Паслужыць людзям
Нумар - №196-197 Рубрыка - Медыцына
12.10.2011

Каб стаць доктарам, Любові Недзень давялося паступаць у медінстытут на працягу трох гадоў. Настойлівасць і мэтанакіраванасць дзяўчыны з Валожына завяршылася поспехам. Яна стала студэнткай стаматалагічнага факультэта Мінскага медінстытута. Займалася з вялікай радасцю, спасцігала прафесію паспяховай вучобай, таму што дасталося ёй паступленне вялікімі намаганнямі. І яна цаніла тое, што мела. Пасля заканчэння вучобы накіравана была ў Стоўбцы. Год папрацавала тэрапеўтам, а потым яе перавялі на артапеда. Паехала на чатырохмесячныя курсы пярвічнай спецыялізацыі ў Кіеў. Вярнулася спецыялістам, гатовым працаваць у гэтым накірунку. Аднак, каб адбыцца як добры ўрач, спатрэбілася нямала гадоў, каб тэарэтычныя веды былі падмацаваны практыкай, вопытам, які набываецца нялёгкімі буднямі.
Было гэта каля 40 гадоў назад. Увесь час Любоў Лявонаўна працуе артапедам. Ацэньвае сваю работу як вельмі складаную, якая патрабуе прафесіяналізму, адказнасці і вялікіх затрат сілы. Тым больш, што ў апошні час у медыцыне ўрачам многіх спецыяльнасцяў даводзіцца працаваць з павышанай нагрузкай з-за дэфіцыту кадраў. Не выключэнне і артапеды. Не думала Любоў Лявонаўна, калі ехала маладой дзяўчынай па размеркаванні, што далейшы яе лёс будзе звязаны са Стоўбцамі. Малады доктар выйшла замуж і засталася тут. Чатыры дзесяцігоддзі работы на адным месцы дазволілі Любові Лявонаўне мець высокі прафесіяналізм, вопыт, павагу да сябе, што ўпрыгожвае чалавека любой спецыяльнасці. А тым больш урача, які ў адказе за здароўе другога чалавека. Больш таго, на працягу 20 гадоў адначасова з урачэбнай практыкай Любоў Лявонаўна выконвала абавязкі загадчыцы стаматалагічнай паліклінікі. Дар добрага адміністратара дазволіў ёй згуртаваць стабільны калектыў, у многіх медыцынскіх работнікаў таксама стаж работы на адным месцы складае не адно дзесяцігоддзе.
Аўтарытэт Любові Лявонаўны дапамог зрабіць прафесіянальны выбар і яе сынам, якія таксама сталі медыкамі. Перш чым падтрымаць іх рашэнне, яна шмат што ўзважыла. І, даючы благаславенне на выбар прафесіі ўрача, найперш убачыла ў дзяцей сваім мацярынскім сэрцам якасці, неабходныя медыку - дабрыню, уменне спачуваць, прынесці сябе ў ахвяру іншаму чалавеку, не думаць пра сябе. Як лічыць Любоў Лявонаўна, гэтыя рысы асабліва неабходны хірургам. Старэйшы сын Леанід, залаты медаліст ДАСШ № 3, працуе акушэрам-гінеколагам, хірург-практык. Любоў Лявонаўна з вялікай павагай гаворыць пра ўрачоў радзільнага аддзялення, якія нясуць адказнасць адразу за два жыцці - дзіцяці і маці. І з вялікай увагай, падтрымкай заўсёды адносіцца да свайго сына-доктара, якому неаднаразова даводзілася ў цяжкіх сітуацыях як хірургу выратоўваць адразу два жыцці. Канешне ж, для Любові Лявонаўны гонар, што сын не толькі адбыўся як урач, але і займаецца навуковай работай. Ён закончыў ардынатуру, а цяпер абараняе кандыдацкую дысертацыю ў аспірантуры. Працуе ў сталічным Цэнтры маці і дзіцяці. У сям'і Недзеняў ёсць і яшчэ адзін доктар - нявестка, жонка Леаніда - урач-рэнтгенолаг 9-ай сталічнай клінікі.
Малодшы сын Валерый, таксама медаліст ДАСШ № 3 г. Стоўбцы, выбраў прафесію маці - працуе артапедам. Любоў Лявонаўна шмат сіл уклала, каб дапамагчы яму, перадаць свой вопыт, свае адносіны да працы, разуменне галоўнага - каб стаць добрым доктарам, патрэбна шмат працаваць, пастаянна ўдасканальвацца, павышаць свой прафесійны ўзровень. Валерый сур'ёзна ўсвоіў гэтую навуку. Ён таксама закончыў ардынатуру на кафедры інстытута павышэння кваліфікацыі ўрачоў. І для Любові Лявонаўны вышэйшая ўзнагарода, што сёння яна ўжо кансультуецца ў сына, які асвоіў усе навейшыя тэхналогі пратэзіравання зубоў. У складаных сітуацых Любоў Лявонаўна звяртаецца да Валерыя, яны разам прымаюць рашэнне. І такая падтрымка для Любові Лявонаўны вялікая радасць. Нягледзячы на малады ўзрост, Валерый паспеў не толькі адбыцца як урач, але яму даверана ўзначальваць аддзяленне артапедыі 12-й мінскай стаматалагічнай паліклінікі. Валерый падарыў Любові Лявонаўне шчасце быць бабуляй, расце ўнучак Мацвей. У сям'і Недзеняў сярод урачоў ёсць педагог - нявестка Надзея.
Канешне ж, у выхаванні сыноў вялікая заслуга не толькі Любові Лявонаўны, але і яе мужа Часлава Юр'евіча, які моцна хварэў і заўчасна пайшоў з жыцця. Часлаў Юр'евіч таксама быў паважаны ў раёне чалавек, апошняе месца яго працы - начальнік аддзела кадраў вялікай арганізацыі, стаўбцоўскіх электрычных сетак. І канешне ж, каб Бог падоўжыў яго век, ён таксама б радаваўся, як і Любоў Лявонаўна, што іх душэўныя і фізічныя сілы, укладзеныя ў выхаванне дзяцей, вярнуліся ім вянцамі - дзеці на даным перыядзе іх жыцця апраўдваюць надзеі бацькоў, з'яўляюцца іх гонарам.
А прафесія ўрача ў сям'і Недзеняў, дзе ўжо чатыры доктары, можна сказаць, спадчынная. Пляменнік Любові Лявонаўны, сын сястры - таксама ўрач. Івана Бобрыка добра ведаюць у нашым раёне, ён доўгі час працаваў у раённай бальніцы, цяпер узначальвае аддзяленне аператыўнай гінекалогіі 7-ай сталічнай клінікі. Шмат аперыруе і таксама перадае свой вопыт Леаніду Недзеню, хірургу-гінеколагу.
Любоў Лявонаўна працягвае ўрачэбную практыку, хоць знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку. Яе вопыт запатрабаваны, для ўрачоў-артапедаў багата работы. Вельмі шмат пацыентаў, якія маюць патрэбу ў зубным пратэзаванні. Таму Любоў Лявонаўна звярнула ўвагу на тое, як важна максімальна захоўваць зубы, выконваць гігіену поласці рота, своечасова лячыць зубы, каб не дапусціць хвароб. Урач робіць акцэнты на тым, што поспех работы артапеда ў многім залежыць ад прафесіяналізму зубных тэхнікаў. І з удзячнасцю называе лепшых тэхнікаў раённай стаматалагічнай паліклінікі - Жанну Мемех, Алену Шастак, Алега Раманоўскага, Юрыя Міхно, Святлану Кажушку, Людмілу Дубатоўку. У сітуацыі дэфіцыту медыцынскіх кадраў ім часта даводзіцца працаваць з перанагрузкамі, выконваць за змену работы больш, чым прадугледжана тарыфнымі нарматывамі. І гэта яшчэ раз сведчыць, што праца медыцынскіх работнікаў - самаахвярная, патрабуе ад чалавека ўмення забыцца пра сябе і паслужыць іншаму.
Нам прыемна прадставіць сёння на старонках газеты сямейную ўрачэбную дынастыю. І хочацца пажадаць Валерыю і Леаніду Недзеням, каб яны так жа як іх маці Любоў Лявонаўна праз гады ніколі не пашкадавалі, што выбралі гэту высакародную прафесію. Каб атрымлівалі толькі словы ўдзячнасці ад людзей за свой прафесіяналізм, і гэта давала ім сілы для выканання нялёгкай работы доктара і жаданне перадаць сваю прафесію нашчадкам.
Паўтара дзесяцігоддзя Любоў Недзень працуе поруч з медсястрой Любоўю Вінаградавай.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






