мобильная версия
Прамень

У падмаскоўных Азёрах

Нумар - №196-197    Рубрыка - Сувязі

12.10.2011

У горадзе Азёры Маскоў-скай вобласці пабывала дэлегацыя Стаўбцоўскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. М. Ермаковіч. Ірына Мікалаеўна дзеліцца сваімі ўражаннямі.

- Нагодай для сустрэчы з нашымі сябрамі з Падмаскоўя стала правядзенне ў Азёрах Дзён яднання гарадоў-пабрацімаў. Сабраліся на свята госці з Украіны - Рашацілаўкі і Жашкава, з расійскіх гарадоў Дзяржынска і Жукоўскага, з удзячнасцю прынялі запрашэнне і мы.

Першы дзень свята прайшоў, можна сказаць, на эмацыянальнай хвалі. Адбылася прэзентацыя гарадоў. З Азёрамі знаёмства, зразумела, было і асабістае. Перш за ўсё адзначу, што падмаскоўны райцэнтр супастаўны з нашымі Стоўбцамі. Праўда, насельніцтва крыху больш, чым у нас - прыкладна 21 тысяча. Горад прыгажэе, становіцца больш утульным для жыхароў. Уразіў спартыўны комплекс з басейнам, саўнай, баскетбольнымі і валейбольнымі заламі. Урэшце, у нас таксама праз пэўны час уступяць у строй новыя спартыўныя і аздараўленчыя аб'екты. Аб гэтым і я інфармавала гаспадароў і гасцей свята. Адзначу таксама абсталяваныя пляцоўкі для адпачынку, заняткаў фізкультурай у дварах дамоў, школ і дашкольных устаноў. Прыгожа выглядае новая аўтобусная станцыя. Ад ранейшага нашага прыезду адбыліся і іншыя змены.

Пры наведванні школ у Азёрах прыемным сюрпрызам стала тое, што агучылі вынікі творчага конкурсу вучняў. Цёпла пісалі рабяты пра непарушную дружбу народаў Беларусі і Расіі. Прыгадвалі і сяброўскія сувязі Азёраў і Стоўбцаў.

З аб'ектаў прамысловасці наведалі швейную вытворчасць, якая, у прыватнасці, спецыялізуецца на пашыве чахлоў для аўтамабіляў, а таксама прадпрыемства па вырабе посуду. А фабрыка "Азёрскі сувенір" пастаўляе цукеркі і ў Беларусь.

Што датычыць сельскай гаспадаркі, то тут свая спецыфіка. Раён не назавеш сельскагаспадарчым, аб'ёмы вытворчасці на сяле не супастаўныя з нашымі. Але азёрскімі буракамі, морквай, капустай з прыемнасцю частуюцца і ў Маскве. Можна скарыстаць вопыт расійскіх сяброў па абсталяванні агароднінасховішчаў. Дагледжаныя, акуратныя і мясцовыя жывёлагадоўчыя фермы.

А адметны тут "канёк", слова, такое і ў літаральным сэнсе, - конегадоўля. Коней гадуюць і рыхтуюць для верхавой язды, спартыўных спаборніцтваў, гонак на іпадромах. Інструктары навучаюць азам "кавалерыі" ўсіх жадаючых, асаблівая ўвага дзецям. Ахвотнікаў шмат, нездарма ж адзначана, што верхавая язда садзейнічае эмацыянальнаму настрою і нават паляпшэнню здароўя.

Увогуле ж запраўляюць на зямлі камерцыйныя структуры, фермеры. Тут таксама можна пераймаць карысны вопыт.

Кіраўніцтва раёна, жыхары Азёр жыва цікавяцца жыццём беларусаў, аб'ектыўна ацэньваюць нашы рэаліі, шмат у чым, адчуваецца, і зайздросцяць. А каб даведацца, хто як жыве, лепш пабачыць на свае вочы. Дзелавыя, сяброўскія кантакты з гарадамі і раёнамі-пабрацімамі будуць толькі мацнець. Цяпер мы чакаем нашых сяброў на святочных мерапрыемствах, якія будуць ладзіцца да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Ф. БАНДАРОВІЧ