Па вайсковых пытаннях
Нумар - №193-195 Рубрыка - Прамая лінія
07.10.2011

Жыхары раёна мелі магчымасць задаць свае пытанні в. а. раённага ваеннага камісара Уладзіміру Цвірку ў ходзе работы прамой тэлефоннай лініі. На ўсе пытанні адносна вайсковай службы Уладзімірам Іосіфавічам былі дадзены канкрэтныя адказы.
Большасць пытанняў датычылася бліжэйшай адпраўкі прызыўнікоў на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Цвірка:
- Восеньскі прызыў будзе праведзены з 15 па 29 лістапада.
Мікалай Рыжкоў пацікавіўся аб парадку праходжання службы ў рэзерве ў гэтым прызыве.
- Служба ў рэзерве запланавана для грамадзян з вышэйшай адукацыяй. Маецца план адпраўкі. Прыярытэтнае становішча маюць прызыўнікі, у якіх цяжкія сямейныя абставіны і яны не маюць магчымасці праходзіць тэрміновую вайсковую службу. Улічваюцца таксама хадайніцтвы сельскагаспадарчых вытворчых таварыстваў, якія маюць вострую патрэбу ў спецыялістах і просяць не адрываць ад работы працаўнікоў прызыўнога ўзросту.
Таццяна Лазаркова пацікавілася, ці прадастаўляецца адтэрміноўка ў праходжанні тэрміновай вайсковай службы для студэнтаў завочнай формы навучання.
- Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб воінскім абавязку і во-інскай службе" грамадзяне, якія навучаюцца на завочнай форме, права на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу не маюць.
На пытанне аб парадку праходжання і перыядычнасці воінскіх збораў ваеннаабавязанымі, якія знаходзяцца ў запасе, быў адказ:
- На ваенныя зборы выклікаюцца ваеннаабавязаныя, якія стаяць на воінскім уліку і не дасягнулі гранічнага ўзросту. Адбор ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам правядзення збораў у справаздачны перыяд і ў адпаведнасці з ваеннымі спецыяльнасцямі, запатрабаванымі на сучасны момант. Перыядычнасць праходжання збораў - адзін раз у два гады.
Аляксандр Елак з Гуменаўшчыны папрасіў растлумачыць парадак накіравання на вучобу ад райваенкамата ў інтарэсах Узброеных Сіл.
- Прызыўніку выдаецца накіраванне ад ваенкамата на медабследаванне аб устанаўленні ступені годнасці. У выпадку, калі прызыўнік прызнаецца годным да службы па стане здароўя, яму выдаецца накіраванне на вучобу ў цэнтр занятасці ў інтарэсах Узброеных Сіл ці ў школу ДТСААФ у горад Нясвіж.
Патэлефанаваў пенсіянер Узброеных Сіл з Наваколасава з пытаннем аб выплаце аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў памеры 500 тысяч рублёў. Ён звольніўся з работы ў трэцім квартале.
- Вам неабходна прадаставіць у райваенкамат копію працоўнай кніжкі, напісаць заяву з просьбай выплаціць гэтую суму. Грошы вы атрымаеце на працягу 10 дзён з моманту падачы заявы. Усім пенсіянерам Узброеных Сіл выплата аднаразовай грашовай дапамогі ў памеры 500 тысяч рублёў праведзена 26 верасня - грошы залічаны на картрахункі атрымальнікаў пенсіі.






