мобильная версия
Прамень

Запрашэнне ў футбольныя суддзі

Нумар - №191-192    Рубрыка - Спорт

05.10.2011

Фотография 1

Праглядаючы рэспубліканскую спартыўную прэсу, у справаздачах пра футбольныя матчы прыемна бачыць, што іх абслугоўваюць і суддзі са Стоўбцаў. Генадзь Макась, Рэнат Шкварчанка, Аляксандр Скроб. І, вядома, сярод самых аўтарытэтных у футбольным свеце - арбітры ФІФА Алег Чыкун і Сяргей Жук. З Сяргеем Іванавічам сёння і вядзём гутарку.

-       Вы праводзіце вялікую работу як дырэктар Стаўбцоўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А ў рэспубліцы вас ведаюць як суддзю па футболе, а і цяпер інспектара футбольных матчаў першынства Беларусі. Па інфармацыі ў спартыўнай прэсе, у вас яшчэ і новыя абавязкі.

-       Так, нядаўна зацверджаны інструктарам Рэспубліканскага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі суддзяў па Мінскай вобласці. Вучэбны цэнтр адкрываецца ў лістападзе. Праграма навучання разлічана на два гады, заняткі будуць праводзіцца два дні ў месяц. Навучаць будучых арбітраў будуць лепшыя спецыялісты краіны. Слухачы, якія паспяхова здадуць тэарэтычны экзамен па Правілах гульні і тэст ФІФА па фізічнай падрыхтоўцы, атрымаюць спецыяльны сэртыфікат. Гэта дазволіць ім у будучым прэтэндаваць на абслугоўванне матчаў чэмпіянату і кубка Рэспублікі Беларусь па футболе. На вучобу прымаюцца мужчыны, хлопцы і дзяўчаты з 16-гадовага ўзросту. Навучанне платнае, аднак жа прыкладна мільён за год несупастаўна з тым, колькі даводзіцца выкладваць сродкаў за плату ў ВНУ. Значную частку расходаў цэнтра будзе кампенсаваць Федэрацыя футбола Беларусі. Ар-бітры-курсанты будуць эпікіраваны, забяспечаны літаратурай, на заняткі запросяць вопытных лектараў, у тым ліку і з-за мяжы.

-       Затое якая адкрыецца перад маладымі спартыўнымі людзьмі перспектыва!

-       Сапраўды, перспектывы для творчага росту ёсць у кожнага, толькі трэба настойліва працаваць. Запрашаем і чакаем мы, вядома, людзей спартыўных, тых, хто шчыра любіць футбол, разбіраецца ў ім. Вучоба, будучая праца - усё для людзей, якія шчыра жадаюць прыгожай, майстэрскай гульні, перамог беларускаму футболу.

-       Якія яшчэ патрабаванні да, калі можна так сказаць, абітурыентаў школы арбітраў?

-       Зразумела, добрае здароўе, што пацвердзіцца заключэннем медкамісіі. Суддзя на полі павінен паспяваць за ўсімі момантамі гульні, усё заўважаць і імгненна прымаць правільнае рашэнне. Памылка арбітра ці яго памочніка можа сказіць аб'ектыўны вынік сустрэчы, прывесці да канфліктных сітуацый. Прыкладаў таму, на жаль, шмат.

Акрамя добрай фізічнай падрыхтоўкі, футбольны суддзя павінен, як табліцу множання, ведаць правілы гульні. Тэарэтычны экзамен будзе тут прымацца пасля першага года навучання. Затым будзе зроблены ўпор на метадычную і практычную работу. Будуць падключаны спецыялісты па фізпадрыхтоўцы, псіхалогіі, спартыўнай медыцыне, а летам 2012-га года слухачы ўжо пачнуць судзіць матчы рознага ўзроўню. Затым яшчэ год вучобы, і пасля паспяховай здачы экзаменаў выпускнікі атрымаюць сертыфікаты аб заканчэнні цэнтра. Здаецца, упусціў яшчэ, што даволі паглыблена будзе вывучацца і англійская мова, з прыцэлам на міжнародную кар'еру слухачоў.

-       І ці многім свеціць выязджаць за мяжу?

-       Зразумела, самым здольным і ініцыятыўным. Дарэчы, УЕФА стварыла спецыяльную школу падрыхтоўкі маладых суддзяў, якіх рыхтуюць для абслугоўвання міжнародных футбольных матчаў. Запрашаюцца кандыдаты ад нацыянальных федэрацый краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі.

-       Але ж спачатку неабходна прайсці пэўныя этапы. Кожны арбітр пачынае з абслугоўвання ніжэйшых ліг да самых вышэйшых. Паступовасць - таксама патрабаванне УЕФА. Хто найлепш праявіць сябе на абслугоўванні сустрэч абласнога першынства, другой і першай ліг рэспубліканскага, будзе рэкамендаваны для судзейства ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, а затым і міжнароднага ўзроўню.

-       Дарэчы, вы, як і Алег Чыкун, прайшлі ўсе гэтыя этапы, і выязджалі на правядзенне турніраў і сустрэч у розныя краіны.

-       Больш вядомы тут Алег Вікенцьевіч. Наш зямляк быў сярод тых, хто судзіў матчы фінальнага этапу чэмпіянату Еўропы, чэмпіянату свету сярод жанчын. Цяпер, як вы ведаеце, узначальвае Мінскую абласную федэрацыю футбола. І якраз з'яўляецца куратарам ад асацыяцыі БФФ па арганізацыі і рабоце цэнтра, аб якім тут размова. Дырэктарам ВЦПС прызначаны спецыяліст з вялікім судзейскім футбольным вопытам Юрый Савіцкі. Яго намеснікам па вучэбнай частцы - Вадзім Жук, суддзя міжнароднай катэгорыі, на рахунку якога таксама абслугоўванне матчаў самага высокага ўзроўню. Прызначаны інструктары па кожнай вобласці. Мне, як ужо заўважылі, даверана праводзіць гэтую работу ў Мінскай вобласці.

Арганізацыя мэтанакіраванай вучобы футбольных суддзяў у нашай рэспубліцы - справа новая. Арганізаваць яе прымушае жыццё. Вопыт, практыка - умовы неабходныя, яны для росту спатрэбяцца кожнаму. Але важная і прафесійная падрыхтоўка, без яе нельга. Вывучаецца методыка работы падобных школ судзейства ў Маскве, дзе яна вядзецца на самым высокім узроўні, у Кіеве, іншы міжнародны вопыт. Футбольная практыка у тым ліку і ў судзействе, абмежавана ўзроставымі рамкамі. Патрэбна маладая змена.

Футбольная гульня становіцца ўсё больш хуткай, з вялікай колькасцю адзінаборстваў. Заўважыць парушэнне правілаў, імгненна адрэагаваць - гэта і веды, і вопыт, і нават свайго роду мастацтва. Упэўненасць у сваіх сілах - галоўная прыкмета майстэрства.

-       Застаецца пажадаць, каб нашы землякі, якія шчыра любяць футбол, прадоўжылі традыцыі, закладзеныя і вамі, і Алегам Чыкуном. Каб назва нашага горада Стоўбцы зноў гучала перад пачаткам матчаў у розных краінах свету. І каб мільёны тэлегледачоў бачылі і чулі гэта.

-       Будзем старацца і на гэта спадзявацца. А практычна для ўсіх жадаючых паспрабаваць свае сілы ў судзействе прапаную свой кантактны тэлефон: 8-029-675-22-17 - Velcom.

Ф. БАНДАРОВІЧ