Дзясятка для мамы
Нумар - №198-200 Рубрыка - Адукацыя
14.10.2011
Цэлы калейдаскоп самых розных па змесце і форме мерапрыемстваў адбываецца на гэтым тыдні ў школах раёна. І ўсе яны прысвячаюцца самаму дарагому для кожнага школьніка чалавеку - маме.
Нававёскаўская школа прапанавала вучням пагутарыць аб сямейных рэліквіях. У ходзе гэтага мерапрыемства выплылі цэлыя гісторыі, якія з цікавасцю былі ўспрыняты ўсімі.
У Вішнявецкай школе ўдалася акцыя "Дапамажы маме". Вучні праявілі клопат не толькі пра сваіх мам, але і аказалі шэфскую дапамогу састарэлым вясковым жанчынам, павіншавалі іх з Днём маці. Увагу прыцягнула фотавыстава ў школе "Лепшай мамы не знайсці", а таксама галерэя творчасці "Любай матулі".
У Коласаўскай сярэдняй школе мамы і бабулі прыйшлі на класныя гадзіны. Іх, канешне ж, гасцінна сустракалі ў навучальнай установе. Тэматычны тыдзень уключыў таксама акцыю "Дзясятка для мамы".
У Налібацкай СШ выдатна падрыхтаваны вусны часопіс "Жанчына ў гісторыі Беларусі". Гэтая тэма дала магчымасць вучням пазнаёміцца з тымі асобамі, хто пакінуў ў гісторыі нашай краіны глыбокі след і ўшаноўваецца не адным пакаленнем беларусаў. Прайшлі і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, пасяджэнне за круглым сталом дало магчымасць пагутарыць аб маміных прафесіях.
Вучні Цеснаўской сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага напісалі пісьмо для мамы "Дзякуй табе, дарагая матуля". У свае радкі яны ўклалі ўсю пяшчоту і любоў да сваіх мам. Акрамя таго былі праведзены вусны альманах "Матчына сэрца - сонца", марафон падзякі матулі, урок-разважанне "Будзем вечна праслаўляць жанчыну, каму імя - маці" і іншыя мерапрыемствы.
У многіх школах раёна былі выпушчаны святочныя сценгазеты, прайшлі конкурсы на лепшы букет, малюнкаў, вершаў, сачыненняў, мастацкіх вырабаў, адбыліся канцэрты-ўшанаванні, паэтычныя гасцёўні, аўкцыёны добрых спраў, інфармацыйныя гадзіны.
Падзякай за ўсе старанні вучняў і настаўнікаў былі мілыя ўсмешкі мам.






