мобильная версия
Прамень

Футбол з імпэтам Коласа

Нумар - №201-202    Рубрыка - Спорт

18.10.2011

Фотография 1

Ці любіў Колас футбол? Пытанне, якое паставіць у тупік самага дасведчанага знаўцу і біяграфіі, і творчасці нашага вялікага земляка. Але пасля разваг прыходзіш да вываду: нішто чалавечае не было і яму чужое. Тым больш для таго, хто вёў актыўны лад жыцця, вельмі любіў бавіць вольны час на прыродзе, пешыя прагулкі. Добра гуляў ён у шахматы.

Што ж датычыць сталых спартыўных заняткаў, то ў гады ягонай маладосці яны ўсё ж былі справай выбраных. А вось Коласавы сыны актыўна займаліся спортам. Юрка, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай, быў прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па стэндавай стральбе. Званне майстра спорту мае і малодшы сын Коласа шаноўны Міхась Міцкевіч.

Што датычыць самога Якуба Коласа, то ёсць сведчанні, што ён жыва цікавіўся спортам, які актыўна развіваўся пасля вайны ў Беларусі. Ганарыўся поспехамі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях, іншых міжнародных спаборніцтвах. Не мінаў і сталічнага стадыёна "Дынама", калі там праводзіліся адказныя футбольныя матчы. З цікавасцю слухаў спартыўныя рэпартажы па радыё і часам глядзеў па тэлебачанні, якое ў гады яго жыцця ўжо з адмысловай тэхнічнай навінкі паступова ўваходзіла у побыт грамадзян. Духоўна багаты, эмацыянальна чулы, фізічна актыўны чалавек і ў сталыя гады ніяк не мог лічыць спорт чужародным заняткам.

Такая прадмова зусім невыпадковая. Відавочна, меў падставы знакаміты ў раёне Анатоль Грэкаў, які разам з дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідай Камароўскай прапанавалі нашаму спорткамітэту арганізаваць футбольны турнір. І менавіта прысвечаны памяці Якуба Коласа.

Якраз адзначаецца і стагоддзе беларускага футбола. І таму дарэчы быў таксама вымпел-эмблема УЕФА, замацаваны пры зальнай прасторы пляцоўкі са штучным пакрыццём стадыёна "Юнацтва". Іменна тут у атмасферы повязі часоў футбольнай гісторыі і разгарнулася дзейства турніру.

Спартыўныя вынікі тут важныя, але не вызначальныя. Сабраліся дзіцячыя каманды па міні-футболе Нясвіжскага, Уздзенскага, Дзяржынскага, Клецкага і нашага раёнаў, які быў прадстаўлены двума калектывамі - райцэнтра і Наваколасава. Хлопчыкі, у асноўным выхаванцы ДЮСШ, якім па адзінаццаць-дванаццаць гадоў, з азартам ганялі мяч, дакладна пасавалі, трапна білі па варотах, радаваліся галам і перамогам. Турнір па міні-футболе хуткацечны. Першынство і галоўны прыз заваявалі нашы суседзі з Узды. Памятныя сувеніры атрымалі і ўсе каманды-ўдзельніцы.

Пераканаўча было даказана: такія турніры патрэбны. А новаму, Коласаўскаму, пакладзены пачатак, каб правядзенне яго стала традыцыйным. І зноў у пацвярджэнне роднасці спорту і літаратуры, мастацтва. Творчасць, здаровы дух, эмацыянальны настрой - усё тут прысутнічае.

Ф. ФЯДОТАЎ