Шарм вясковых сядзіб
Нумар - №196-197 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
12.10.2011



Засульскі сельвыканкам аб'явіў конкурс на лепшы двор і заахвоціў лепшых вясковых дома-ўладальнікаў.
Перад тым, як ехаць да пераможцаў з прыгожай шыльдай "Дом образцового порядка", старшыня сельвыканкама Таццяна Юнцэвіч заўважае:
- Працую першае скліканне, але ведаю, што такія конкурсы праводзіліся на тэрыторыі сельсавета і раней. Дзякуй ААТ "Каганец", што не пакінуў конкурс без прызоў. Для пераможцаў яны - памяць і магчымасць паказаць сябе перад дзецьмі, унукамі і аднавяскоўцамі.
Пяці ўладальнікам самых дагледжаных сядзібаў з вёсак Зарэчча, Засулле, Варнавугал і Ячонка разам з памятнай шыльдай і граматай уручылі чайныя сервізы. Гаспадары яшчэ дваццаці мясцовых падворкаў адзначаны за сваю рупнасць падзячнымі пісьмамі і сталовымі наборамі. Акрамя санітарнага стану іх, улічвалася асабістая падсобная гаспадарка. Трэба сказаць, што ў засульскім краі, дзе 582 падворкі вяскоўцаў і вялікае мноства дач, адметных дамоў значна больш. Ды і конкурс нездарма меў назву - "Край, у якім я жыву". Умовамі конкурсу ўзнагароды прадугледжваліся толькі тым, хто жыве ў вёсцы пастаянна. Конкурс на лепшы двор - гэта стымул для ўсіх не адставаць у навядзенні парадку.
Таццяна Юнцэвіч шчыра прызналася, што не абышлося, як бывае ў такіх выпадках, без размоў-перамоў, чаму іменна той ці іншы гаспадар быў прыкмечаны? Стараліся ж усе. Што можна сказаць у адказ? Сельгаспрадпрыемства выдзеліла аўтобус, каб камісія пабывала ў кожнай вёсцы, зайшла ў кожны двор. Але рашэнне прымалася на падставе ўсебаковага падыходу. Калі іншым разам дом прыгожы, але на гаспадароў быў складзены адміністрацыйны пратакол за самагонны "бізнес" ці нешта яшчэ, то, прабачце, у такім выпадку іх гаспадарлівасць у разлік не прымаецца.
Ад узорнага дома да ўзорнай вуліцы
Сярод тых, хто жыве ў доме ўзорнага парадку, не толькі дбайныя, увішныя гаспадары, а і сапраўды аўтарытэтныя вяскоўцы. У Зарэччы гэта дружная сям'я Шырвеляў. Муж і жонка працуюць у гаспадарцы. Галіна - бухгалтарам-касірам, Іван - вадзіцелем. Ён з'яўляецца і дэпутатам сельскага Савета. Бацькам ва ўсім дапамагаюць дзеці - дачка-адзінаццацікласніца і сын, студэнт чыгуначнага каледжа. Прыемна пасядзець вечарам на лавачцы ў водары кветак і зёлак, падвесці вынік дня. У адказ гаспадыня ўсміхаецца: "Калі работа на зямлі падабаецца, то зусім не цяжка, і глеба будзе ўраджайнай. Ведаеце, шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома". Шырвелі, дарэчы, выходзілі пераможцамі конкурсу добраўпарадкавання і ў мінулым, пазамінулым гадах.
У Зарэччы прыклад паказвае і сям'я бацюшкі, айца Іаана, і матушкі Валянціны. У іх трое дзяцей. Каля дома гарадскі пейзаж з туяў, кветак і зялёнай траўкі акурат суседнічае з вясковым - участкам зямлі, дзе вырошчвалі бульбу. "Маіх заслуг тут няма, - адразу зазначае бацюшка. - Гэта праца матушкі. У мяне іншыя справы". Матушка Валянціна, якая любіць кветкі і пачынае вырошчваць іх на падаконніку яшчэ ў лютым, прывучае да гэтага і дзяцей. Сям'я апрацоўвае вялікі прысядзібны ўчастак. Бацюшка мае трактар і сам працуе на ім. А сёлета завялі і гаспадарку. Купілі парасят, бройлерных курэй. Пусцілі ў гэтую зямлю свае карані - выкупілі ў гаспадаркі дом.
У аграгарадку Засулле адзін з лепшых дамоў, бясспрэчна, у Леаніды Доўнар. Хто не ведае ў гэтых мясцінах сваю настаўніцу?! Як і раней, не сядзіць яна без справы і ўпраўляецца разам з дзецьмі і ўнукамі на выдатна. У Ячонцы ведаюць сям'ю Івана і Галіны Казловых. Гэтых гаспадароў можна распазнаць па плоце. У іх бетонная агароджа, а за ёю, у двары, - калодзеж, газон, дэкаратыўны вадаём, зробленыя ўласнымі рукамі. Пышна цвіце ля брамкі "бабіна лета" і прыцягвае зумкаючых пчол. Гаспадар, кажуць, назаўтра пасля атрымання статуса дома ўзорнага парадку паехаў і набыў газонакасілку. Сапраўды, чысціню трэба абавязкова падтрымліваць.
Узор для Варнавугла ды і ўсяго Засульскага сельсавета - сям'я Анатоля і Зінаіды Цвікоў. Гэтыя сціплыя і вельмі працавітыя людзі жывуць у доме пры самай дарозе, у засені соснаў і арэшніку. Гаспадыня ўжо на пенсіі, а муж працуе ў гаспадарцы. І хоць не стае яму часу на дамашнюю работу, ва ўсім у іх адчуваецца парадак. І дзве каровы трымаюць. "Дзве дочкі, унукі ў нас у Баранавічах. Яны любяць свой дом і прыязджаюць, дапамагаюць. Зяць харошы, - гаворыць гаспадыня, прымаючы шыльду. - Пакуль не будзем яе вешаць, а ўжо як закончым рамонт у хаце".
Адметна, што сярод усіх адзначаных падворкаў вельмі многія размешчаны ў Зарэччы, прычым на адной вуліцы - Юбілейнай. Адсюль вынікае, што не толькі асобным дамам, а і цэлым вуліцам варта надаваць статус узорнага парадку. На Юбілейнай пражываюць у асноўным маладыя сем'і. Яны клапоцяцца аб парадку, адзін перад адным стараюцца падтрымліваць яго.
Мець вуліцу ўзорнага парадку - бадай, ганаровая задача для кожнага з населеных пунктаў Засульскага сельсавета.
НА ЗДЫМКАХ: "Будзе яшчэ лепш", - упэўнена Зінаіда Цвік; старшыня Засульскага сельвыканкама Таццяна Юнцэвіч віншуе Галіну Шырвель; парадак у мясцовага бацюшкі, айца Іаана, і матушкі Валянціны пачынаецца з ганка.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






