Падзеі і здарэнні
Нумар - №193-195 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
07.10.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за апошнія тры тыдні 29 шлюбаў, зроблена 14 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Выдадзены пасведчанні аб нараджэнні 29-ці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Соф'і Логінавай, Настассі Макась, Уладзіславу Каралю, Марыі Бурым, Марыі Зуеўскай, Сабіне Цішулінай, Соф'і Ялоза, Максіму Булаўскаму, Паўлу Ненадаўцу, Аляксандру Дударчыку, Соф'і Грыгаровіч, Цімафею Праскуру, Паліне Ноек, Даніілу Бараноўскаму, Аляксандру Макасю, Аляксандру Чарняцу, Кірылу Окуню, Марыі Вяргун, Дарыне Камароўскай, Арцёму Самародскаму, Ягору Бекку, Аляксандры Пухоўскай, Алесі Беладзед, Назару Бяляўскаму, Ніне Кухарчык, Маланні Шчэцька, Дзмітрыю Шаўко, Арсенію Бохану і Маргарыце Шкляр.
Зямны шлях закончыўся для 35 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў райцэнтры па вуліцы Варашылава. Агонь знішчыў дах над хлявом стаўбчаніна. Прычына пажару ўстанаўліваецца. У вёсцы Дубнікі (Літвенскі сельсавет) згарэла старая хата. Папярэдне спецыялісты схільныя "вінаваціць" у гэтым кароткае замыканне электраправодкі.
Пракуратурай раёна пададзены тры іскі аб спагнанні сродкаў, затрачаных на выдачу рэчавай маёмасці асуджаным па хадайніцтву выпраўленчых устаноў. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па чатырох крымінальных справах у адносінах да пяці асоб, адна крымінальная справа была спынена ў сувязі з прымірэннем бакоў. Таксама разгледжаны тры грамадзянскія справы: адна - аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў бацькоў, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, і дзве справы па іску пракурора ў інтарэсах дзяржаўных устаноў.
Суд прыгаварыў да двух гадоў трох месяцаў пазбаўлення волі 35-гадовага грамадзяніна, раней судзімага: ён кватараваў у вёсцы Слабада, а калі ад'язджаў, "прыхапіў" чужой маёмасці амаль на 300 тысяч рублёў. Да двух гадоў пазбаўлення волі асуджаны жыхар Дзераўной: будучы на паляванні, ён выстраліў па неасцярожнасці не ў звера, а ў чалавека, апошні ад атрыманых траўмаў памёр. На 1 мільён 50 тысяч рублёў пакараны штрафам 43-гадовы новасвяржанін, які спрабаваў у нецвярозым стане, з дапамогай бензапілы і пагрозаў, "выбіць" доўг са свайго даўжніка. Штраф такіх жа памераў прысуджаны і 53-гадовай жыхарцы Мархачоўшчыны: жанчына прыбегла да махлярства, калі атрымала на рукі бальнічны ліст, дзе было ўказана пра тое, што траўма атрымана ёю ў стане алкагольнага ап'янення. Пасля "карэкціроўкі" выходзіла, што траўміраваная была... цвярозай. 71-гадовая жыхарка вёскі Хатоўка захоўвала ў сябе дома 70 літраў самагону, за што аштрафавана на 175 тысяч рублёў, а самагон канфіскаваны.
ДАІ затрымала 168 парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 8 п'яных і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 14 дарожных аварый.
З 5 па 15 кастрычніка на тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльная аперацыя "Пешаход". Асаблівая ўвага будзе звернута на выкананне правілаў дарожнага руху пешаходамі і веласіпедыстамі, у прыватнасці, на пешаходных пераходах.
"Хуткая" выязджала да хворых 610 разоў. 21 сігнал быў да асоб з алкагольным ап'яненнем.






