"Наш домік" пабіў рэкорд
Нумар - №193-195 Рубрыка - Гандаль
07.10.2011

Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы філіяла № 500 - Мінскага ўпраўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" актыўна працуе з кліентамі па продажы сучасных банкаўскіх прадуктаў. Сярод форм работ з насельніцтвам - правядзенне акцый. Адна з іх прайшла нядаўна і ставіла мэтай зацікавіць гаспадароў арганізацый гандлю і сэрвісу раёна ў паляпшэнні якасці абслугоўвання трымальнікаў пластыкавых картак і павелічэнні аб'ёмаў безнаяўных аперацый у агульнай суме тавараабароту.
Акцыю падтрымаў раённы выканаўчы камітэт. Была створана камісія па арганізацыі і падвядзенні вынікаў спаборніцтва сярод арганізацый гандлю і сэрвісу. Удзел у ім прынялі 10 прадпрыемстваў раёна. Найбольшага паказчыка па прыросце долі безнаяўных разлікаў за красавік - ліпень дасягнула прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Наш домік". Магазін гандлюе будаўнічымі матэрыяламі, лічыцца ўзорным у многіх момантах арганізацыі абслугоўвання пакупніка. Ён і ў ліку лідараў у раёне па ўкараненні практыкі работы з банкаўскім абсталяваннем па абслугоўванні трымальнікаў пластыкавых картак. Пачынаючы з 2009 года прадпрыемства прадастаўляе пакупнікам 5-працэнтную скідку пры аплаце за тавары пластыкавай карткай. "Наш домік" пастаянна паспяхова ўдзельнічае ва ўсіх акцыях, якія праводзяцца банкам па плацежных сістэмах.
Працэдура ўручэння падарунка пераможцу акцыі прайшла ў самім магазіне "Наш дом". Удзельнікамі яе сталі і пакупнікі, якія ў гэты час вы-біралі тавар ці разлічваліся за яго. Дырэктара прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Наш домік" Галіну Катвіцкую павіншавала з перамогай і ўручыла памятны падарунак і дыплом дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Людміла Стралкоўская. У цырымоніі ўручэння прынялі ўдзел і іншыя супрацоўнікі банка. Вагу ўрачыстасці надаў удзел намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Ермаковіч. Райвыканкам праводзіць мэтанакіраваную работу па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы пераходу на безнаяўны разлік. Ірына Мікалаеўна павіншавала Галіну Уладзіміраўну і падтрымала цэнтр банкаўскіх паслуг у ініцыятывах і надалей праводзіць падобныя акцыі, якія з'яўляюцца маральным і матэрыяльным стымулам для ўкаранення новых тэхналогій.
На здымку: момант уручэння ўзнагароды - (злева направа) дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Людміла Стралкоўская, дырэктар ПГУП "Наш домік" Галіна Катвіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Ермаковіч.






