мобильная версия
Прамень

Пад Пакровам Багародзіцы

Нумар - №196-197    Рубрыка - Сям’я

12.10.2011

Фотография 1

Дзень 14 кастрычніка ў жыцці Мікалая Паўлавіча і Ірыны Іосіфаўны Ярашэвічаў з вёскі Перакопаўшчына дарагі не толькі тым, што святкуюцца вялікія святы - Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці, але гэта і дзень іх вяселля. Сёлета ён юбілейны - 60-ы па ліку. Сямейная пара Ярашэвічаў адзначае брыльянтавае вяселле, такіх юбіляраў не так і шмат. Таму гэтая сямейная ўрачыстасць набыла грамадскае значэнне - ушанаванне юбіляраў праводзіць аддзел ЗАГС райвыканкама.

... А 60 гадоў назад было ўсё так. Франтавік Мікалай Ярашэвіч вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з пераможнымі баямі Польшчу і Чэхаславакію. Жыццё яго, як і кожнага салдата на вайне, не раз падвяргалася небяспецы. Таму ён быў удзячны Богу за тое, што застаўся жывы, што вярнуўся дамоў у Любкаўшчыну. Адразу ж пайшоў вучыцца на краўца ў Стоўбцы. Адмыслова шыў кажухі, шапкі. Абшываў не толькі сваю сям'ю, але і ўсіх вяскоўцаў. На свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы была традыцыя ладзіць фэст. Мікалай Ярашэвіч і тут быў незаменны - выдатна іграў на акардэоне, добра спяваў, ды яшчэ і здатны на дасціпны жарт. Душа кампаніі.

У Вязявецкай пачатковай школе настаўнічала маладая Ірына... Дачулася яна пра фэст. І таксама адправілася ў Любкаўшчыну - ды яшчэ са сваім настаўніцкім партфелем. Факт, што незаўважанай яна не засталася ў мясцовых хлопцаў. Паклаў на яе вока і Мікалай Ярашэвіч. Гэта знаёмства праз год прывяло іх пад вянец. Вяселле было ў той дзень, калі і пазнаёміліся, - на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. А той партфель яе, як дарагая рэліквія, захоўваецца і па сённяшні дзень у іх дома - туды складваюцца дакументы.

Так пачало адлік іх сямейнае жыццё. Ірына Іосіфаўна выканала наказ свайго дзеда не пакідаць яго сядзібу ў Перакопаўшчыне, бо вельмі пладародная зямля. На гэтай зямельнай спадчыне і пабудавалі яны сабе дом. Ірына Іосіфаўна ўжо замужам паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Да электрычкі ў Асіпаўшчыну Мікалай Паўлавіч вазіў яе на ровары і сустракаў назад. І ўсё жыццё быў яе памочнікам у настаўніцкай працы. Хоць сам ён да педагогокі адносін не меў - працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, газавіком, развозіў вяскоўцам балоны, потым быў нарыхтоўшчыкам жывёлы. Музычныя і вакальныя здольнасці Мікалая Паўлавіча Ірына Іосіфаўна выдатна скарыстоўвала, калі трэба было арганізоўваць святы, вечарыны, урачыстасці. З падтрымкай Мікалая Паўлавіча Ірына Іосіфаўна закончыла завочна і яшчэ адзін інстытут - Мінскі педагагічны імя Горкага, атрымала спецыяльнасць філолага. А Мікалай Паўлавіч атрымаў сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе ў Любкаўшчыне, а выкладала яму Ірына Іосіфаўна.

Не пакідала яна сваю працу, калі нарадзіліся дзеці. Раней дэкрэтны адпачынак па доглядзе дзіцяці быў толькі месяц. Ёй даводзілася карміць дзіця грудзьмі і хадзіць на працу ў Падзерычы. Тут Гасподзь паслаў ім добрага чалавека - няньку, бяздомную жанчыну. Яны прытулілі Веру Адамаўну (дарэчы, прозвішча яе таксама было Ярашэвіч) у сваім доме, і пражыла яна ў іх сям'і 30 гадоў, да самай смерці. Галіна і Раіса, дочкі, захоўваюць аб ёй светлую памяць і з пяшчотай называюць яе Арынай Радзівонаўнай, як знакамітую няньку паэта А. С. Пушкіна. А цяпер Ярашэвічы даглядаюць магілу Веры Адамаўны.

У сям'і Ярашэвічаў нарадзіліся дзве дачкі. Галіна Латушка (прозвішча па мужу) выбрала прафесію маці - настаўніца пачатковых класаў СШ № 3 г. Стоўбцы. Прафесія педагога ў яе дачкі Наталлі Сінянковай - настаўніцы англійскай мовы СШ № 3. Педуніверсітэт закончыла і яшчэ адна ўнучка - мінская Святлана. Сямейная дынастыя правяла такі падлік: агульны педагагічны стаж бабулі Ірыны Іосіфаўны, дачкі Галіны Мікалаеўны і ўнучкі Наталлі Пятроўны складае больш за 100 гадоў! Старэйшая дачка Мікалая Паўлавіча і Ірыны Іосіфаўны Раіса - кандыдат біялагічных навук, усё жыццё працавала ў інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук. У бабулі з дзядулем чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Дзяцінства ўнукаў - двух мінскіх і двух стаўбцоўскіх - праходзіла ў вясковым доме любімых бабулі і дзядулі. Там яны праводзілі ўсе свае канікулы. На падворку стварылі піянерскі лагер "Петушок".  Мікалай Паўлавіч і Ірына Іосіфаўна шмат працавалі, мелі вялікую гаспадарку - дзве каровы, пчалапасеку. Дзеці гадаваліся на сырадоі і дамашнім мядку. Хіба могуць яны цяпер не аддзячыць за ласку і любоў дарагім бабулі і дзядулю, якія ўжо ў шаноўным узросце? Яны сагрэтыя ўвагай родных. І тое, што ў свае 85 гадоў Мікалай Паўлавіч і ў 81 год Ірына Іосіфаўна выглядаюць так прыгожа (на здымку) - заслуга і дзяцей, унукаў. Гэта па іх ініцыятыве і стараннях Мікалай Паўлавіч і Ірына Іосіфаўна адзначаць сваё брыльянтавае вяселле. Мы далучаемся да ўсіх віншаванняў і жадаем маладым даўгалецця ў любові і згодзе. А сем'ям дзяцей, унукаў і праўнукаў браць з іх прыклад у стварэнні свайго сямейнага ачага.

Святлана ЖЫБУЛЬ