Чэргі да стаўбцоўскіх прылаўкаў
Нумар - №193-195 Рубрыка - Гандаль
07.10.2011



Сказаць, што стаўбцоўскі мясакамбінат паспяхова паўдзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі" - мала і скупа. Для прадпрыемства гэта быў фурор. Ля прылаўкаў пастаянна стаялі чэргі. За два дні прадпрыемства рэалізавала больш за дзве тоны каўбасных вырабаў і каля пяці тысяч порцый шашлыку і выручыла 90 мільёнаў рублёў.
Канешне, гэтай паездцы папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Стаўбцоўскі мясакамбінат упершыню ўдзельнічаў у рэспубліканскім кірмашы "Дажынкі". Былі закуплены новае гандлёвае абсталяванне на 60 пасадачных месцаў, мангалы з пожагам, тры новыя палаткі, сцэна... Удзельнікам свята прапаноўваліся не толькі шашлыкі, але і запечаныя парасяты, "рулькі", "флячкі". Свята стварала канцэртная праграма на сваёй сцэне. Музычнае суправаджэнне ажыццяўлялі свае артысты - таленты мясакамбіната інжынер-праграміст Аляксандр Бернатовіч і тынкоўшчык-маляр Дзмітрый Вараб'ёў, а таксама мастацкія калектывы Старасвержанскага цэнтра культуры і Навасвержанскага дома культуры.
Працаўнікам мясакамбіната было прыемна прымаць у сваіх палатках адказных асоб, якія давалі высокую ацэнку арганізацыі гандлёвага абслугоўвання стаўбчанамі і якасці прадукцыі. Старанні працаўнікоў мясакамбіта ўвянчаліся атрыманай узнагародай - Падзякай Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь за высокі ўзровень гандлёвага абслугоўвання ўдзельнікаў "Дажынак".
Дырэктар мясакамбіната Рамуальда Бурдукевіч, падводзячы рысу, адзначыла задаволенасць, што Стаўбцоўшчына была так прыгожа прадстаўлена прадпрыемствамі раёна, якія атрымалі запрашэнне прыняць удзел у "Дажынках". Больш таго, для мясакамбіната - гэта выдатная рэкламная акцыя, прадпрыемства сур'ёзна заявіла аб сабе ў рэспубліцы. Для вытворцаў адкрываюцца перспектывы заключэння новых дагавораў на пастаўку сваёй прадукцыі і наладжвання дзелавых кантактаў.
Фота Нэлі АСТРЭЙКІ






