мобильная версия
Прамень

"Буслянкі" радаснае святло

Нумар - №198-200    Рубрыка - Сям’я

14.10.2011

Традыцыйна, ужо больш чым 10 гадоў запар, на Тыдні маці ладзіцца свята для тых жанчын, хто стаў мамай для дзяцей-сірот, прыняў іх у сваю сям'ю, адагрэў цяплом, ласкай, клопатам. Больш таго, узяў на сябе абавязак падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця, дапамагчы вызначыцца ў будучай прафесіі і аказаць дапамогу ў яе атрыманні.

21 прыёмная маці атрымала запрашэнне прыйсці на святочную ўрачыстасць у Дом творчасці дзяцей і моладзі. Да гэтага святочнага дня было прыўрочана пасяджэнне клуба па інтарэсах для прыёмных бацькоў "Буслянка". Кіраўнік  клуба педагог-псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Калошыч і іншыя супрацоўнікі гэтай установы паклапаціліся, каб свята аб'яднала жанчын, дало магчымасць ім адпачыць ад паўсядзённых дамашніх клопатаў. Кожны год ініцыятывы педагогаў, якія працуюць з прыёмнымі сем'ямі, падтрымлівае райвыканкамам і фінансуе святочную сустрэчу з нагоды Дня маці. І на гэты раз быў накрыты для іх святочны салодкі стол. Жанчыны мелі магчымасць пагутарыць, пабыць разам. У прыёмных сем'ях нашага раёна выхоўваюцца 32 дзіцяці. Не так часта ўдаецца прыёмным маці пабыць разам, падзяліцца сваімі радасцямі і сваімі праблемамі, атрымаць падтрымку, параду адна ад другой.

Чацвёра прыёмных дзяцей выхоўвае стаўбчанка Вольга Гірко, па двое - Вольга Сідорык са Слабады, Тамара Васілеўская з Задвор'я, Таццяна Рамановіч і Святлана Кульбака са Стоўбцаў, Кацярына Васільева з Драздоў, Зоя Гавака з Задвор'я, Міранія Лазейка са Слабодкі, Сняжана Савіла з Зарэчча.

Святочную канцэртную праграму для прыёмных маці падрыхтавалі члены гурткоў Дома творчасці дзяцей і моладзі. У гэтым мерапрыемстве актыўны ўдзел прыняў раённы камітэт БРСМ. Жанчынам жадалі здароўя і даўгалецця, пабольш радасці і спакою ў душы і ў доме. Гэты святочны настрой прыёмныя маці раздзялілі са сваімі сем'ямі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ