"КлубНІКІ", якія любяць мастацтва
Нумар - №196-197 Рубрыка - Адукацыя
12.10.2011

Дзе можна пабачыць бабовага караля з каралевай? Такая незвычайная сустрэча можа адбыцца ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы на адкрытым пасяджэнні клуба аматараў мастацтва "НІКА". І хоць тут зусім не каралеўства, але ўсіх "клубНІКАў" яднае любоў да мастацтва.
Цікавы рытуал абрання караля і каралевы традыцыйна адбываецца ў Дзень святога Валянціна вось ужо амаль дваццаць гадоў. Робіцца гэта так. Пячэцца святочны пірог у выглядзе сэрца, адна палавіна чорная, другая - белая, куды непрыкметна закладваюцца дзве бобіны. Кожны атрымлівае кавалачак прысмаку. Каму пашчасціць знайсці бобіны, той і наракаецца каралём і каралевай. Усе астатнія - "падданыя" і прысвячаюць ім свае віншаванні.
- Колькі гадоў нашаму клубу, столькі стваралася сімвалічных каралеўскіх параў у Дзень святога Валянціна, - успамінае кіраўнік клуба Людміла Назаранка. - Кожны раз мы гутарым пра каханне, закаханасць як пра найвялікшую каштоўнасць свету і, безумоўна, звязваем яе з мастацтвам.
Яшчэ адна традыцыя нязменна падтрымліваецца кожным пакаленнем "клубНІКАў". У Дзень нараджэння клуба, на пачатку лістапада, "навабранцаў" прымаюць у рады аматараў мастацтва. Яны ўрачыста чытаюць клятву. У ёй ёсць такія словы: "... абавязуюся добраахвотна ўдзельнічаць ва ўсіх справах клуба, спасцігаць таямніцы мастацтва, а таксама… лічыць "клубНІКУ" самай любімай ягадай". Як пацвярджэнне згоды адбываецца "памазанне" новых членаў варэннем з гэтай духмянай ягады. У "НІКІ", дарэчы, ёсць і "пажыццёвыя" члены - тыя, хто даўно скончыў гімназію, але актыўна наведвае яе адкрытыя пасяджэнні.
Як узнікла ідэя стварыць такі клуб? - пацікавілася ў яго "летапісца" Людмілы Назаранкі:
- Неяк разам з вучнямі мы рыхтаваліся да школьнага свята. Рэпеціравалі дапазна. А пасля нехта прапанаваў: "Давайце збяромся яшчэ!" - "Калі?" - "У пятніцу". Так і пайшло: апошні працоўны дзень тыдня а палове пятай вечара нас збірае мастацтва. Прыдумалі свой статут, гімн. Калектыўна зацвердзілі назву і сімвал - вольныя крылы грэчаскай багіні перамогі Нікі...
Людміла Станіславаўна выкладае сусветную мастацкую культуру. На сваіх занятках яна прывівае гімназістам любоў да жывапісу, літаратуры, музыкі, знаёміць з шэдэўрамі архітэктуры. Яе вучні захапляюцца палотнамі Шагала, Рэрыха, Босха, Айвазоўскага, з цікавасцю вывучаюць стылі сусветна вядомых музычных выканаўцаў. Шмат хто з "клубНІКАў" стаў студэнтам універсітэта культуры.
Сустрэчы "клубНІКАў" па пятніцах - гэта толькі падрыхтоўка да адкрытых пасяджэнняў, якія доўжацца каля чатырох гадзін. За гэты час можна паслухаць змястоўныя даклады вучняў, паўдзельнічаць у дыскусіі і, безумоўна, уволю пасмяяцца, пажартаваць, бо ёсць тут месца і творчым экспромтам, і паэтычным і тэатральным імправізацыям.
Новы навучальны год таксама не стаў выключэннем. Вераснёўскай пятніцай "клубНІКІ" зноўку сабраліся пад крыло ахоўніцы-Нікі. Добра прыдумана тэма першага пасяджэння. Яно будзе прысвечана гісторыі нораваў у эпоху Рэнесанса і Галантнага Стагоддзя.
Па словах вялікага кампазітара Эдварда Грыга, мастацтва - гэта загадка. І кожны раз нейкую маленькую загадку разгадваюць удзельнікі клуба "НІКА". А значыць, яны ўзбагачаюць сваю душу, спасцігаюць законы жыцця і вучацца тварыць самі.






