мобильная версия
Прамень

"Залатое смецце"

Нумар - №191-192    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

05.10.2011

Аналізуючы статыстычныя даныя за 2010 год па затратах на ўборку смецця ў паласе адводу, на пляцоўках адпачынку, аўтобусных прыпынках аўтадарог, якія абслугоўваюцца РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр", прыходзім да парадаксальных вывадаў. Затраты на ўборку смецця, выкінутага з вокнаў аўтамабіляў на палосы адводаў аўтадарог рэспубліканскага значэння, вывезенага з дачных участкаў, з асабістых падворкаў да аўтобусных прыпынкаў, пляцовак адпачынку па сутнасці сталі "залатымі". У мінулым годзе кошт падтрымання дарожнай  чысціні склаў 11 мільярдаў рублёў. За першае паўгоддзе 2011 года на аўтадарогах, што абслугоўваюцца ДЭУ № 62, - 456,6 мільёна рублёў. Гэтая сума эквівалентная затратам па абсталяванні паверхневай апрацоўкай 10 кіламетраў аўтадарогі шырынёй 7-8 метраў.

Убіраць смецце на аўтадарогах даводзіцца 2-3 разы на тыдзень, а на дарогах з вялікай інтэнсіўнасцю руху - кожны дзень. Асабліва паказальны той факт, што ўжо на зваротным шляху, пасля ўборкі, трэба зноў брацца за мятлу.

Між тым, усе 24 гадзіны ў суткі займацца выключна ўборкай смецця дарожнікі не могуць: перад імі стаіць мноства іншых задач, важнейшыя з якіх накіраваны на бяспеку дарожнага руху і якаснае абслугоўванне дарожнай інфраструктуры.

Хто ж плаціць за дарагое задавальненне - смяціць дзе давядзецца? Адказ адзін: самі падаткаплацельшчыкі, грошы на ўборку смецця - гэта частка сродкаў, што выдзяляецца з дзяржбюджэту на ўтрыманне аўтадарог.

Самыя актыўныя засмечвальнікі дарог - садовыя таварыствы. Большасць з іх не лічаць мэтазгодным цэнтралізавана весці збор смецця, заключыўшы дагавор з камунальнымі службамі на яго вываз. За гэта ж трэба плаціць грошы, а да аўтобуснага прыпынку смецце можна адвезці і бясплатна. У якасці адмоўнага прыкладу можна прывесці становішча на аўтадарогах, якія абслугоўвае ДЭУ-62, - гэта магістраль Р-65 Заслаўе - Дзяржынск - Возера, Р-2 Стоўбцы - Івацэвічы - Кобрын. Тут пасля выхадных дзён пляцоўкі адпачынку, аўтобусныя прыпынкі пераўтвараюцца ў міні-звалкі. Дабаўляюць работы і нядбайныя вадзіцелі транспартных сродкаў, якія не паклапаціліся, скажам, накрыць кузаў аўтамабіля пры перавозцы макулатуры, апілак і іншага друзу. І ў выніку шлейф са смецця цягнецца на многія кіламетры. Бываючы ў рэспубліках постсавецкай прасторы, міжволі параўноўваеш аўтадарогі ў Расіі, Украіне і прыходзіш да вываду, што нашы дарогі лепшыя, чысцейшыя. Але ведаючы спецыфіку абслугоўвання і ўтрымання аўтадарог разумееш, што грошы, патрачаныя на ўборку смецця, можна было б скарыстаць на новыя дарожныя знакі, пешаходныя дарожкі, святлафоры, новыя павільёны на аўтобусных прыпынках, правесці ямачны рамонт, устанавіць бар'ернае агароджанне.

Паўплываць на сітуацыю, не маючы паўнамоцтваў, якім-небудзь чынам пакараць аматараў смяціць, практычна немагчыма. Адзінае, што могуць зрабіць дарожнікі, - гэта заклікаць да сумлення людзей. Адпаведная інфармацыя размяшчаецца ў СМІ, на пляцоўках адпачынку, аўтобусных прыпынках. У пэўнай ступені дапамагаюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Але яны звяртаюць увагу ў асноўным на парушэнні, звязаныя з пагрозай бяспекі дарожнага руху, у прыватнасці, выкідвання прадметаў з транспартных сродкаў. Паўнамоцтвы на прымяненне санкцый у данай сітуацыі ёсць у органаў Дзяржаўнага санітарнага нагляду. Дзейнай мерай маглі б стаць рэйды па выяўленні тых, хто смеціць, а не папрокі тым, хто ўбірае. У гэтай сітуацыі пакараць дарожную службу аб'ектыўна прасцей. А вось у барацьбе за грошы, што трацяцца на ўборку смецця, памочнікаў у дарожнікаў няма.

Генадзій СЕЙ, начальнік ДЭУ-62