мобильная версия
Прамень

З алімпійскай ліцэнзіяй

Нумар - №196-197    Рубрыка - Спорт

12.10.2011

Марына Карніцкая - член зборнай каманды Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы, чэмпіёнка вобласці па кросе, выхаванка Дзераўнянскай ДЮСШ. Гартаючы падшыўкі "Праменя" амаль дзесяцігадовай даўнасці, знаходзім такое прадстаўленне ў спісе лепшых спартсменаў раёна. А прыгадаць і сёння нашую здатную спартсменку ёсць добрая прычына.

Узрост у Марыны, зразумела, ужо не юніёрскі, але для спорту самы перспектыўны. Жыве яна цяпер у Мінску і, акрамя вытворчых заняткаў, мэтанакіравана рыхтуецца да адказных спабор-ніцтваў. І нядаўна на міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы ў Славеніі яна ўпэўнена перамагла. Пакараецца Марыне самая нялёгкая, але прэстыжная дысцыпліна - марафонскі бег.

Адзін з трэнераў Карніцкай у зборнай Беларусі, таксама наш зямляк, Аляксандр Гоцкі, у біяграфіі якога ўдзел у Алімпійскіх гульнях менавіта ў марафоне, бачыць добры патэнцыял спартсменкі, спрыяе яго развіццю.

Марафонскі бег - няпростае выпрабаванне для спартсмена. Уявіце, як гэта бягом адолець адлегласць  42 з лішнім кіламетры. Прытым у хуткім тэмпе, каб па выніку апярэдзіць сапернікаў. У спёку, дождж, пры моцным ветры… Неабходны выключная вынослівасць, воля. Дабаўце сюды дзясяткі кіламетраў штодзённых трэніровак.

Вясковыя дзеці не спешчаныя. Штодзённая праца, дапамога бацькам па гаспадарцы. Усё гэта,  ды яшчэ і вучоба. Так і Марына. Пашанцавала ёй і на добрых настаўнікаў. Аляксандр Чарняўскі, яе першы трэнер, прывіў азы майстэрства, якое грунтуецца на штодзённай мэтанакіраванай рабоце. Немалаважна, што ёсць у вёсцы, а сёння ў аграгарадку, выдатны стадыён, працуе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Укладзеныя сродкі, рупнасць трэнераў даюць вынік. Здольныя дзераўнянскія спартсмены выходзяць ужо і на міжнародную арэну. Аж да самай высокай вяршыні - алімпійскай, аб чым сведчыць прыклад Марыны Карніцкай-Даманцэвіч.

Перамогай адзначыліся выступленні Марыны на міжнародных спаборніцтвах па марафонскім  бегу сёлета ў польскім горадзе Лодзь, летась - у Рызе. І цяпер, у славацкі Кошыцэ яна ехала ў баявой спартыўнай форме. Саперніцы былі вельмі моцныя, асабліва з Эфіопіі. Гэта афрыканская краіна мае пераможныя традыцыі ў марафоне пачынаючы ад легендарнага Абебе Бікілы. Карніцкая-Даманцэвіч вяла барацьбу з эфіопскімі спартсменкамі на працягу ўсёй дыстанцыі. А пасля 35-га кіламетра яна пайшла ў адрыў. Паскарэнне на фінішы, і ўстаноўлены асабісты рэкорд. 2 гадзіны 33 хвіліны 53 секунды - за такі час адолела Марына саракадвухкіламетровы шлях.

-       Я хацела паказаць больш высокі вынік, - заявіла спартсменка на прэс-канферэнцыі, - але сёння гэта было немагчыма, таму засяродзілася на тым, каб заняць першае месца. Маёй задачай у гэтым сезоне было выканаць кваліфікацыйны нарматыў для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях.

Алімпійская ліцэнзія здабыта. Але права на ўдзел у самых маштабных і прэстыжных спаборніцтвах чатырохгоддзя трэба будзе пацвердзіць і ў наступным сезоне. І, безумоўна, ставіць самую высокую мэту. Няхай жа прагучыць будучым летам у Англіі, на алімпійскай арэне, у ліку пераможцаў імя нашай зямлячкі.

Ф. БАНДАРОВІЧ