Крос па лясных дарожках
Нумар - №198-200 Рубрыка - Спорт
15.10.2011
Не вызначальнае, але ўсё ж важнае значэнне для спартсмена мае і месца, арэна правядзення спаборніцтваў. Стадыён - гэта зразумела, але ёсць дысцыпліны, дзе яго рамкі цеснаватыя. Скажам, лёгкаатлетычны крос. І тут траса часцей пралягае, так бы мовіць, на прыродным улонні.
Спаборніцтвы асенняга лёгкаатлетычнага кросу па праграме ХХІV спартакіяды школьнікаў упершыню праводзіліся не ў паркавай зоне, а ў лясным масіве на жывапісным беразе Нёмана. Вясёлая гамонка рабят суцішылася, калі прагучала каманда: "На старт!"
Пераможцаў і прызёраў выяўлялі па ўзроставых групах. Прытым упершыню ў гэтым годзе сваё спартыўнае ўменне праявілі самыя маладзенькія - хлопцы і дзяўчаткі, якім па дзесяць гадоў. Пэўна, заўсёды будуць захоўваць свае першыя спартыўныя прызы Кацярына Калоша, Аляксандра Аксінчыц, Святлана Пугач, Сяргей Жолік, Максім Яўсейчык і Арсеній Гаптар.
Затым настала чарга на год-два старэйшых за іх дзяцей. Тут месцы на прызавым п'едэстале размеркаваліся так: Вераніка Высоцкая, Вераніка Гуйван, Таццяна Бычынская, а таксама Сяргей Шастак, Андрэй Лябедзька, Валерый Марцінкевіч. Назавём прызавыя пазіцыі і вучняў 1997-98 гадоў нараджэння: Кацярына Тарасевіч, Таццяна Стула, Лаліта Чавельча, Яўген Рачок, Антон Васілеўскі, Аляксандр Уласік.
Калі рабяты малодшай і сярэдняй груп адольвалі дыстанцыю 1000 метраў, то для старэйшай групы пакінулі такую ж адлегласць дзяўчатам, а хлопцы беглі па трасе агульнай працягласцю два кіламетры. Тут вызначыліся ўжо даволі спрактыкаваныя юныя спартсмены. Гэта Аксана Нягоцька, Юлія Станкевіч, Паліна Грыб, Юрый Марцінкевіч, Аляксей Раткевіч, Мікалай Крывулька.
Агульнакаманднае першае месца заваяваў калектыў СШ № 3 г. Стоўбцы, другое - Старасвержанскай СШ і трэцяе - Тонаўскай СШ. Назавём і школы, чые выхаванцы ўвайшлі ў лік прызёраў у індывідуальным заліку: Засульская, Коласаўская, Цеснаўская, Мікалаеўшчынская, Вішнявецкая, Любкаўшчынская, Аталезская, Дзераўнянская, Заямнаўская, Рочавіцкая.






