На прадпрыемствах Стаўбцоўшчыны
Нумар - №198-200 Рубрыка - Прамысловасць
15.10.2011
ДАРМ ПРАЦУЕ АД ПІНСКА
Выйшаў загад аб утварэнні адасобленага структурнага падраздзялення "Рамонтна-механічныя майстэрні станцыі Стоўбцы" у складзе доследнага завода пуцявых машын г. Пінска Беларускай чыгункі.
Так па-новаму называецца былы ДАРМ. У сувязі з рэарганізацыяй плануецца, што ў бліжэйшы час яго калектыў будзе займацца рамонтам снегаўборачных машын, а ў перспектыве - рамонтам усёй пуцявой тэхнікі. Пакуль працягваецца "пераходны" перыяд, таму рамонтнікі задзейнічаны больш на індывідуальных заказах. Паступаюць яны як ад суб'ектаў гаспадарання, так і ад насельніцтва. Напрыклад, вырабляюць мангалы для турбазы "Высокі бераг", апоры для газавых труб для Стоўбцыгазбуда, кантэйнеры для прамасленага рыззя для Беларускай чыгункі і інш. Жыхары раёна заказваюць у рамонтна-механічных майстэрнях вароты, брамкі, слупы на агароджы і іншыя, патрэбныя ў гаспадарцы, рэчы. З пачатку года насельніцтву аказана платных паслуг у 2,6 раза больш, чым прадугледжана планавым заданнем.
У цэлым па прадпрыемстве за 9 месяцаў 2011 года рост аб'ёмаў прадукцыі ў супастаўных цэнах фактычна склаў 119 працэнтаў, а выручка ад яе рэалізацыі - 2,5 мільярда рублёў (пры планавым паказчыку амаль 2 мільярды рублёў).
ТОРФ ЛЯ РЭЧКІ ШУРА
Торфабрыкетчыкі раёна рыхтуюць праект па адводзе новых палёў для торфараспрацоўкі.
Тарфяны масіў плошчай 250 га размешчаны ў раёне вёскі Дружная, акурат уздоўж рэчкі Шура. Ён размешчаны значна бліжэй, чым урочышча Хмелішча, адкуль заводцы сёння дабываюць сыравіну і патэнцыял якога ўжо фактычна вычарпаны. Плануецца, што наступны сезон нарыхтовак будзе на гэтым урочышчы апошнім.
А здабыча торфу на новых тарфяных палях, набліжаных да вытворчых цэхаў, станоўча паўплывае на рэнтабельнасць і іншыя эканамічныя паказчыкі дзейнасці ААТ "ТБЗ "Нёман".
АСФАЛЬТ З МІНУСАМ
Філіял КУП "Мінскаблдарбуд" - "ДРБУ № 135" ужо выпусціў сёлета амаль 15 тысяч тон асфальтабетону, з дапамогай якога нашы дарогі і вуліцы сталі больш камфортнымі і сучаснымі.
Для выпуску гэтай неабходнай для добраўпарадкавання прадукцыі ў ДРБУ працуе свой асфальтабетонны завод. Сёлета ў сувязі з пагоднымі ўмовамі запушчаны ён быў значна раней, чым у мінулыя гады, - яшчэ ў сакавіку. Як правіла, сезон яго дзейнасці працягнецца да лістапада, да наступлення маразоў.
Эфектыўнасць работы завода, пераведзенага з мазуту на газ, вымяраецца і паказчыкам энергазберажэння. У гэтым годзе ён дасягнуў узроўню мінус 14,5 працэнта.
ДЛЯ СТАЎБЦОЎСКІХ ПАШТЭТАЎ
На Стаўбцоўскі мясакамбінат паступіла першая частка абсталявання для выпуску паштэтаў.
Прадпрыемства набыло за ўласныя сродкі паштэтную лінію польскай вытворчасці для адкрыцця новага віду дзейнасці. У ім перапрацоўшчыкі, якія ўжо асвоілі сотні найменняў каўбасных вырабаў самых розных відаў, паўфабрыкатаў, бачаць вялікія перспектывы. Да канца бягучага года плануецца зманціраваць лінію ў поўным аб'ёме і выпусціць першую прадукцыю.






