Два рашаючыя крокі
Нумар - №198-200 Рубрыка - Спорт
15.10.2011

Чарговы матч першынства вобласці каманда "Нёман-Агра" правяла ў Любані. Мясцовы футбольны калектыў сярод замыкаючых турнірную табліцу, але ніхто загадзя нават чэмпіёнам не здаецца. І сустрэча гэтая насіла ўпарты характар з выгаднымі момантамі як у гаспадароў, так і ў гасцей.
Усё ж настойлівасць стаўбчан прынесла плён. Дакладны ўдар па варотах нанёс Аляксандр Карніцкі. Гэты гол і падсумаваў вынік сустрэчы - 1:0.
Наш цяпер адзіны сапернік у барацьбе за чэмпіёнскі тытул "Іслач" у матчы, які быў раней адкладзены, адолеў "Зорку" - 4:3. А чарговая каляндарная сустрэча "Іслачы" з "Беліта-Вітэкс" перанесена. Такім чынам у лідара, нашага "Нёмана-Агра", цяпер на рахунку 59 ачкоў. 55 ачкоў у "Іслачы", але футбалісты з Мінскага раёна маюць гульню ў запасе.
Да заканчэння першынства Міншчыны засталіся два туры. У нядзелю нашы ў Дзераўной прымаюць "Зорку" з Пухавіцкага раёна, якая займае пазіцыю ў сярэдзіне турнірнай табліцы. І наступны, самы грозны сапернік - гэта ўздзенская "Беліта-Вітэкс". Спатыкнуцца на фінішы ніяк нельга, толькі перамогі ў гэтых двух матчах гарантуюць стаўбчанам захаванне і па выніках сёлетняга сезона чэмпіёнскага тытулу.






