мобильная версия
Прамень

З аўтамабілем ці без яго?

Нумар - №191-192    Рубрыка - Ахова правапарадку

05.10.2011

Фотография 1
Фотография 2

У рамках акцыі "Дзень без аўтамабіля" на Стаўбцоўшчыне ладзіўся цэлы комплекс тэматычных мерапрыемстваў.

У гэты дзень, 22 верасня, па ўзгодненасці з аўтапаркам № 17 вадзіцелі, якія адмовіліся ад паездкі на асабістым аўто, пры прад'яўленні вадзіцельскага пасведчання ехалі на грамадскім транспарце ў межах раёна бясплатна. А тыя, хто ўсё-такі не расстаўся з аўтамабілем, рызыкавалі быць запрошанымі супрацоўнікам ДАІ і экалагічнай інспекцыі на пост кантролю, каб аўтамабіль прайшоў праверку выкідаў выхлапных газаў. Акрамя таго, браць у рукі не аўтамабільны руль, а, напрыклад, веласіпедны (поўнасцю экалагічна чысты від транспарту), стымулюе тое, што побач з магазінамі і гандлёвымі ларкамі ў нас стала ўсё больш з'яўляцца абсталяваных стаянак для веласіпедаў. 

У ходзе акцыі высветлілася, што нясуць экалагічную пагрозу не толькі аўтамабілі, якія на дарозе, а і тыя, што даўно выйшлі са строю і сталі безгаспадарнымі. Райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з аддзяленнем ДАІ райаддзела міліцыі выехала ў рэйд па горадзе Стоўбцы і населеных пунктах раёна. На зробленых здымках відаць, што транспартныя сродкі і тое, што ад іх засталося, цяпер захламляе двары, лясныя масівы, псуе іх санітарны стан.

У райцэнтры, па вуліцы Энгельса (непадалёку ад дзіцячага сада № 7),  валяецца кузаў ад аўтамабіля, без колаў, з разбітым шклом.

-  З апытання жыхароў бліжэйшых дамоў вядома, што гэты аўтамабіль належаў цыганам, якія здымалі кватэру, - расказаў галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока. - У апошні час іх тут не відаць, а непатрэбная рэч засталася...

Звалка з былых аўтамабіляў, накіданая на землях агульнага карыстання, была выяўлена ў мікрараёне Акінчыцы. Вядзецца работа па ўстанаўленні асобы, якой яна належыць. За дапушчанае парушэнне пагражаюць штрафныя санкцыі. Згодна з арт. 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях штраф складае ад 5 да 50 базавых велічынь.       

 - На шчасце, падобныя выпадкі са складзіраваннем у горадзе металалому ад транспартных сродкаў рэдкія, выключныя, - заўважае Аляксандр Сарока. - Але і яны не могуць не выклікаць здзіўлення, таму што металалом сёння спраўна прымае ад насельніцтва стаўбцоўскі цэх УП "Мінскутормет". Цана на яго высокая, на месцы разлік з людзьмі. Па гэтай прычыне звалкі і тыя ўжо даўно ачышчаны ад металалому...   

У ходзе акцыі таксама прайшла інфармацыйная гадзіна і спартыўныя спаборніцтвы на веласіпедах у гімназіі № 1. Да яе арганізатараў далучыўся і раённы камітэт БРСМ. Райінспекцыя прыродных рэсурсаў падрыхтавала рабятам цікавыя прызы.

НА ЗДЫМКАХ: старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Вайтовіч і галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока падчас рэйду па выяўленні безгаспадарных аўтамабіляў.  

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ