І старадаўні хлеб
Нумар - №193-195 Рубрыка - Гандаль
07.10.2011
Члены клуба Vitta mellitta, што працуе пры раённай арганізацыі "Дзіцячы дыябет", здзіўлялі і шматлікіх гасцей сёлетніх рэспубліканскіх "Дажынак".
У горад Маладзечна яны паехалі па запрашэнні работнікаў райспажыўтаварыства, каб аздобіць іх удзел у свяце-кірмашы сваёй старажытнай "изюминкой" - рэканструяванымі строямі мінулых вякоў ды дыетычным печывам прама з вогнішча.
- На вачах у шматлікіх гасцей пякліся ляпёшкі, варыўся чай з зёлак, - расказвае старшыня арганізацыі Іна Міхно. - З сабою прывезлі дамашні хлеб, спечаны па старажытных рэцэптах. Нам дапамагла зрабіць яго хлебапёк Таццяна Стула. А наш зазывала запрашаў так тэатральна, што нельга было прайсці міма і не пакаштаваць гэтых адмысловых прысмакаў, аздобленых мёдам, сочывам і сметанковым маслам з кропам.
Варта сказаць, што члены клуба ўжо маюць багаты вопыт прадстаўленняў на розных фэстах і фестывалях у Навагрудку, Нясвіжы, у краінах замежжа. З райспажыўтаварыствам іх звязвае даўняе супрацоўніцтва. Цяпер яно набывае яшчэ больш яркія і плённыя абрысы. Для выступлення на "Дажынках" райспажыўтаварыства дапамагло з набыццём прадуктаў для старажытнай кухні. Наперадзе іх чакаюць агульныя цікавыя маршруты.






