэманстравала, што педагогам па сіле любая задача, а таленты іх - разнастайныя.






