Падзеі і здарэнні
Нумар - №198-200 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
15.10.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэннні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Альбіне Барута, Яўгеніі Паляшчук, Нэлі Разанцавай, Ангеліне Ваўчок, Мікалаю Ксяневічу і Ксеніі Святагор.
Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека.
У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Працягваецца месячнік пажарнай бяспекі ў жылым сектары, і на гэтым тыдні, як вядома, пачынаецца чарговы ацяпляльны сезон. Яго пачатак -самы небяспечны ў пажарным плане. Уладальнікам дамоў неабходна звярнуць увагу на стан ацяпляльнай сістэмы, наяўнасць у ёй вады, спраўнасць засавак, кранаў і вентканалаў, а таксама на навядзенне парадку ў топачным памяшканні.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы дзве службовыя асобы з Дзяржынскага раёна, якія займаліся незаконнай здабычай сажалкавай рыбы на філіяле "Хатава" ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі". З дапамогай чатырох вудаў, на забароненай для лоўлі сажалцы, без дазвольнага білета на права рыбалкі яны вылавілі 17,5 кг рыбы. Правапарушальнікі аказалі непадпарадкаванне і спрабавалі ўцячы. Адзін з затрыманых ужо прыцягваўся ў 2009 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне. Чацвёра работнікаў турбазы "Высокі бераг" у рабочы час зладзілі з дапамогай невада незаконную здабычу рыбы на старыцы ракі Нёман. Іх улоў склаў 43 кг. У браканьерскую сетку трапілі шчупакі, плоткі, акуні, ліні, гусцеры, чырванапёркі, ляшчы, язі, карась срэбны і ёрш. Навакольнаму асяроддзю нанесены страты ў асабліва буйным памеры - амаль на 10 мільёнаў рублёў. Вядзецца следства.
Пракуратурай раёна разгледжаны тры грамадзянскія справы: аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый, аб высяленні са службовага жылля без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным.
Суд прыгаварыў да штрафу ў памеры 1 мільён 750 тысяч рублёў 22-гадовага жыхара Залужжа, які неаднаразова наносіў пабоі сваёй сужыцельцы. Стаўбчанін і яго сужыцелька аштрафаваны на 175 тысяч рублёў кожны за незаконнае ажыццяўленне валютна-абменных аперацый: на АЗС "Юнайтэд-компані" яны ўзялі 320 еўра ў вадзіцеля, грамадзяніна Сербіі, каб заправіць яго фуру. Еўра - прадмет незаконнай здзелкі - канфіскаваны. За хуліганства на рабочым месцы пакараны штрафам у памеры 70 тысяч рублёў 42-гадовы слесар ААТ "Радзіма Якуба Коласа".
ДАІ праводзіць з 10 па 20 кастрычніка аперацыю "Вучэбны аўтамабіль". У сувязі з ростам дарожных аварый (за 9 месяцаў 2011 года на дарогах раёна загінулі 13 чалавек і 39 - паранены), актуальнымі застаюцца павышэнне якасці падрыхтоўкі вадзіцельскіх кадраў, умацаванне дысцыпліны сярод майстроў вытворчага навучання і ўзмацненне кантролю за правядзеннем практычных заняткаў у аўтавучэбных арганізацыях згодна з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў.
"Хуткая" выязджала да хворых 205 разоў, у прыватнасці, 14 сігналаў паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем.






