мобильная версия
Прамень

"Жніўнае поле" Тамары Барэхавай

Нумар - №193-195    Рубрыка - Культура

07.10.2011

У кожнай прафесіі ёсць свае адметнасці, асаблівасці. У работнікаў сферы культуры такі рэжым работы, што яны працуюць тады, калі ва ўсіх дні выхадныя. І маюць абавязкі клапаціцца пра наш настрой, пра арганізацыю вольнага часу. Да таго ж,  выпадковых людзей тут быць не можа - запатрабаваны таленты. Ва ўсіх установах культуры раёна, дзіцячых школах мастацтваў працуюць аматарскія мастацкія калектывы, якія сваімі выступленнямі ўпрыгожваюць не толькі раённыя святы. З розных фестываляў і конкурсаў - абласных, рэспубліканскіх, міжнародных - у гэтым годзе яны прывезлі ўжо каля 30 дыпломаў.

Прыемна адзначыць, што на нядаўнім рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі", які прайшоў у Маладзечне, прымалі ўдзел 15 аматарскіх калектываў Стаўбцоўшчыны. Усюды запрашаюць зводны духавы аркестр горада Стоўбцы пад кіраўніцтвам Аляксандра Нічыпаровіча. У склад яго ўваходзяць музыкі народнага духавога аркестра раённага Цэнтра культуры і ўзорнага духавога аркестра Стаўбцоўскай школы мастацтваў, а таксама калектыў мажарэтак. Калектыў, мала таго што прафесіянальна дасканалы, яшчэ і эфектна выглядае ў новых сцэнічных касцюмах. 9 народных калектываў выступілі перад удзельнікамі вялікага рэспубліканскага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі: народны вакальны ансамбль "Берагіня" Стаўбцоўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Тамары Барэхавай, народны вакальны ансамбль "Святлана" Наваколасаўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Лесі Карніенкі і народны ансамбль народнай музыкі "Славяначка" пад кіраўніцтвам Наталлі Кур'яновіч гэтай жа школы, народны хор "Нёман" Старасвержанскага цэнтра культуры пад кіраў-ніцтвам Вольгі Шыбко, народны фальклорны ансамбль з Мікалаеўшчыны "Коласавы землякі" пад кіраўніцтвам Лідзіі Варывоцкай, народны хор "Панямонь" Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры пад кіраўніцтвам Аляксандра Шырана, народны тэатр мініяцюр "Полымя" раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам  Марыі Нуттэ, народная эстрадная студыя "Арыенцір" раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Валерыя Малухіна. Народны клуб майстроў народнай творчасці "Пралеска" пад кіраўніцтвам Аліны Халявінскай выехаў на "Дажынкі" ў складзе 20 чалавек - былі прадстаўлены розныя віды творчасці. У ліку дзіцячых калектываў Стаўбцоўшчыну прадстаўлялі на "Дажынках" узорны ансамбль народнай песні "Жавароначкі" Стаўбцоўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Людмілы Канаплянікавай-Доўнар, узорны харэаграфічны ансамбль "Лявоначкі" раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Несцярук, узорны харэаграфічны ансамбль "Гарошынка" стаўбцоўскай гімназіі № 1 пад кіраўніцтвам Наталлі Захаравай, дзіцячая эстрадная студыя "Крынічка" раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Валерыя Малухіна, дзіцячы тэатр "Батлейка" Дзераўнянскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Наталлі Сіняўскай.

Вялікім сюрпрызам для дырэктара Стаўбцоўскай школы мастацтваў Тамары Барэхавай стала навіна, што песня "Рэха жніўнага поля" на яе музыку (словы В. Хаўратовіча) пачала праграму святочнага канцэрта рэспубліканскага свята "Дажынкі" на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва ў выкананні заслужаных аматарскіх калектываў рэспублікі.  Гэтая песня мае вялікі поспех. Да гэтага яна неаднаразова  гучала на сталічнай сцэне, у тым ліку і ў Палацы Рэспублікі. Гэта можна расцаніць не толькі як падзею ў творчым жыцці кампазітара Тамары Барэхавай, але і ў культурным жыцці раёна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ