Асвойваць вопыт педагогаў-наватараў
Нумар - №193-195 Рубрыка - Адукацыя
07.10.2011
Сістэма адукацыі, заснаваная на правераных часам традыцыях і ў той жа час адкрытая для новых ідэй, у многім вызначае паспяховае будучае дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка на сустрэчы з фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Беларусі".
У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з дня правядзення ў Беларусі першага конкурсу "Настаўнік года". Паводле слоў Прэзідэнта, за сваю дваццацігадовую гісторыю конкурс ператварыўся ў сапраўдную акадэмію педагагічнага вопыту і майстэрства.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што аб тым, якой павінна быць айчынная школа ХХI стагоддзя, нямала гаварылася на жнівеньскай нарадзе педагагічнага актыву. "Выхаванне і навучанне павінны ісці поплеч, каб раскрываць здольнасці і развіваць асобу кожнага дзіцяці. Абуджаць у вучнях шчырую цікавасць да ведаў, прывіваць культуру і гатоўнасць да паспяховага дарослага жыцця", - сказаў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, зрабіць гэта па сіле толькі сапраўднаму Педагогу. Такія педагогі-наватары павінны быць галоўнымі героямі публікацый і тэлеперадач на тэмы адукацыі. Іх дасягненні і вопыт неабходна прапагандаваць і асвойваць па ўсёй краіне, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць неабходным удасканаліць практыку атэстацыі педагогаў.
"Мы павінны даць магчымасць перадавым настаўнікам датэрмінова атрымліваць больш высокую катэгорыю за рэальныя дасягненні, а не проста за выслугу гадоў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, неабходна таксама прадумаць сістэму мер, якія садзейнічалі б прыходу ў школы таленавітай моладзі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, настаўнікаў-практыкаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, трэба больш прыцягваць да выкладання ў педагагічных ВНУ і інстытутах развіцця адукацыі. "Трэба дазволіць ім працаваць па ўласных праграмах і арыгінальных методыках. І абавязкова ўключаць у лік аўтараў падручнікаў", - адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да фіналістаў рэспубліканскага конкурсу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вы з'яўляецеся адной з нашых галоўных сацыяльных апор, надзейнымі памочнікамі ў дзяржаўных справах. Мы вельмі цэнім ваш вопыт, прафесіяналізм і высокае пачуццё адказнасці за лёс краіны. Хочацца, каб вы захавалі грамадзянскія, патрыятычныя традыцыі беларускага настаўніцтва, выхоўвалі сваім прыкладам маладых педагогаў". "А яшчэ я хачу, каб вы і вашы калегі атрымлівалі задавальненне ад работы і ад поспехаў дзяцей. І, вядома ж, змаглі рэалізаваць сябе не толькі ў прафесіі, але і дома, у сям'і", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пераможцу конкурсу - настаўніку ан-глійскай мовы Дзятлаўскай гімназіі № 1 Інесе Зубрылінай галоўны прыз конкурсу "Хрустальнага жураўля" і ключы ад аўтамабіля.






