мобильная версия
Прамень

Шэсць жыццяў у адным сэрцы

Нумар - №196-197    Рубрыка - Сям’я

12.10.2011

Фотография 1

На выхадныя з'язджаюцца дадому, у сваю вёску, усе дзеці Новікаў. Старэйшыя - са сваімі сем'ямі. Хата поўніцца гаманой, смехам, жартамі, у яе вокнах дапазна гарыць святло… "Калі дзеці едуць дадому, значыць, ім тут добра", - упэўнена матуля.

- Я шчаслівая мама шасцярых дзяцей, - расказвае пра свой жаночы лёс жыхарка Засулля Алена Новік, яна ж і галоўны бухгалтар Засульскага сельвыканкама. - Дзеці добрыя - і ў маім сэрцы радасць. Алёна, Аляксандр, Нэлі, Віктар, Вікторыя, Ганна… 2 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, што Бог даў, - усе нашы. Старэйшыя вывучыліся, ужо завялі свае сем'і. У нас унук ёсць. Чакаем яшчэ папаўнення: наша Нэлі, настаўніца англійскай мовы ў Коласаўскай школе, пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

Нэлі і яе старэйшая сястра Алёна - калегі. Яна таксама настаўніца англійскай мовы, толькі ў гімназіі ў Дзяржынску. Іх брат Аляксандр, як і бацька, выбраў прафесію лесавода. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён працаваў у Кульскім лясніцтве. Потым ажаніўся і аказаўся ў  Смаргоні. На даны момант працуе там майстрам-тэхнолагам у аб'яднанні камунальных службаў. Віктар - яшчэ студэнт-трэцякурснік каледжа сувязі. Дома, пры маме і тату, засталіся толькі дзве меншыя дзяўчынкі - Вікторыя і Ганна. Праўда, і гэта  часова. Вікторыя ўжо адзінаццацікласніца. Зразумела, паедзе паступаць, атрымліваць, як і старэйшыя браты і сёстры, вышэйшую адукацыю. У Вікторыі (імя ў яе - пераможнае) усё атрымаецца! З бацькамі застанецца іх апошняя дачушка-ўцеха - Ганначка. Яна займаецца ў восьмым класе. Дзеці  ў сям'і Новікаў вучацца добра, гэтак жа стараюцца і працаваць.

Што і казаць, усе шасцёра гадаваліся пры вялікай гаспадарцы, з маленства прывучаны да сялянскай працы, у кожнага дома  - свой абавязак. Па гэтай прычыне адказнасці за свае ўчынкі ім не займаць. А бацькі заўсёды стараліся, каб накарміць, апрануць дзяцей, каб нічым не былі абдзелены, не выглядалі горш за іншых. Дапамагалі надзейныя "спонсары" - бабулі з дзядулямі, сваякі і проста чужыя міласэрныя людзі.        

Дзеці ў Новікаў выраслі на заглядзенне. За маму яны вышэйшыя на цэлую галаву. Даросласць у іх і ў паводзінах. Разважаюць, жывуць па-сучаснаму - значыць, і мама разам з імі маладзее, застаецца прывабнай сучаснай жанчынай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ